Каб сонца міма вёскі не прайшло!

Апублiкавана: 17 лютага 2023 Стужка Традыцыі Магілёў і вобласць Куфар-радца

Аўтар: Аўтары

Сцэнарый тэатралізаванага фальклорнага свята “Гуканне вясны”. Сцэнарый распрацаваны на аснове мясцовага фальклорнага матэрыялу, запісанага ад носьбітаў з вёскі Паршына, удзельніц народнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры” Паршынскага Цэнтра культуры Горацкага раёна. 

Свята ладзіцца ў сярэдзіне сакавіка. За вёскай выбіраецца самае ўзвышанае месца, каля мясцовага гаю. Падрыхтоўкай займаюцца і сталыя, і малыя жыхары вёскі за некалькі дзён да пачатку свята. Хлопцы ды дзецюкі паміж дрэў ладзяць арэлі-гушкалкі для дзяцей, замацоўваючы іх як мага вышэй, нахіліўшы і звязаўшы вершаліны маладых бярозак. 

За тыдзень да свята мужчыны абыходзяць палеткі, аглядаюць, як перазімавалі пасевы азімых, абавязкова прыносяць з сабою “дар” полю – печаныя з раніцы гаспадынямі бліны, якія сімвалізуюць сонца. Бліны павінны быць абавязкова цёплымі, як першыя промні веснавога сонца. Жанчыны і маладзіцы ў гэты дзень з ранку збіраюцца разам і выпякаюць здобных “птушачак-жавароначкаў”, якіх надзяваюць на палачкі і з гэтымі вясновымі сімваламі збіраюцца за вёскай. Жанчыны ідуць з розных бакоў вёскі, спяваюць песні так, каб яны былі чутныя ва ўсіх хатах. Дзіцячы гурт нясе дэкаратыўнае кола ў выглядзе сонейка, прыбранае яркімі, стракатымі стужкамі.

З раніцы, за гадзіну да пачатку свята, вёску аб’язджае зазывальны воз, на якім замацаванае чучала Зімы. Скамарохі і зазывалы запрашаюць усіх на свята.

Зазывалы: Людзі пажылыя! Старыя і малыя!

Запрашаем вас на свята,

Што сюрпрызамі багата!

Сёння будзем Зіму праважаць,

Разам будзем Вясну зазываць!

Усіх запрашаем нам падпець,

Хто хоча ўраджай багаты мець!

Усё, што за Зіму на сваіх падворках накапілі, увесь хлам і старызну кладзіце на гэты воз з чучалам Зімы, каб спаліць на вогнішчы і ачысціць нашы душы і зямельку родную ад усяго благога перад прыходам Вясны-матухны.

Праязджаючы па вёсцы, воз паступова напаўняецца розным хламам. Дзяўчаты і хлопцы, якія выконваюць ролі Скамарохаў і Зазывалаў, вешаюць вяночкі з папяровых кветак на варотах тых дамоў, дзе жывуць маладыя незамужнія дзяўчаты і нежанатыя хлопцы, а на варотах дамоў, дзе жывуць больш сталыя хлопцы-дзецюкі, вешаюць стары зношаны абутак без пары (дзіравы бот, бацінак, валёнак і г.д.), прыгаворваючы:

1.Гэты бот хай здзейсніць мары,

 давядзе цябе да пары.

2.А для гэтага бацінка

трэба жоначка-карцінка. 

3.У гэтым стоптаным валёнку

знойдзеш сёння сваю жонку. 

Пасля аб'езду вёскі воз са смеццем накіроўваецца да месца правядзення свята, дзе складаецца вогнішча з усяго прывезенага, у цэнтры замацоўваецца чучала Зімы.

Усе жыхары збіраюцца ў вызначаны час на месцы правядзення свята. На цэнтральнай пляцоўцы, на ўзгорку, стаіць маладое дрэўца, прыбранае яркімі рознакаляровымі стужкамі. Да дрэўца падыходзіць старэйшая жанчына вёскі, вешае на дрэўца выпечаных і папяровых “птушачак-жавароначкаў”.

Жанчына: Якое сёння цудоўнае надвор’е! Ужо і сонейка вышэй хадзіць стала. Хутка над палямі павісне белы густы туман, які паступова будзе падымацца ўгару, а разам з ім пачнуць раставаць і апошнія снегавыя гурбы.

Цёплае сонейка пачне абуджаць ад зімовага сну прыроду. На дрэвах набрыняюць пупышкі, з выраю пачнуць прылятаць птушкі. Усё гэта гаворыць аб тым, што прырода прачынаецца ад зімовага сну. Яна дыхае, набліжаючы прыход вясны. А каб вясна была ранняй і дружнай – яе трэба пагукаць, як некалі гэта рабілі нашы бабулі і матулі.

Хадземце, жанчынкі, бліжэй! Хадземце! Усе разам Вясну загукаем, наблізім яе прыход.

Удзельніцы народнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры” выконваюць фальклорную песню “Вясноўскае загукванне”.

Пасля выканання песні на ўзгорак узбягае дзіцячы гурт з папяровымі птушкамі, усе разам пачынаюць зазываць Вясну.

Дзеці па чарзе:

1. Вясна, вясна красная!

Прыйдзі, Вясна, з радасцю!

З дажджамі моцнымі, з хлябамі багатымі.

2. Сонейка, сонейка!

Выгляні ў ваконца,

Чакаюць цябе дзеткі,

Дзеткі-малалеткі.

3. Жавароначкі, прыляціце!

Зямлю-матухну ажывіце

І дожджыкам напаіце.

4. Каб травічкі нарасціла, 

Каб волікаў накарміла.

5. Бо Зіма ўжо надакучыла,

Снегам, холадам нас замучала.

6. Вясну мы не вяла чакаем.

Усе разам: Гукаем вясну мы! Гукаем!!! Г-у-у-у!

Дзеці падкідаюць угару як мага вышэй выпечаных і папяровых “птушак”. У выкананні ўдзельнікаў народнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры”, дзіцячага фальклорнага ансамбля “Зорачкі” гучаць абрадавыя песні “Благаславі, маці, Вясну заклікаці…”, “А па вуліцы, а па шырокай”, выконваецца карагод “А па возеру”.

Жанчыны:

1. Людзі добрыя, ці вы ў вокны не паглядалі? Вясну не чакалі?

Усе:

Чакалі! Яшчэ як чакалі. Па сонейку, па цёплым сонейку сумавалі. 

2. Дык навошта сумаваць? Вясну нам трэба пагукаць. 

3. Сабірайцеся жанчыны, да здымайце рукавіцы, у далоні біце, Вясну-красну завіце! 

1. Але ж перш чым з Вясной-красной сустракацца, трэба з Зімой развітацца. Зробім круг вялікі, хай скачуць чаравікі!

2. Каб народная песня гучала,

Каб сырая зямелька стагнала.

Ад дзявочага гуляння…

3. Ад дзявочага гуляння

Ды ад жаночага спявання!

Усе прысутныя ствараюць вялікі карагод вакол вогнішча. Выконваюцца карагодныя песні “Люляшы”, “Дзеўкі просу сеялі”.

Дзяўчаты:

1. Ці мне падалося, ці сапраўды чучала Зімы ад нашых песень ды карагодаў неяк зашавялілася на вогнішчы? 

2. Не, не падалося, я таксама гэта бачыла. Відаць, адчула матухна-зіма, што скончыўся час яе ўлады на зямлі ў гэтым годзе. Але бачу нешта не спяшаецца яна пакідаць свой трон, расселася, як капа, на сваім хламе і не рушыць з месца.

Хлопцы:

1. А мы яе ўвобмірг адправім! Хоць і прыйшла скачучы, а пойдзе плачучы. 

2. Надакучыла нам Зіма, цёплыя валёнкі! Хочацца ўжо цяпла, гульняў, песень звонкіх. Давайце падпалім гэта чучала разам з яго тронам з усялякага хламу, што Зіма за час свайго ўладарання назапасіла, ачысцім сваю зямельку і душы ад усякага бруду.

Хлопцы запальваюць вогнішча пад вясёлую народную музыку. Пасля таго як яно разгарыцца, усе прысутныя пускаюцца ў карагод “Па лужках, лужках”.

Хлопцы:

1. Ну, ці ёсць смельчакі, хто хоча ачысціць сваю душу, пераскочыўшы праз вогнішча? Хто першы?

Усе ахвотныя скачуць праз вогнішча пад вясёлыя народныя найгрышы.

2. Што, кабеты і дзяўчаткі?! Праз вогнішча вам напэўна скакаць страшнавата? Прапануем лоўкім скокі праз вяроўкі!

Пачынае гучаць вясёлая беларуская народная музыка.

Хлопчыкі ствараюць дзве каманды, праводзіцца гульня “Вяровачныя пераскокі” пад бадзёрыя народныя мелодыі.

Жанчына: Ці не загуляліся мы тут з вамі? Зіму адправілі, але ж каб хаця прыход Вясны не прагледзець! А то глядзіш – і пойдзе міма нашай вёскі. А мужчыны ў гэтым годзе арэлі для моладзі ды гушкалкі для дзяцей не ладзілі?

Хлопец: А як жа, цётка, канешне, ладзілі. І арэлі, і гушкалкі! А ну-тка, хто першым убачыць прыход Вясны? Хто гатовы пагушкацца на арэлях і адкрыць спаборніцтвы на самы высокі іх узлёт?

Уся моладзь і дзеці ідуць у гай да арэляў і гушкалак. Пачынаюцца спаборніцтвы на самы высокі ўзлёт. Праз некаторы час хтосьці выкрыквае:

Гучыць голас: 

Вясна! Вясна ідзе!!!

На пляцоўку ў акружэнні дзяўчынак-вяснянак выходзіць Вясна ў прыгожым вянку з кветак. У руках Вясны і вяснянак -- букеты кветак, якія раздаюць усім прысутным.

Вясна. Бачу, гулянне тут сапраўднае! Няўжо насамрэч па мне так засумавалі? Ці то з сястрыцай Зімой на развітанне такі баль наладзілі?

Жанчына. Вось нарэшце і прычакалі мы, Вясна, яшчэ аднаго твайго прыходу.

Думалі з жанчынамі, што ўжо і не прыйдзецца ў чарговы раз убачыць тваю прыгажосць. На сонейку вясновым свае старыя косці пагрэць. Так доўга ты нешта ў гэтым годзе не прыходзіла. Ці, можа, нам старым ужо падалося, што так доўга час цягнецца? А можа, ты нашы песні старыя ўжо і не чуеш?

Вясна. Бабулечкі, мае даражэнькія, як жа не чула? І песні вашы прыгожыя, і веснавыя загукванні, і жаночыя, і дзіцячыя галасы – усё чула. І як вы мяне гукалі, і як звалі, і як сястрыцу-Зіму праводзілі. Але ж баялася яе пакрыўдзіць, дала магчымасць развітацца як след. Ну а цяпер магу з упэўненасцю сказаць, што з сённяшняга дня абвяшчаю свой прыход.

Жадаю вам спрыяльных дзянёчкаў,

Каб раслі памідоры дый агурочкі. 

Хай у вашай працы дапаможа Бог,

Каб радзілі жыта і гарох.

Каб у вашым жыцці ўсё ўдавалася

І жыццё – як рунь – красавалася!

Я зраблю ўсе магчымае, каб мой час быў для ўсіх вас спрыяльным. І з сённяшняга дня абвяшчаю добрыя навіны: адмыкаю неба для прылёту птушак, палі і рэкі вызваляю ад цяжкіх зімовых кайданоў. Усіх звяроў лясных абуджаю ад зімовага сну і першымі сонечнымі промнямі і краскамі прыбіраю Зямлю-матухну.

Дзяўчаты:

1. Дзякуй, прыгажуня-Вясна, за пажаданні добрыя, за кветкі раннія ды за тое, што прыйшла ў пару. Мы ўсе цябе вельмі чакалі. Па табе і па сонейку сумавалі.

2. Давайце, людзі, усе разам заспяваем песню Вясне і вяснянкам!

Усе прысутныя робяць вялікі карагод, у цэнтры якога - Вясна з вяснянкамі.

3. Ці заўважылі ўсе прысутныя, як значна пацяплела? Снегам талым запахла. Ручайкі зазвінелі. Можа, і мы з вамі пагуляем у вядомую народную гульню “Ручаёк”, а Вясну з вяснянкамі папросім нам дапамагчы.

Ладзіцца народная гульня “Ручаёк”.

Жанчына. Не толькі моладзь разагрэлі, але нават і мы, старыя, пакрысе адтаваць пачалі. Пара б ужо і гімн Вясне праспяваць!

Народны фальклорны ансамбль “Паршынскія зоры” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Зорачкі” выконваюць фальклорна-харэаграфічную кампазіцыю “Вясна-красна наставала”.

Вясна. Дзякуй усім, старым і малым, але ж нам пара рухацца далей, адмыкаць рэкі і азёры, лясы і лугі. Дзякуй за добрую і вясёлую сустрэчу!

Вясна з вяснянкамі адыходзяць пад вясёлыя народныя найгрышы.

Дзяўчына. Зіме канец! Вясне пачатак! Хай будзе весела ў гэта свята!

Любава ВЛАДЫКА, кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры” Паршынскага Цэнтра культуры Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Горацкага раёна