Чуць сэрцам. Леанід Гарадзецкі пра акцёрскую інклюзіўнасць

Апублiкавана: 08 лютага 2023 Стужка Тэатры Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Здаецца, кожны з нас можа дэманстраваць свой эмацыйны стан праз міміку і жэсты. Ды толькі “агучваць” эмоцыі ідэальнай пластыкай цела, адчуваць літаральна скурай прыхаваны нюанс думкі, а слова чуць непасрэдна сэрцам наканавана лёсам не ўсім. Такі індывідуум ёсць не проста таленавітай асобай — а таленавітай удвая. Акцёр Леанід Гарадзецкі, чалавек з парушэннямі слыху, — з кагорты сапраўдных стоікаў, якія абавязкова дасягаюць здзяйснення сваёй мары. Хоць гэта, зразумела, даецца няпроста… 

Ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і сёння працуе ў трупе Народнага маладзёжнага тэатра эстрады пры Рэспубліканскім Палацы культуры імя М. Ф. Шарко. Аповедам пра свой шлях станаўлення ў якасці прафесійнага акцёра, пра самаадданую любоў да сцэны і дзеліцца наш герой. 

— Леанід, ці памятаеце, пра што марылі і што вас захапляла ў дзяцінстве? 

— Паводле ўспамінаў родных, я быў шкадлівым дзіцём, але заўсёды мог пераключыцца на ўзорныя паводзіны, каб згладзіць абурэнне бацькоў. З усмешкай успамінаю, што маленькім хлопчыкам марыў стаць машыністам цягніка, як і мой бацька, але ў выніку жыццё накіравала мяне па іншым шляху. Вырас я ў гарадскім пасёлку Багушэўск і атрымаў адукацыю ў школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху ў Віцебску. 

— У 2018 годзе Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў стварыла першы эксперыментальны інклюзіўны курс для артыстаў з парушэннямі слыху. Вы трапілі ў шасцёрку шчасліўчыкаў, якія змаглі наблізіцца да сваёй мэты і сталі прафесійнымі акцёрамі. Раскажыце больш дэталёва пра працэс навучання. 

— Падчас навучання ў акадэміі мне было прыемна і карысна тое, што са мной камунікавалі студэнты, якія чуюць, з паралельных курсаў. Можна сказаць, адкрываў і спасцігаў з задавальненнем для сябе такія дысцыпліны, як майстэрства акцёра, сцэнічны танец, псіхалогія. Яны ў корані змянілі маю ўнутраную філасофію. Неад’емнай і самай важнай часткай уласнага станаўлення стаў студэнцкі калектыў, з якім іншым разам мы перажывалі вельмі складаныя часы. Але дзякуючы сваім калегам я ўсвядоміў простую ісціну: сіла ў нашым адзінстве. Такога каласальнага прагрэсу група дасягнула з дапамогай майстра інклюзіўнага курса, дацэнта кафедры майстэрства акцёра Сяргея Кулажэнкі. Яго праца, парады і цярплівасць ляпілі з нас будучых прафесіяналаў і зрабілі роднымі людзьмі. Такім чынам, у 2022 годзе я атрымаў дыплом з пазнакай “акцёр драматычнага тэатра і кіно”. 

— Шматгадзінныя рэпетыцыі, чытанне сцэнарыя для вас — звычайная справа. Якім чынам трупа рыхтуецца да спектакля? І якія этапы праходзіць кожны акцёр? 

— Спачатку гэта пошук гісторыі! Мы практычна заўсёды ўключаем “рэжым назірання”. Напрыклад, звычайная паездка ў транспарце ператвараецца ў вывучэнне паваротаў галавы, міжвольных рухаў цела, эмоцый, якія ўзнікаюць на тварах людзей, што акружаюць цябе. Звыклыя сітуацыі робяцца “ключыкамі” да нетрывіяльнага прачытання і перадачы сюжэта. 

Далей прыступаем да знаёмства са сцэнарыем, падчас якога рэжысёр размяркоўвае ролі. Пачынаецца ажыўленая гутарка за круглым сталом, дзе мы абмяркоўваем персанажаў, іх характары, выгляд, звычкі, стасункі з іншымі героямі. Акцёр абавязкова павінен быць добрым псіхолагам. Без “расшыфроўкі” ўнутранага свету чалавека на сцэне рабіць няма чаго. Потым пачынаецца напружаная штодзённая праца: рэпетыцыі ў руху, з завучаным тэкстам, распрацоўка мізансцэн, падрыхтоўка касцюмаў і атрыбутаў. 

У цэлым праца на сцэне — гэта розныя варыянты ў пошуках дакладнага характару персанажа, перадачы паходкі, жэстаў, завучванне новага і паўтор ужо пройдзенага. Па адчуваннях акцёры жывуць у двух паралельных вымярэннях: штодзённым і новым, звязаным з героем пастаноўкі, якога імкнуцца паказаць. 

Самы хвалюючы і трывожны час — генеральныя прагоны і прэм’ера спектакля. Гэта неверагодна натхняе на новыя здзяйсненні ці на працу над памылкамі. 

— Леанід, вы ўдзельнічалі ў тэатральных пастаноўках “Пра каханне і не толькі”, “Мы — першыя”, а таксама паспелі зняцца ў кароткаметражным фільме “Аднойчы была Зямля”. Як вы адчувалі сябе ў час здымак? 

— З рэжысёрам Кірылам Халецкім я пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы ў акадэміі. Цяпер яго ўспрымаю не як чалавека са свету кіно, а ў якасці майго сябра. Для стварэння сваёй другой кароткаметражкі ён запрасіў нас з калегамі. Здымкі праходзілі ў полі, калі на вуліцы было дажджлівае надвор’е. І маё сэрца сагрэлі не гарачыя напоі, якімі нас частавалі на пляцоўцы, а праца ўсёй здымачнай групы. У працэсе супольнай дзейнасці я пранікся ўдзячнасцю і дабрынёй да гэтых людзей, бо атрыманы досвед падарыў мне выразнае разуменне: я буду акцёрам. 

— Вы працуеце ў Рэспубліканскім Палацы культуры імя М.Ф. Шарко. Раскажыце пра сваё развіццё ў сценах гэтай творчай прасторы. 

— Я артыст і, вядома ж, выступаю на сцэне з творчымі нумарамі. Не толькі мяне, але і мой калектыў запрашаюць на розныя мерапрыемствы, дзе нас заўсёды рады бачыць. Мяне вельмі моцна натхняе гэтая дзейнасць, і я радуюся таксама, калі пасля выступлення гледачы застаюцца пад уражаннем і з усмешкай на твары. 

Як няма аднолькавых людзей, так няма і аднолькавых праблем у людзей з інваліднасцю па слыху. Нехта выдатна адаптаваны і не мае неабходнасці ў дапамозе, у некага жыццёвы старт атрымаўся меней удалым, таму яго патрэбы і запыты больш шырокія.

У будучыні мару рэалізаваць сур’ёзную задуму: хачу адкрыць дзіцячы тэатр-студыю. Чым раней дзеці пачнуць сустракацца з прыгожым, развіваць уяўленне, трэніраваць увагу і спрабаваць стварыць нешта сваімі душэўнымі сіламі, тым больш устойлівым будзе наш свет. Акрамя таго, дзеці таксама могуць навучыць нас шмат чаму — таму, пра што дарослыя зусім забыліся ў будзённай мітусні. 

— З якімі праблемамі можа сутыкнуцца чалавек з парушэннямі слыху ў Беларусі? 

— Першае і самае важнае— стасункі ў соцыуме. Людзі з парушэннем слыху гэтак жа адчуваюць, пакутуюць, цешацца і здольныя як да альтруізму, так і да асацыяльнасці. Усё залежыць ад атачэння, асяроддзя, паразумення і павагі. Самае простае — усміхнуцца і сказаць два-тры словы на жэставай мове: “Прывітанне!”, “Дзякуй!”, “Чым дапамагчы?” 

Другое — сістэма вышэйшай адукацыі не надта прыязная да глухога чалавека. Яму пашанцуе, калі ён зможа вучыцца ў складзе створанай групы для такіх жа людзей з парушэннем слыху і з якімі будзе паўсюдна перакладчык. Але ў большасці выпадкаў на этапе апошняй ступені навучання чалавек з інваліднасцю па слыху ўжо вымушаны выплываць самастойна. Прыкладаць больш намаганняў да самаадукацыі і праходжання навучальнай праграмы, чытання з вуснаў, вядзення канспектаў, пошуку інфармацыі. І добра, калі яго ў гэтым падтрымлівае не толькі сям’я. 

Трэцяе — працаўладкаванне. Работадаўцам не варта баяцца браць на працу людзей з парушэннем слыху. Пры больш доўгай адаптацыі да прафесіі глухі чалавек вельмі лаяльны і адказны работнік. Мы рады, што Таварыства глухіх не пабаялася і ўзяло нас у штат Рэспубліканскага Палаца культуры імя М.Ф. Шарко. Тут склалася маладая, ініцыятыўная і творчая каманда, дзе ўсе заўсёды дапамагаюць адно аднаму, ствараюць на сцэне і па-за ёй. Як няма аднолькавых людзей, так няма і аднолькавых праблем у людзей з інваліднасцю па слыху. Нехта выдатна адаптаваны і не мае неабходнасці ў дапамозе, у некага жыццёвы старт атрымаўся меней удалым, таму яго патрэбы і запыты больш шырокія. 

— Дзякуй за шчырую гутарку. Плёну ў вашым творчым і асабістым жыцці! 

Настасся ЮРКЕВІЧ