Клопат і апека для пажылога чалавека

Апублiкавана: 07 лютага 2023 Нам пішуць Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Людзі сталага веку асаблівым чынам патрабуюць клопату, увагі і апекі. Часам ім не хапае жывых адносін, разумення, іх штодня суправаджае самотнасць і адзінота. Ветлівае слова, маленькая дапамога – усё гэта спрыяе наладжванню добрага стану пажылога чалавека.

У бібліятэках Астравецкага раёна асаблівая ўвага надаецца людзям элегантнага ўзросту. Яны з’яўляюцца сталымі чытачамі бібліятэкі, дапамагаюць у падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Гэта катэгорыя людзей характарызуецца асаблівай адказнасцю. Музычныя гасцёўні, творчыя сустрэчы, інтэлектуальныя мерапрыемствы – усё гэта і многае другое ладзіцца ў бібліятэках раёна. За кубкам гарачай гарбаты чытачы абмяркоўваюць прачытаныя кнігі, дзеляцца ўражаннямі ад падарожжаў, расказваюць пра свае будучыя планы. Такім чынам, час праходзіць з карысцю, а жывыя зносіны даюць адчуванне запатрабаванасці.

Вялікая ўвага ўдзяляецца творчым людзям. Многія чытачы пішуць вершы, спяваюць, малююць, займаюцца вязаннем, вышыўкай, роспісам. У бібліятэках ладзяцца выставы, дзе маладыя душой чытачы дэманструюць свае вырабы. А тыя, хто  добра спявае, танцуе, піша вершы, могуць прадэманстраваць свае таленты: праходзяць адмысловыя музычныя мерапрыемствы, вечарыны паэзіі і многае іншае.

Бібліятэка дае магчымасць развіваць кола знаёмстваў. На мерапрыемстве часта  запрашаюцца творчыя людзі, якія расказваюць пра свой жыццёвы і творчы шлях, дзеляцца ўражаннямі і дэманструюць свае таленты. Вялікая ўвага надзяляецца зберажэнню здароўя людзей сталага веку. Часта прыходзяць на мерапрыемствы, каб больш пагаварыць пра здароўе і каштоўнымі парадамі падзяліцца з астатнімі.

Многія пенсіянеры па стану здароўя не могуць наведваць бібліятэку. Аднак супрацоўнікі не пакідаюць іх у самоце і адзіноце. Яны прыносяць ім літаратуру дадому, у рамках акцый наведваюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, віншуюць са святамі. Так людзі сталага ўзросту пачынаюць адчуваць уласную запатрабаванасць для грамадства, гэта іх вельмі падтрымлівае і стымулюе.

Пенсіянеры, якія жывуць у аддаленых населеных пунктах, таксама не застаюцца па-за ўвагай. Бібліёбусы ажыццяўляюць дастаўку мастацкай літаратуры, газетаў і часопісаў у населеныя пукты. Літаратура становіцца даступнай для кожнага, хто жадае чытаць.

У філіяле “Альхоўская сельская бібліятэка” да пажылых людзей адносяцца з асаблівай павагай і трапятаннем. Тут для іх ладзяцца масавыя мерапрыемствы. Бібліятэкар звяртаецца да розных форм правядзення: літаратурныя вечарыны (“Нам засталася спадчына”), сустрэчы ля самавара (“Песні і кнігі нашай маладосці”), дні паэзіі (“Паэзія маёй душы”), дні прыемных сустрэч (“Людзі пажылыя – сэрцам маладыя”). Усё гэта і многае другое праводзіцца ў бібліятэцы.

Не абмінаюць увагай пажылых людзей і ў філіяле “Гудагайская сельская бібліятэка”. Гадзіны адпачынку (“З намі не засумуеш”), вечары пазітыву (“Вальс лістапада”), урокі здароўя (“Здароўе без лекаў”) – усё гэта праводзіцца ў бібліятэцы.

Пры філіяле “Страчанская сельская бібліятэка-клуб” дзейнічае аб’яднанне для людзей пажылога ўзросту “Сялянка”. Яно збірае маладых душой людзей, якія жывуць актыўным жыццём. Пасяджэнні праходзяць у розных  формах: пасядзелкі, калядныя сустрэчы, вечары адпачынку, паэтычныя імпрэзы.

Чытачы філіяла “Міхалішкаўская сельская бібліятэка” зазначаюць, што   сустрэчы ў бібліятэцы для іх – сапраўднае свята. Да гэтай падзеі яны стараюцца рыхтавацца загадзя. У залежнасці ад тэмы рыхтуюцца розныя творчыя нумары, дзеляцца ўспамінамі, прыносяць для дэгустацыі невялікія кулінарныя шэдэўры.  Бібліятэкар заўсёды віншуе сваіх чытачоў са святамі, наведвае падчас хваробы, дапамагае добрай парадай.

Пажылыя людзі вельмі патрабуюць нашага клопату і апекі, а супрацоўнікі бібліятэкі прыкладаюць усе сілы, каб атуліць клопатам кожнага, хто гэтага патрабуе.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар 

ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”