Умацоўваючы падмурак мінулага

Апублiкавана: 06 лютага 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Далейшыя крокі па ўвекавечанні гераічнага мінулага Беларусі абмеркавалі 1 лютага на пасяджэнні Савета па гістарычнай палітыцы. 

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў створаны распараджэннем Кіраўніка дзяржавы год таму — 4 лютага 2022-га. 

— За гэты час зроблена нямала ў плане захавання гераічнага мінулага, выпрацоўкі падыходаў ацэнкі розных перыядаў гісторыі, захавання культуры і традыцый беларускага народа, — адзначыў падчас пасяджэння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка. — Пэўны аб’ём работ праведзены па ўдасканаленні школьнай і вышэйшай адукацыі. Гэта і выданне новых падручнікаў, увядзенне курса “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Пэўная ўвага ўдзялялася такой тэме, як музеязнаўства, арганізацыя выстаў. Унесена лепта саветам у разгляд закона, які ўжо ўступіў у сілу і рэгламентуе дзейнасць у гэтым напрамку: і ў сферы экскурсій, і музейных экспазіцый. Шэраг іншых пытанняў, у тым ліку — як аб’екты нашай гісторыка- археалагічнай спадчыны выкарыстоўваць і ў экскурсійнай дзейнасці, і ў выхаванні моладзі. Сёлета работа будзе прадоўжана. 

І задач пастаўлена шмат. Адна з галоўных — стварэнне, аднаўленне і рэканструкцыя аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Навукоўцы, палітолагі, мастацтвазнаўцы, кіраўнікі ВНУ ўпэўненыя, што падмурак гістарычнага мінулага трэба ўмацоўваць, тым больш калі ў суседніх заходніх краінах варварскімі метадамі спрабуюць яго знішчаць. Попыт на праўду ў нашым грамадстве па-ранейшаму высокі. Мэтазгодна выдаваць новыя дапаможнікі, развіваць патрыятычны турызм, здымаць фільмы, бо ёсць аб чым расказаць: устаноўленыя новыя факты пра Вялікую Айчынную вайну. 

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, абласным выканаўчым камітэтам агучаны канкрэтныя задачы. Савет працуе на грамадскіх пачатках, таму яго члены вызначыліся па вузлавых напрамках. А напаўненне мерапрыемстваў — гэта ўжо справа часу. 

— Адна з галоўных задач — выпрацоўка адзіных падыходаў па ацэнцы нашай гісторыі. Адпаведна, укараненне іх у жыццё: і ў адукацыю, і ў выхаваўчы працэс, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.