Праз стварэнне да разумення існага

Апублiкавана: 13 лютага 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: Аўтары

Зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года міру і стварэння. На чым робіцца акцэнт у дакуменце і што збіраемся ствараць? 

Каб здзейсніць намечанае, згадаем, што такое стварэнне наогул. Адмыслоўцы тлумачаць: гэта найвышэйшая з вядомых чалавеку форм творчага змянення рэальнасці. Стварэнне мае на мэце не проста зрабіць новае, а натхніць на штосьці канструктыўнае, карыснае, гарманічнае і прывесці да ўзнікнення больш каштоўных рэчаў. У шырокім сэнсе стварэнне— гэта не столькі пераўтварэнне, колькі зразуменне існага. Паспрабуем спасцігнуць сапраўднасць, абапіраючыся на грунтоўны спіс, над якім працавалі ўсе зацікаўленыя ў развіцці і працвітанні нашай краіны. 

У рэспубліканскім плане, які Савет Міністраў зацвердзіў 1 лютага, акрэслены ініцыятывы ў гонар важных падзей у гісторыі Рэспублікі Беларусь, што маюць асаблівае грамадска-палітычнае значэнне. Чырвонай ніткай знамянальныя даты пройдуць праз адзіныя дні інфармавання, усебеларускую патрыятычную акцыю “Мы — грамадзяне Беларусі!”, інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ” (“Школа Актыўнага Грамадзяніна”), інтэрнэт-праект “Дакументальны летапіс сучаснай беларускай дзяржавы” ды іншыя патрыятычныя акцыі. 

Таксама прадугледжана ўдасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання. Асноўныя мерапрыемствы — адкрыццё музея ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, мітынг-рэквіем да 80-годдзя трагічнай гібелі жыхароў Хатыні, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, грамадзянска-патрыятычны праект “Цягнік Памяці”, рэспубліканская акцыя “Архівы — школе”, экскурсійныя праграмы па гістарычных славутасцях краіны, месцах баявой, партызанскай славы, пахаванняў ахвяр генацыду беларускага народа, па музеях. 

Актуальнае і прасоўванне мірных ініцыятыў грамадскасці. Запланаваны круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі на тэму “Мір і стварэнне ў сістэме каштоўнасцей сучаснай моладзі”, дыскусійная платформа “Беларусь будучыні”. 

Акрамя таго, мяркуецца садзейнічанне міжканфесійнаму і міжнацыянальнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў айчынным грамадстве. Будуць праведзены ўсебеларуская малітва “За мір і згоду!” у рамках святкавання Дня Рэспублікі, навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” да Дня беларускага пісьменства, IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету. 

Асаблівы акцэнт — на мерапрыемствах, што забяспечваюць далейшы рост эканомікі і павышэнне яе канкурэнтаздольнасці: X Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, нацыянальныя выставы ў замежжы, будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых аб’ектаў. 

Пазіцыянаванню стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы будуць спрыяць такія пачынанні, як высадка алей міру і стварэння, арганізацыя рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”, суботнікаў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, гістарычных, памятных месцаў, а таксама прафарыентацыйнай акцыі “Дзень з прадпрыемствам” і экскурсій. 

Прадугледжана і інфармацыйнае суправаджэнне Года міру і стварэння. Рыхтуецца шырокае асвятленне ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах тэматычных падзей, распрацоўка адмысловых рубрык у газетах, цыклаў тэле- і радыёперадач, правядзенне прэс-мерапрыемстваў. Адпаведныя публікацыі будуць з’яўляцца на парталах і ў сацыяльных сетках дзяржаўных устаноў — у спецыяльных раздзелах пад назвай “Год міру і стварэння”. Гэта ў першую чаргу агляды, якія раскрываюць дасягненні розных галін беларускага вытворчага сектара эканомікі і поспехі работнікаў. 

Усяго запланавана 68 мерапрыемстваў. Прававы акт прыняты ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 студзеня 2023 г. № 1 “Аб аб’яўленні 2023 года Годам міру і стварэння”. Пастанова ўступіла ў сілу 1 лютага.