КРЭЎСКАЯ ГЛІНАІ ТЫБЕЦКІЯ ЛАМЫ

У Смаргонь Нагаевы прыехалі ў 1978 годзе. Тут Сяргей скончыў СШ №3, паступіў у Бабруйскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. А ў 1993 годзе разам з братам стварыў сваю творчую майстэрню, якая размясцілася ў старым будынку колішняга Святлянскага клуба. Прайшлі гады — брат захапіўся сталярнай справай. А Сяргей ператварыў стары клуб у прывабную сядзібу, дзе не толькі займаецца ганчарствам, але і праводзіць майстар-класы, урокі творчасці.

“Тое, што я зарабляю, укладваю ў гэты куток зямлі. Ён знаходзіцца ў Святлянах. Хочацца, каб ён сапраўды быў светлым”, — робіць важны акцэнт Сяргей.

Сяргей перахоплівае мой позірк, накіраваны на дом, — і адразу адказвае на пытанне, якое я толькі збіралася задаць. “Люблю такую архітэктуру, якая ўпісваецца ў прыроду і не псуе яе. Гэты дом атынкаваны, аздоблены старадаўняй цэглай ручной работы… Лічу, што архітэктура павінна быць часткай прыроды, — зазначае мой суразмоўца.

У двары прыцягвае ўвагу нязвыклы элемент дызайну — курган. Аказалася, гэта запас гліны, прывезенай з-пад Крэва. “Менавіта крэўская гліна лічыцца лепшай не толькі ў Беларусі. У ёй — высокая колькасць мінералаў, што дазваляе ёй быць вогнетрывалай. Пра жыватворныя якасці крэўскіх “залежаў” ведаюць нават тыбецкія ламы (пра гэта расказаў чалавек, які пабываў на Тыбеце). Гліна мае гаючую сілу, таму той, хто тут, у майстэрні, лепіць, яшчэ і лечыцца”.

Прычым як фізічна, так і псіхалагічна.

НЕ ЗГАРАЦЬ, А ЗАГАРТУЮЦЦА

Для Сяргея гліна амаль жывая істота, адухоўленая ўсімі зямнымі стыхіямі. Каб яе тэхналагічныя параметры палепшыліся, каб гліна “ажыла”, яна павінна вылежыцца на вуліцы хаця б пяць гадоў і прайсці ўсе стадыі “выпрабавання” — перамерзнуць, абветрыцца, патрэскацца, вымыцца дажджом.

Версія пра “жывую” гліну ўзнікла не на пустым месцы. Памятаеце, згодна з біблейскім пісаннем, Бог стварыў чалавека менавіта з кавалка гліны…

“Ад вытокаў” — так майстар называе тэхналогію, па якой працуе. Ні адзін завод яе не выкарыстоўвае.

Пасля пэўных тэхналогій апрацоўкі кераміка — нават мацнейшая за жалеза. Дарэчы, так гартуецца і чалавечы дух — праз выпрабаванні.

Сяргей не пакрывае посуд глазурай, а выкарыстоўвае малачэнне (або малочны абпал) — старажытны спосаб апрацоўкі керамікі. Пасля такога абпалу выраб набывае прыгожы карычневы колер розных адценняў. Для малочнага абпалу бярэцца выраб, які прайшоў першапачатковы абпал (пабываў у печы амаль пры 1000 градусаў), прамочваецца ў натуральнае тлустае каровіна малако. Потым яшчэ раз абпальваецца пры тэмпературы 270-350 градусаў (пры тэмпературы звыш 400 градусаў малако выгарае, працэс патрабуе вялікай увагі). У выніку змяняецца не толькі знешні выгляд: поры вырабу ўбіраюць у сябе малако, у такім посудзе прадукты могуць доўга захоўвацца, не кіснуць.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Наступны этап — вашчэнне. Калі яшчэ цёплую кераміку пакрываюць “кактэйлем” з пчалінага воску і алею, пасля чаго порыстая па сваёй прыродзе гліна становіцца воданепранікальнай.

“Тэракотавыя” — так па-сучаснаму называюцца вырабы з чырвонай гліны. Яны маюць вельмі прыемную, далікатную структуру. Ежа ў іх не прыгарае, захоўвае шмат пекціну, якім жывіцца клетка чалавека. І што не малаважна: экапосуд нясе памяць пакаленняў.

ДЗІЦЯ — ГЛІНА, МАЦІ — ГАНЧАР

(узбекская народная прыказка)

Сяргей вельмі трапятліва ставіцца да сваёй справы, сваё прызванне называе “божым промыслам”. Ганчарства — гэта не толькі зляпіць і абпаліць, але і касмалогія разумення жыцця. “У ганчарнай справе можна прасачыць шлях чалавека на зямлі. Гліняныя вырабы праходзяць усе этапы “выхавання” і “сталення”. Ствараючы рэч, на ўсіх этапах можна ўбачыць, як “выхоўваецца” кусок гліны, а ў выніку вызначаецца яго прыналежнасць: у адным — захоўваць напоі, у другім — тушыць ежу… Сваё прызначэнне мае і кожны чалавек. Як я раблю гаршкі на ганчарным крузе, так праяўляецца касмалогія Сусвету”, — думку ганчара складана зразумець адразу.

Але Сяргей дае тлумачэнні — і ўсё становіцца на свае месцы: “Кожны чалавек нараджаецца “крывым”. Пакуль ён малы, бегае, крыўляецца. Нельга сказаць, што з гадамі чалавек перастае гэтым займацца, але ўсё ж ён мяняецца…

Калі кавалачак гліны я буду шкадаваць, з яго нічога не атрымаецца. Калі бацькі дзяцей шкадуюць, з імі нічога не будзе. Кавалак гліны трэба ляпіць, лю-БІЦЬ (каб у кожнай “людзіне” нарадзіўся чалавек). Чалавек — гэта свет, які жыве ў целе, гэта маральныя ўчынкі. Асоба — той, хто бачыць свае недахопы, змагаецца з імі, перамагае сябе”.

“Каб стаць сапраўдным ганчаром, трэба зразумець сутнасць матэрыялу, сваё прызначэнне і ўвесь час духоўна расці. Дарэчы, раней майстар у вучні браў аднаго чалавека. І гэты вучань толькі пяць гадоў падмятаў майстэрню — ён павінен быў зразумець сутнасць ганчарства. Пасля яшчэ пяць гадоў асвойваў ганчарны круг — і толькі тады здаваў экзамен. Гэты прыклад яшчэ раз даказвае: у любой справе, каб дабіцца толку, трэба прысвяціць ёй не менш за 10 гадоў. І гэта толькі першая ступень далейшага толку”.

З дзецьмі на занятках у “Школе творчасці” ганчар таксама праводзіць цікавыя размовы. Вучыць іх бачыць прыгажосць. Ганчар упэўнены: “Любое дзіця найперш павінна творча развівацца. Калі яно не выхоўваецца ў творчасці, яму нельга выкладаць дакладныя навукі. Без фантазіі нельга стварыць эстэтычную рэч. Бог — найперш творца, з усяго робіць хараство”.

Сярод керамічных вырабаў Святлянскага кераміста я выдзеліла глінянага мужычка Ямелю. Прыкладна так я ўяўляла героя вядомай казкі. Для майстра гэты персанаж — зусім не гультай, а сімвал удумлівасці, спакою, разважлівасці. Мітусня — прыкмета людзей павярхоўных. А каб стварыць вартасную рэч, патрэбны моцныя рукі і спакойная галава.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота аўтара.