Ёган Давід Голанд, або Правім біяграфію знакамітасці разам

Імя нямецкага кампазітара, які напрыканцы XVIII стагоддзя хвалямі лёсу быў закінуты ў Вялікае Княства Літоўскае, жыў у Нясвіжы, Паланечцы і Вільні, быў надворным капельмайстрам Радзівілаў і лічыўся аўтарам музыкі да некалькіх опер, у Беларусі на слыху. Але многае ў яго жыццярысе і па сёння з’яўляецца загадкавым, а нешта і кантраверсійным. 

БЛЫТАНІНА ПЕРШАЯ 

У 1780 годзе сын гамбургскага лекара Ёган Ота Ціс (1762—1787), малады і амбітны шкаляр, выдаў двухтомнік пад назвай “Спроба навуковай гісторыі Гамбурга”. Пералічваючы вядомых асоб, звязаных з Гамбургам, ён згадаў і Ёгана Давіда Голанда, які ў тыя часы займаў пасаду дырэктара музыкі ў галоўным храме горада, кірсе Святой Кацярыны. Паводле Ціса, нарадзіўся Голанд у “Санкт-Андрэасбергу ў 1746 годзе 15 сакавіка” (Ніжняя Саксонія). У музычных даведніках ХІХ стагоддзя месцам нараджэння кампазітара названа мястэчка Герцберг-ам-Гарц, якое амаль межавала з Андрэасбергам. А яшчэ пазней з невядомай крыніцы прыйшла і дата — 17 сакавіка (Андрэасберг), якая сёння лічыцца асноўнай. Але, на наш погляд, версія гера Ціса бліжэйшая да праўды, бо ён мусіў карыстацца “першакрыніцай”. 

Пра сям’ю да гэтага часу нічога невядома. І можа так стацца, што адбудаваць радаводнае дрэва Голандаў нам не ўдасца, бо ў 1796 годзе ў Андрэасбергу адбыўся магутны пажар, які спаліў кірху, плябанію і палову мястэчка. Пэўна, пайшлі дымам і метрычныя кнігі. Але ўдалося ўстанавіць імёны Голандаў, якія жылі там у XVIII стагоддзі (Марцін Валянцін, сын Марціна і Дарэатэі (?) Голандаў). 

ГАМБУРСКІ ПЕРЫЯД

Дзе атрымаў музычную адукацыю Голанд — невядома. Але к 1763 году ён ужо меў пэўнае рэнамэ і арганны твор, апублікаваны ў зборніку вядомага нямецкага кампазітара і тэарэтыка Ёгана Кінсбергера (вучня Ёгана Себасц’яна Баха). У 1769-м араторыяй Голанда дырыжыруе сын Баха, Філіп Эмануль. А з 1771-га наш герой стала пасяляецца ў Гамбургу, які ў тыя часы быў магутным цэнтрам канцэртна-тэатральнага жыцця. Цікава, што ў 1771-м Нацыянальным гамбургскім тэатрам стаў кіраваць сын арганіста і тэатральнай дзяячкі Фрыдрых Шродэр, выдатны актор, тэарэтык тэатра і, па сумяшчальніцтве, Вялікі Майстра Вялікай ложы Гамбурга. Маці Шродэра Сафія Бірэйхль выступала з тэатральнай трупай у Польшчы, Расіі і паўторна, пасля смерці першага мужа, узяла шлюб у Маскве з Конрадам Акерманам, выдатным акторам і заснавальнікам школы нямецкага драматычнага майстэрства. 

Палац Радзівілаў у вёсцы Паланечка

Думаецца, вандроўка Голанда ў Рэч Паспалітую ў 1782 годзе магла быць “па масонскіх каналах”. Ёсць звесткі, што, працуючы ў Швецыі, Голанд стварыў там “Масонскую сімфонію” (рукапіс захаваўся). З 1776 па 1782 (?) займаў пасаду дырэктара музыкі ў кірсе Святой Кацярыны і шчыльна супрацоўнічаў з Бахаммалодшым. У гэты час творы Голанда — араторыі, кантаты, сімфоніі і многае іншае — выконваюцца на канцэртах і друкуюцца ў зборніках. Але, нягледзячы на поспех, ён з нейкай таямнічай прычыны пакідае значную пасаду і разам з жонкай Расінай (?), спявачкай, адпраўляецца ў Варшаву. Некаторы час яны паасобку ўдзельнічаюць у культурным жыцці польскай сталіцы (звесткі датычацца толькі 1782 года), але раптам усё мяняецца. 

НЯСВІЖСКІ ПЕРЫЯД 

Не апублікавана аніводнага дакумента, дзе даследавана, калі і з якой нагоды Голанд трапіў у Нясвіж. Лічыцца, што да 1784-га і з запрашэння Караля Радзівіла Пане Каханку. І тут цікавы момант. Бо менавіта гэты перыяд прынёс яму сусветную славу як стваральніку першай беларускай нацыянальнай оперы “Агатка, або Прыезд Пана”, прэм’ера якой адбылася ў верасні 1784 года ў Нясвіжскім замку. Праўда, аўтарам музыкі да яе пры жыцці ўсіх галоўных “дзейных асоб” (Радзівілаў і тых, хто ўдзельнічаў у легендарнай пастаноўцы ў прысутнасці караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага) афіцыйна лічыўся італьянскі кампазітар Алясандра Данэзі. У тыя часы ён займаў пасаду капельмайстра ў Нясвіжы, а да таго кіраваў слонімскай капэлай гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Лічыцца Голанд і аўтарам музыкі да оперы “Чужое багацце нікому не на карысць”, якая нібыта ставілася ў Нясвіжы. Але ж і тут загадка, бо аўтарам лібрэта пазначаны Людвік Дмушэўскі, які нарадзіўся ў 1777 годзе (і фізічна нічога не мог напісаць у пачатку 1780-х). Імя Голанда на партытуры дапісана пазней іншай рукой і не атрамантам, але алоўкам. Аднак, як бы ні было, Голанд даволі доўгі час займаў пасаду капельмайстра спярша ў Нясвіжы, а пасля смерці Пане Каханку перабраўся ў Паланечку, да Мацея Радзівіла. 

ПАЛАНЕЦКІ ПЕРЫЯД

Аб тым, што Ёган Давід Голанд жыў у Паланечцы і быў капельмастрам, сведчаць два дакументы. Паводле іх, 7 чэрвеня 1797 года ў Паланецкім касцёле быў ахрышчаны Канстанцін Аляксандр, сын яснавяльможных Ёгана і Вікторыі Голандаў. Яго хроснымі сталі мясцовыя сяляне Васіль Кахановіч і Ганна Малчановіч. А 4 верасня сам Голанд стаў хросным Юзафа, сына Васіля Кахановіча. Звестак пра далейшы лёс Голанда-малодшага знайсці пакуль што не ўдалося. 

НА ВІЛЕНСКІМ БРУКУ 

На пачатку ХІХ стагоддзя з радзівілаўскай ласкі Голанду дазволілі жыць у тым самым вядомым Радзівілаўскім палацы, дзе частку прасторы займаў тэатр, а таксама жыў са сваёй сям’ёй Станіслаў і Марыя Закрэўскія, былыя акторы нясвіжскага тэатра (продкі жонкі кампазітара Станіслава Манюшкі). 

Пэўна, і не без радзівілаўскай пратэкцыі Ёган Голанд атрымлівае пасаду прафесара музыкі на факультэце літаратуры і свабодных мастацтваў Галоўнай Віленскай школы з гадавым заробкам каля 500 рублёў і пачынае тройчы на тыдзень выкладаць музыку. Школа гэтая ў 1803 годзе паводле ўказа імператара Аляксандра І была рэарганізаваная ў імператарскі Віленскі ўніверсітэт, які на 1823 год стаў найбуйнейшым універсітэтам Еўропы і Расійскай імперыі. Голанд прапрацаваў у мурах універсітэта 22 гады і з завяршэннем 1824/1825 вучэбнага года выйшаў на пенсію. Да заслуг Голанда можна дадаць яшчэ і стварэнне пры ўніверсітэце аркестра і хору. Трэба сказаць, што сярод яго вучняў пэўна былі прадстаўнікі ўсіх універсітэцкіх студэнцкіх таварыстваў — Шубраўцаў, Філаматаў, Прамяністых, Філарэтаў і многіх іншых. 

У тым жа 1825 годзе 14 (26) красавіка ў віленскім касцёле Святога Яна пабраліся шлюбам яснавяльможны Вінцэнт Свяржэўскі, суддзя завілейскага павета і клюшчанскі парафіянін, з Яаннай Голанд, святаянскай парафіянкай. Сведкамі на шлюбе сталі Антон Прозар, віцебскі ваяводзіч, і Вінцэнт Прушынскі, асэсар Галоўнага літоўскага суда ІІ Віленскага дэпартамента. Імаверна, гаворка тут вядзецца пра дачку Голанда. Свяржэўскі на той час быў удаўцом і ад першага шлюбу меў дзяцей. Ці былі ў яго дзеці ад другога шлюбу, сёння нам, на жаль, невядома. 

ВІЛЬНЯ! НЕ ЛЬВОЎ 

Цяжка сказаць, з чыёй лёгкай рукі на свет нарадзілася байка пра смерць Голанда ў Львове. Але яна прыводзіцца ў "Вікіпедыі" на розных мовах. Ёган Давід Голанд апошнія гады жыцця быў парафіянінам віленскай лютэранскай царквы. Там жа знайшлася, як і трэба было чакаць, метрыка яго смерці. 

"Чатырнаццатага снежня тысяча восемсот дваццаць сёмага года памёр ад старэчай нямогласці прафесар-эмэрыт […] Віленскага ўніверсітэта пан Ёган Давід Голанд у веку васьмідзесяці двух гадоў. Паводле захаванай надмагільнай прамовы ён быў пахаваны сямнаццатага дня таго ж месяца і года. Ёган Георг Гільсэніц, пастар". 

Пахавалі яго на лютэранскіх віленскіх могілках. Могілкі тыя былі знішчаныя пасля вайны, а разам з імі — і магіла кампазітара. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ