Дасягненні і перспектывы сталічнай культуры

Апублiкавана: 07 лютага 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Эфектыўнасць работы ўстаноў культуры Мінска абмеркавалі на выязной нарадзе Міністэрства культуры, якая адбылася 1 лютага ў канцэртнай зале “Верхні горад”. У пасяджэнні ўзялі ўдзел міністр Анатолій Маркевіч, яго намеснікі, супрацоўнікі апарату міністэрства, прадстаўнікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і кіраўнікі сталічных устаноў культуры. 

Нараду правялі па выніках наведвання кіраўніцтвам і работнікамі апарату міністэрства культурных устаноў сталіцы ў снежні 2022 года. Тады прайшлі сустрэчы з працоўнымі калектывамі, прамыя тэлефонныя лініі, прыём грамадзян. Таксама быў вывучаны матэрыяльна-тэхнічны стан і іншыя напрамкі дзейнасці 60 арганізацый сферы культуры, у тым ліку 25 бібліятэк, 17 дзіцячых музычных школ, 8 кінатэатраў, 3 тэатраў, 3 музеяў альбо іх філіялаў, Мінскага гарадскога палаца культуры, Нацыянальнай школы прыгажосці, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі і Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння. 

З асноўным дакладам-аналізам работы ўстаноў культуры Мінска выступіла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч. Супрацоўнік ведамства ўдакладніла, што сетка культурных арганізацый сталіцы, падпарадкаваная ўпраўленню, прадстаўлена Мінскім гарадскім палацам культуры, двума музеямі і дзвюма сістэмамі бібліятэк, публічных і дзіцячых, у якія ўваходзяць 43 арганізацыі. Метадычнае кіраўніцтва клубнай дзейнасцю і непрафесійнымі аматарскімі калектывамі ажыццяўляе “Мінскканцэрт”, на які ўскладзеная функцыя метадычнага суправаджэння ўстаноў клубнага тыпу. 

Падчас вывучэння работы музеяў гарадскога падпарадкавання вы¬ светлена, што план па колькасці наведванняў, вызначаны Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, перавыкананы ў 2022 годзе ўдвая. Усе музейныя прадметы асноўнага фонду ўнесеныя ў электронныя каталогі. 

Колькасць чытачоў у бібліятэках Мінска ў 2022-м павялічылася на 16 тысяч чалавек. Сярод іх і віртуальныя карыстальнікі. Лік наведванняў кніжных скарбніц у параўнанні з 2021 годам таксама вырас больш чым на 70 тысяч. Акрамя таго, у сталіцы працуе бібліятэка, якая абслугоўвае ў тым ліку людзей з праблемамі зроку: 525 з 2191 карыстальніка гэтай установы з’яўляюцца інвалідамі па зроку. Для іх даступныя кнігі з рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, агучаная літаратура і выданні з узбуйненым шрыфтам. 

Таксама была разгледжана арганізацыя адукацыйнага працэсу ў сферы культуры. Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Марына Юркевіч звярнула ўвагу на пэўны дысбаланс у размеркаванні дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ па раёнах Мінска, на размяшчэнне побач устаноў падобнага профілю. Яшчэ абгаворвалася работа сістэмы кінапракату, матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне арганізацый сферы культуры, перспектывы іх развіцця. 

У цэлым работа культурных устаноў сталіцы прызнана паспяхо¬ вай, а для вырашэння пэўных праблем падрыхтаваны адпаведныя даручэнні.