Рэжысёр дастаў ружжо…

Апублiкавана: 17 лютага 2023 Стужка Тэатры Мінск Галёрка

Аўтар: Аўтары

Адна з самых правакацыйных і складаназлучаных пастановак вярнулася на сцэну Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Прэм’ерныя апладысменты спектаклю “Паляванне на сябе” адгучалі ў 2018 годзе. Тады крытыкі шмат пісалі, гледачы скуплялі квіткі, а грымёры напаўнялі закуліссе водарам лаку для валасоў. Аднак новыя пастаноўкі зрушылі дэкарацыі спектакля на пыльныя стэлажы архіва. І вось РТБД зноў вырашыў дастаць з рэпертуарнага сейфа ружжо “не камедыі”, зарадзіць яго фантасмагарычнасцю і стрэліць з новай сілай у тэатральную прастору. 

“Паляванне на сябе” — інтэрпрэтацыя п’есы “Утиная охота” савецкага драматурга Аляксандра Вампілава. Рэжысёр Стас Жыркоў — эксперыментатар, для якога ў п’есе вяршэнствуе чалавечы псіхалагізм, яго крызіс, а таксама спроба намацаць выхад з уласнага мінулага. І адкінуўшы ўсё вампілаўскае рэальнае, Жыркоў прапануе занурыцца ў ірэальны свет галоўнага героя. 

ПРЫДУМАНАЕ КАХАННЕ І ВЫПАЛЕНЫ ГАЙ 

Віктар Зілаў — муж, палюбоўнік, дзіця. У выкананні акцёра Максіма Брагінца ён просты і зразумелы: працуе ў канторы, носіць чорны пінжак, рыхтуецца да ўваходзін у Новай Баравой і чакае вылазку на паляванне. Колькі нас такіх жыве ад адпачынку да адпачынку? Вось і Зілаў мае слабасць да алкаголю, жанчын і ўласнай памяці. 

Але якая парадаксальная памяць, такая ж заблытаная і пастаноўка “Паляванне на сябе”, бо яна не проста апавяданне жыцця, а сетка пераплеценых успамінаў, якую глядач прымае за праўду. Але як насамрэч? 

Зілаў глыбока самотны чалавек, які разбурае ўсякую магчымасць звычайнага. Ён згубіўся ў выпаленым гаі ўласных пачуццяў, у якім сінія дрэвы такія ж немагчымыя, як самім жа прыдуманае каханне. І нічога са сказанага Зілавым ніколі не будзе сказана, а са зробленага — зроблена. Ён дамалёўвае і дапісвае жыццё ў падсвядомасці, тым самым прымушае гледача “іграць” па правілах свайго “рэальнага” свету. 

ТРЫ ЖАНЧЫНЫ АДНАГО МУЖЧЫНЫ

На працягу ўсяго спектакля ўзнікаюць тры жанчыны. Першая — жонка. На фоне іншых Галіна ва ўвасабленні Людмілы Сідаркевіч застаецца шэрай і несамавітай штодзённасцю, цяжарам, які звязвае Зілава з застойным матэрыяльным светам, дзе паміраючы не ўваскрасаюць, дзе “высокі і моцна збудаваны” мужчына — маленькі Віця Зілаў, які звычайным вераснёўскім днём глядзіць у акно і чакае. 

Другая асоба — разняволеная Вера — водбліск распуснай маладосці. Ганна Семяняка эксцэнтрычна ўвасабляе сваю гераіню. Рэжысёру ўдалося адкрыць новую, дагэтуль схаваную грань таленту Ганны, як — невядома. Але яе персанаж выйшаў прыцягальным і запамінальным. 

Трэцяя дзяўчына — новая апантанасць Зілава, ажыўленне даўно забытага пачуцця. Ірына (Юлія Лазоўская) ветраная і падуладная зілаўскім фантазіям. Актрыса нядаўна прыйшла ў трупу, але вельмі арганічна ўвайшла ў спектакль, прыўносячы ў першым акце асаблівую шалапутнасць у глядзельную залу. 

СЯБРЫ-ВАР’ЯТЫ — КАКАФОНІЯ ДУМАК 

Як вар’яты кружаць тры сябры — Кузакоў (Арцём Курэнь), Саяпін (Максім Карасцялёў) і Дзіма (Дзмітрый Давідо- віч). Персанажы ўвабралі ўсю фантасмагарычнасць спектакля: у чорных касцюмах, такіх жа як і ў Зілава, з шалёнымі начосамі і чырвонымі вуснамі яны хаосам праносяцца па сцэне, раз за разам вяртаючы галоўнага героя да выпіўкі і размовы пра паляванне. 

Паляванне ў спектаклі перманентнае. Яно сярод какафоніі думак становіцца выратавальным канатам, за які Зілаў адчайна хапаецца, руйнуючы ў сабе ўсё маральнае, замяняючы яго ілюзіяй сацыяльнага адабрэння. І няма рэчаіснасці ў качыным паляванні: яно — мэта, Гадо, у чаканні якога знаходзіцца герой. Ён марыць пра яго, каб адчуць сябе жывым, прыносіць у ахвяру сваю чалавечую сутнасць, апускаючыся да жывёльнай патрэбы забіць, каб выжыць. Але за ўсім гэтым не заўважае, як мінае жыццё. 

ДРЭВА БЕЗ КАРАНЁЎ: НЕПАДЛЕТКАВАЯ ТЭМА 

Тры жанчыны, тры сябры, тры качкі — час і прастора, а сіні колер, які выкарыстоўваецца ў сцэнаграфіі, становіцца зна- кам смерці, адчужэння чалавека ад грамадства і самога сябе. Мастак Алена Ігруша праз дэкарацыі распавядае нам уласную ірэальную гісторыю з пранізлівым дрэвам без каранёў, дзвярыма ў чорную прорву, бутэлькамі, на якіх грунтуецца кватэра, і аднастайнымі парыкамі — дэталямі, якія падпарадкоўваюць гледача ўяўленню героя. 

Падмацоўвае гэтую “гульню” і светлавое афармленне, якое (то белым — па-бальнічнаму люмінесцэнтным, то жоўтым — хатнім і ўтульным, то акрэсленым чырвоным — адхіленым і адзінокім) падсвечвае нам падарожжа па зілаўскай падсвядомасці. 

Аднак перыядычна рэжысёр перакульвае на гледача рэальнасць, разбурае гэтую праславутую чацвёртую сцяну, то адпраўляючы акцёраў у залу, то даючы ім месца для экспромту і жартаў. І гэтага гумару шмат, але чым далей, тым усё больш ён афарбоўваецца нягодай, стратай і адзінотай. 

Нягледзячы на ўзроставы цэнз — 16+, — тэмы, якія паднімаюцца, далёка не падлеткавыя: тут нелюбоў у шматгадовым шлюбе, жорсткасць, гвалт, здрады і крызіс трыццаці гадоў… А пасля доўгі час не пакідае экзістэнцыяльнае пытанне: а ці быў насамрэч спектакль? 

Мікалай КАСЦЮКОЎ, 

студэнт журфака БДУ