Дзівосны Іран

Апублiкавана: 11 лютага 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: КАСЦЮНІНА Ульяна

У Мінску з 8 па 18 лютага праходзіць мастацкая выстава “Дзівосны Іран”. Праект арганізаваны галерэяй “Універсітэт культуры” сумесна з Пасольствам Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь і прымеркаваны да 44-й гадавіны перамогі Ісламскай рэвалюцыі ва ўсходняй дзяржаве.

Падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ірана ў Беларусі Саід Яры адзначыў, што 18 сакавіка споўніцца 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Іранам і 2023-і прапануецца аб’явіць годам сяброўства паміж рэспублікамі. 

У сталіцах дзвюх краін плануецца ажыццявіць розныя мерапрыемствы ў сферы культуры і мастацтва. Гэтыя захады палепшаць дасведчанасць грамадзян Беларусі і Ірана пра культурныя і турыстычныя магчымасці нашых дзяржаў, а таксама ўмацуюць сяброўства паміж народамі, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. 

Выстава знаёміць з багатай культурнай спадчынай Ірана. Аўтары ўнікальных работ — Рукае Афза і Масуд Махэбі Фар. Мастакі адлюстравалі шматвяковыя традыцыі жывапісу і каліграфіі старадаўняй цывілізацыі. Акрамя карцін, якія выстаўляюцца ў Беларусі ўпершыню, можна ўбачыць фотаздымкі — дзіўныя ландшафты і турыстычныя зоны ісламскай рэспублікі ўражваюць. 

Таксама ў галерэі размешчаны вырабы, якія дазваляюць пазнаёміцца з іранскімі рукадзельнымі тэхнікамі, такімі як мінакары (упрыгожванне металу і керамікі спецыяльнай эмаллю) і хатамкары (інкрустацыя па дрэве ў выглядзе складанага геаметрычнага ўзору). У праграме мерапрыемстваў — і майстар-класы па каліграфіі і жывапісе ад замежных мастакоў. 

“Дзівосны Іран” — дакладнае апісанне маёй старажытнай краіны, якой ужо сем тысяч гадоў. Яна мае цудоўную гістарычную, цывілізацыйную і культурную спадчыну. Тое, што вы ўбачыце на гэтай выставе, — кропля з мора прыгажосці, культуры і турыстычных славутасцей Ірана, — сказаў Саід Яры.