Недарэчны “падарунак” для ўнікальнага помніка архітэктуры

Увесну 2018 года трактар, які вывозіў гной на палі, сваім прычэпам “бартануў” уяздную браму колішняй Радзівілаўскай рэзідэнцыі. Сваім выглядам яна вельмі нагадвае класічныя трыўмфальныя брамы, якія ў старадаўнія часы будаваліся пераважна ў гонар вайсковых перамог адных імператараў над другімі. Такія аркі стаяць па ўсім свеце, ад Еўропы да Індыі, а самая знакамітая з іх, трыумфальная ў Парыжы, нават дала назоў твору славутага пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка.

І вось такую браму, можа, не такую велічную, як берлінская ці рымская, зачапіў сваім прычэпам перавозчык. У адзін момант арка, якая магла б стаяць яшчэ дзясяткі год, і можа нават дачакацца рэстаўрацыі, стала аварыйнай руінай, якую, на думку мясцовых уладаў, зносіць было небяспечна, аднавіць — немагчыма. Таму яе пакінулі, як нікому не патрэбных старых людзей, “дажываць свой век у старой хаце”. Гісторыя гэта абцяжарана яшчэ і тым, што будынкі колішняга сядзібнага комплекса не з’яўляліся гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А сёння ўжо, відаць, і не з’явяцца. А вельмі шкада, бо маёнтак гэты мае вельмі цікавую гісторыю, і пры належнай увазе з боку дзяржавы мог бы стаць цікавай кропкай турыстычнага маршрута, якая прыносіла б у мясцовы бюджэт дадатковыя сродкі.

Дарэчы, дадам, што па меркаванні Рамана Афтаназія, аўтара выдатнага шматтомнага даведніка па палацах і сядзібах колішняй Рэчы Паспалітай, гэта брама ў свой час выкарыстоўвалася або як невялічкая бібліятэка, або як архіў. Для гэтага меліся два невялічкія памяшканні на другім паверсе.

Ад Бутрымаў да Ельскіх

Першая згадка Жырмунаў датуецца 1217 годам і паходзіць з нямецка-крыжацкай хронікі. На пачатку XV стагоддзя тут атабарыліся Бутрымы, а далей пайшло-паехала: Монтаўты-Кязгайлы-Гаштольды-Завішы і, нарэшце, праз шлюб Барбары Кязгайла-Завішы з наваградскім ваяводам Мікалаем-Фаўстынам Радзівілам (1688–1746) стала ўласнасцю Радзівілаў (бярдзічаўска-жырмунскай галіны роду).

Рэзідэнцыя, як пішуць знаўцы, верагодна закладалася сынам ваяводы, Станіславам Радзівілам (1722–1787), літоўскім падкаморым і генералам войска ВКЛ, які ажаніўся з Каралінай Пацей, дачкой троцкага ваяводы. Лічыцца, што архітэктарам, які ўзяў на сябе адказнасць за будаўніцтва парафіяльнага касцёла ў мястэчку і рэзідэнцыі, быў прыдворны архітэктар Радзівілаў — Ян Падчашынскі. З незразумелых прычын, Падчашынскі так і не пабудаваў галоўны будынак рэзідэнцыі — палац. Пад яго наглядам былі ўзведзены — брама, і паабапал ад яе гаспадарчыя пабудовы і калона св. Яна. У свой час на ёй стаяў бляшаны св. Ян. У наш час на яго месцы — жалезны шпіль, а сама калона патрабуе рэстаўрацыі, бо імкліва губляе атынкоўку. Дарэчы, з невядомай прычыны калонны накшталт гэтай у Беларусі памылкова і пагалоўна залічваюцца ў калоны “У гонар Канстытуцыі 3 мая”. Што цікава, у Польшчы не было такіх калон.

Адзін з флігеляў даўно пераўтварыўся ў друз. Другі ж, хоць і захоўвае падабенства з будынкам, таксама паступова развальваецца. У цёплую пару года там пасвяцца буйнарагатыя жывёлы, якія пакідаюць памяткі аб сваёй прысутнасці. Відовішча бязладдзя, вядома, такое ж сумнае, як і стан брамы.

Рэха падзей

Праз браму праходзіць брукаванка, якая за стагоддзі таксама стала сведкам розных падзей. У 1831 годзе, падчас паўстання ў маёнтку адбыўся бой атрада з корпуса генерала Хлапоўскага з расійскімі казакамі, якія выкарысталі маёнтак як пункт абароны. Дарэчы, пасля Радзівілаў, праз шлюб загаспадарыў у маёнтку Міхал Тышкевіч (1828-1897), вядомы сваімі археалагічнымі раскопкамі ў Егіпце. Кінутая ім жонка прадала маёнтак генерал-лейтэнанту Юзафу Зарэцкаму (1800–1869), выдатнаму вайсковаму інжынеру, будаўніку фартоў у Кранштадскай цытадэлі. У часы Першай сусветнай вайны маёнтак быў татальна разрабаваны, пазней, пасля Рыжскага падзелу 1921 года, быў нацыяналізаваны польскай дзяржавай. У 1923 годзе гаспадаром тут стаў польскі палітычны і грамадскі дзеяч Аляксандр Мэйштовіч (1864–1943), міністр юстыцыі і галоўны пракурор ў часы Пілсудскага. Беларусам ён запомніўся, напрыклад, тым, што быў палымяным прыхільнікам ідэі польскай экспансіі на ўсход і татальнай паланізацыі беларусаў. А яшчэ і тым, што “15 студзеня 1927 года кіраваў арыштамі сябраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады — Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына, Пятра Мятлы і іншых…”.

У 1928 годзе маёнтак перайшоў да князя Юзафа Друцкага-Любецкага (1897-1942). Пра Юзафа вядома няшмат, але верагодна, быў ён сынам Гераніма Друцкага-Любецкага, які падчас перапісу насельніцтва Расійскай імперыі назваў сябе беларусам.

У часы Другой сусветнай вайны ў маёнтку быў нямецкі гарнізон, якому даставалася і ад савецкіх партызан, і ад польскіх — Арміі Краёвай, якая з невядома якой прычыны разглядала беларускія землі працягам Польшчы.

Пасля вайны маёнтак падзяліў лёс сотняў іншых сядзібаў — быў нацыяналізаваны, актыўна выкарыстоўваўся, а потым за непатрэбнасцю пераўтварыўся ў руіну. Шанцы, што жыццё яшчэ вернецца ў маёнтак, не вельмі вялікія. Адзінае, што нагадвае пра тое, што месца яшчэ жыве, некалькі хат, гаспадары якіх добра памятаюць прыгожую браму і белую, добра бачную здалёк калону св. Яна.

Мястэчка Жырмуны і касцёл Адшукання Святога Крыжа

Пасля агляду рэзідэнцыі мы вярнуліся на торны шлях і завіталі ў мястэчка. Касцёл на нашае шчасце быў адчынены. На падворку працавалі людзі, рыхтуючыся да ўстаноўкі новага драўлянага крыжа. Прыемна ўразіла чысціня і дагледжанасць прыкасцёльнай тэрыторыі, на якой акуратна былі пастаўлены старыя надмагіллі, знойдзеныя падчас упарадкавання тэрыторыі. Касцёл быў пабудаваны ў 1789 годзе, аб чым тройчы паведамляюць вандроўнікам розныя мемарыяльныя таблічкі, адна з якіх сведчыць пра гісторыка-культурную каштоўнасць старога будынка.

Парафія была створана ў 1522 годзе, і відавочна, гэта не першы касцёл, які тут быў пастаўлены. Але ўсё роўна — драўляная святыня 1788-1789 года… уражвала. Ксёндз, які акурат у час нашага візіта праводзіў экскурсію для некалькіх турыстаў, не адмовіўся пазней і нам распавесці пра цікавыя старонкі гісторыі касцёла. Захаваўся тут і арган, праўда, пачуць, як ён гучыць, нам не пашанцавала.

Напрыканцы засталося хіба дадаць, што прыкасцёльная вежа-званіца не такая старая. Лічбы на падмурку сведчаць, што пабудавалі яе ў 1894 годзе, наконадні вялікіх пераменаў, якія прывялі да абвяшчэння спярша Беларускай Народнай Рэспублікі, пасля БССР, а потым і стварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Фота аўтара