Спорт і культура поруч

Апублiкавана: 12 лютага 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Адным з паказчыкаў культурнага ўзроўню грамадства з’яўляецца стаўленне да спорту. Актыўную пазіцыю ў гэтым дачыненні прадэманстравалі работнікі нашай сферы. 

Культурна-спартыўнае свята разгарнулася 4 лютага на лыжаролернай трасе ў Мінску. 

Сімвалічна, што “Культурная лыжня — 2023” праходзіць у Год міру і стварэння, бо якраз спорт і натхняе на згоду і ўзаемаразуменне, — адзначыў міністр Анатолій Маркевіч перад стартам зімовай спартакіяды. 

І насамрэч, удзельнікам забегу вельмі спатрэбілася згуртаванасць. Да таго ж — настойлівасць, цягавітасць і, галоўнае, бадзёры настрой. Лыжнікі мусілі як мага хутчэй прайсці па маршруце і перадаць эстафету. На трасе адчувалася канкурэнцыя. Для ўдзелу ў спаборніцтвах з’ехаліся 36 дэлегацый з абласных і раённых выканкамаў. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу былі і прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, кінастудыі “Беларусьфільм” ды іншых буйных устаноў культуры. Каманды сваякоў спаборнічалі ў эстафеце “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”.

У выніку захапляльных гонак першымі да фінішу прыйшлі супрацоўнікі Міністэрства культуры, другімі — аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама. Трэцяе месца — у Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 

Сапраўдную святочную атмасферу стварылі музычныя нумары Сандры Зылікавай і майстэрні эстраднага мастацтва “Хвілінка”. Завяршылася “Культурная лыжня — 2023” выступленнем калектыву “Чараўніцы”.