Прозвішча Роўда добра вядомае смаргонскім старажылам. У Смаргонь з эвакуацыі пасля Першай сусветнай вайны вярнуліся бацькі будучага дырыжора. Пасяліліся ў хаце з двума пакоямі. Адзін з іх абсталявалі пад царкву, а ў другім 10 лістапада 1921 года з’явіўся на свет хлопчык. Пазней Віктар Уладзіміравіч не раз гаварыў пра тое, што нарадзіўся “на парозе храма”.

Бацька Віктара Роўды больш за 40 гадоў служыў святаром у Смаргоні. Яго стараннямі былі пабудаваны чатыры царквы. Адна з іх — у Рыбаках — працуе і цяпер. Віктар Уладзіміравіч нават у гады атэізму не ўтойваў, што ён — сын святара.

Усё пачалося з камертона

Любоў да музыкі і спеваў у Віці праявілася рана. Пяцігадовы малы прасіў бацьку разбудзіць яго апоўначы, каб паслухаць па радыё выступленне Фёдара Шаляпіна. Неўзабаве хлопчык стаў займацца на скрыпцы. Пазней у рабоце з хорам Віктар Роўда дамагаўся амаль “скрыпічнага” спеўнага гучання — такога ж выразнага, гнуткага, бясконцага ў сваёй працягласці.

Два гады Віктар вучыўся ў смаргонскай школе, у дзевяць гадоў паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе шмат увагі надавалі музыцы. Семінарысты спявалі ў хоры. Восенню 1936-га, калі Віктару было амаль 15 гадоў, рэктар семінарыі падарыў яму камертон і прызначыў рэгентам семінарскага хору ў час будных богаслужэнняў. З таго моманту пачалася дырыжорская дзейнасць Роўды. У семінарскім хоры ён пазнаёміўся з будучай жонкай Сафіяй Ваяводскай, якая стала опернай спявачкай. Восенню 1938 года Рыгор Шырма запрасіў семінарыстаў у хор, дзе збіралася беларуская моладзь, спявала беларускія песні.

Пасля вайны Віктар Роўда паступіў адначасова на медыцынскі факультэт Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў Віленскую кансерваторыю. Слова “доктар” у адносінах да Віктара Роўды можна разглядаць у двух значэннях: урач і доктар навук.

“Маёй спецыялізацыяй была траўматалогія. Але ж праходзілі мы ўсе дысцыпліны, дый практыкі не цураліся, я і роды, здаралася, прымаў, — успамінаў Віктар Уладзіміравіч. — А пачалася гэта зацікаўленасць медыцынай яшчэ з ваенных гадоў. У 1942 — 1943 гадах у нямецкай акупацыі ў Вільні падпольна быў адкрыты медінстытут. Там я і займаўся. Немцы даведаліся, прыехалі з аблавай. Я схаваўся за сасудамі з фармалінам, прасядзеў там некалькі гадзін — так і выратаваўся”.

Калі гаварыць пра доктара навук, то афіцыйна Віктар Роўда — кандыдат мастацтвазнаўства, але назапашаныя веды і вопыт дазваляюць назваць яго доктарам у кубе. Кандыдацкую дысертацыю ён абараніў пасля аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі, куды ў 1951 годзе Віктара запрасіў Аляксандр Свешнікаў.

“Самым моцным маім сябрам быў Аляксандр Васільевіч Свешнікаў, рэктар Маскоўскай кансерваторыі. Велічыня! Шэсць гадоў я быў у яго аспірантам. Аднойчы ён падарыў фота, якое падпісаў: “Віцю Роўду. На доўгую памяць і ў знак вялікай дружбы і сімпатыі”, — у словах дырыжора добра прачытваўся гонар за такое сяброўства.

У Маскве Роўда выкладаў у кансерваторыі і працаваў хормайстрам у Дзяржаўным акадэмічным рускім хоры СССР, а таксама хормайстрам хору хлопчыкаў Маскоўскага харавога вучылішча і Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі. А ў 1956 годзе сваю кіпучую творчую энергію паказаў у хормайстарскай рабоце з Дзяржаўнай капэлай БССР, якой дагэтуль кіраваў Рыгор Шырма.

Амаль паўстагоддзя

Педагагічная дзейнасць Віктара Роўды ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе ён адпрацаваў амаль паўстагоддзя, праявілася ў трох кірунках: загадчык кафедры, кіраўніцтва студэнцкім хорам і вядзенне класа па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. За гады работы са студэнцкім хорам (з 1961 года) праз яго школу прайшлі больш за 800 хормайстраў, яго вучні кіруюць царкоўнымі і прафесійнымі харавымі калектывамі, выкладаюць музыку і спевы дзецям.

“Сама постаць маэстра выклікала павагу і гонар. Віктар Уладзіміравіч нёс сябе прыгожа, годна і высакародна, — кажа скульптар Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. — Аднойчы мне давялося прысутнічаць на занятках у маэстра. Мы дамовіліся сустрэцца ў аўдыторыі. Невялічкае памяшканне, у якім стаяла піяніна, пюпітры з нотамі і два крэслы. На адным з іх, крыху прыўзнятым ад падлогі, сядзеў маэстра. На занятках была адна дзяўчына, з якой настаўнік вёў дыялог, даваў парады, слухаў, сам спяваў, рабіў заўвагі, зноў слухаў… Здавалася, што перада мной не прафесар музыкі, а доктар, які музычным паветрам лечыць сваю пацыентку, каб тая магла шырока і вольна дыхаць мелодыяй. Такія ўрокі трэба было здымаць на відэа і прапаноўваць для прагляду студэнтам і педагогам музычных устаноў”.

“Хор — справа тонкая, багатворная”

Хор Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1968 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у студэнцкім свяце Gaudeamus у Вільнюсе. Роўду давялося дырыжыраваць зводным пяцітысячным хорам. Прафесар Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра Повілас Гіліс, адзін з пастаянных арганізатараў свята песні ў Літве, дзяліўся сваімі ўражаннямі: “Што сказаць пра Віктара Уладзіміравіча як пра дырыжора на гэтых святах? Ён валодаў Божым дарам… І на рэпетыцыі, і на канцэрце прафесар Роўда праяўляў сябе як выканаўца самага высокага класу”.

Канцэртны хор студэнтаў акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Віктара Роўды дасягнуў значных поспехаў. У 1995 годзе гэты харавы калектыў заваяваў Гран-пры на Першым міжнародным фестывалі хароў у Кішынёве. У 1997-м быў удастоены двух кубкаў і трох залатых дыпломаў на ІІ Міжнародным конкурсе хароў у Германіі, дзе таксама атрымаў вышэйшую ўзнагароду — прэмію “Оскар”, а таксама Гран-пры на XVI Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Польшчы.

У шматлікіх інтэрв’ю Віктар Роўда адзначаў: “Хор — справа тонкая, зграбная. А галоўнае — багатворная. Кожнае слова, праспяванае хорам, мае сваю вагу, свой сэнс, які ў харавым выкананні набывае дадатковую энергетыку і ўздзеянне на слухачоў”. Ад кожнага выканаўцы ён патрабаваў выразнай дыкцыі, вострага пачуцця рытму, крыштальнай чысціні інтанацыі і жывога характару.

З 1965 года Віктар Роўда стаў працаваць яшчэ і галоўным дырыжорам, мастацкім кіраўніком акадэмічнага хору Беларускага тэлебачання і радыё. Напрыканцы 1960 — пачатку 1970-х гадоў Уладзімір Церабун вучыўся ў мастацкім інстытуце. “На той час штогод у пачатку красавіка ў філармоніі праходзіў канцэрт-справаздача аб’яднанага хору кансерваторыі, а таксама радыё і тэлебачання. Кіраваў гэтымі калектывамі Віктар Роўда. Зала поўная. Такія канцэрты былі святам у музычнай культуры рэспублікі. Для сябе я адзначаў, як маэстра Роўда дырыжыруе. Я ніколі не бачыў размахвання рук і хістання яго постаці. Ён трымаў рукі перад сабой і кіраваў хорам пальцамі і вуснамі, мімікай. Які высокі ўзлёт і майстэрства! Якая высокая культура адносін да музыкі! Роўда-дырыжор валодаў каласальнай сілай уздзеяння на хор. Гэта быў свайго роду магнетызм, мацнейшая энергетыка, якая ішла ад дырыжора, усяго аблічча яго фігуры, выразу твару, рухаў рук і пальцаў. Пры гэтым яго дырыжорскі жэст вылучаўся скупасцю, сабранасцю, лаканізмам — хор быў тым інструментам, на якім Віктар Роўда граў кожны дзень. На адным з канцэртаў, бліжэй да заканчэння, большая частка хору пакінула сцэну — і паўза… За невялікі прамежак часу артысты раздзяліліся на чатыры хары. Адзін, разам з дырыжорам, застаўся на сцэне, іншыя размясціліся ў левым крыле філармоніі, у правым і на балконе, а потым усе разам пачалі спяваць песню «Ляціце, галубы, ляціце». Гэта быў нейкі цуд стэрэафанічнага гучання харавога спеву. Такое не забываецца”.

Галіна АНТОНАВА, Смаргонь.

Фота з архіва

Алены БУЛАВАЙ

і Уладзіміра ЦЕРАБУНА.