Глядзець нельга выключыць

Апублiкавана: 28 лютага 2023 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: САКАЛОВА Ганна

Пра што думаюць стваральнікі мультфільмаў, калі выпускаюць прадукт для дзяцей? Абгрунтаваны факт: казачныя персанажы значна ўплываюць на фарміраванне асобы. Якія стужкі падабаюцца сучасным хлопчыкам і дзяўчынкам і ад чаго бацькоў дрыжыкі бяруць, высвятляла “Культура”. 

ВІКТОРЫЯ, медыцынская сястра: 

— Мне падабаецца сучасная анімацыя. У ёй бываюць монстры, розныя дзіўныя жудасныя персанажы, напрыклад Хагі Вагі. Але не лічу, што гэта дрэнна. У казках заўжды прысутнічалі адмоўныя героі, бо дзеці павінны спраўляцца са страхамі, вучыцца інтэрпрэтаваць пачуцці. 

Безумоўна, тое, што мы паказваем маленькаму чалавеку, можа паўплываць на яго. Усё залежыць ад успрымальнасці і псіхатыпу. Кагосьці могуць напаткаць непрыемныя наступствы, у прыватнасці начныя кашмары. Кантраляваць і фільтраваць, што глядзець дзіцяці, павінны бацькі. 

Заўважыла: юнаму пакаленню больш падабаецца сучасная анімацыя. Напрыклад, існуюць праекты, накіраваныя на навучанне і развіццё. З некаторых мультфільмаў нешта новае можа вынесці нават дарослы. 

Ёсць мульцікі для самых маленькіх. Падобныя відэа выпускаюць на YouTube-канале “Кукутики”. Гэта годны прыклад навучальнага матэрыялу. Нядрэнныя серыялы “Щенячий патруль”, “Вспыш и чудо-машинки”, “Малышарики”, “Фиксики”. 

Дурных таксама хапае (“Буба”). Але куды ўжо без гэтага. 

А вось старыя савецкія стужкі ўжо не ўсім зразумелыя. Нават я сама блытаюся, даводзіцца шукаць тлумачэнні ў інтэрнэце, звычайна раюся ў сацыяльных сетках. Канешне, гэта не тычыцца “Простоквашино”, якое любім глядзець. 

Калі гаварыць пра жорсткасць, сустракала яе ў класіцы. Напрыклад, майму дзіцяці было дзіўна пачуць, што Ліса з’ела Калабка. 

Нездарма выстаўляюць узроставае абмежаванне. Бацькам абавязкова трэба звяртаць увагу на яго. Калі рэкамендуюць 3+, то чалавеку да трох гадоў паказваць карціну не варта. 

АЛЯКСАНДРА, фельчар: 

— Для мяне лепшых за савецкія мультфільмы быць не можа! Яны хоць і не такія маляўнічыя, але без негатыву. Вельмі падабаюцца “Бременские музыканты”. 

Аднак мой сын больш любіць сучасныя экранізацыі. Усё ж іншае пакаленне. Заўсёды сачу, што глядзіць дзіця, і адбіраю добрыя мультфільмы, якія развіваюць і нечаму вучаць. Напрыклад, малому падабаюцца “Фиксики” і “Лунтик”. 

А вось “Монстров на каникулах” ці “Шрека” пакуль не паказваю: не дарос яшчэ — тры гады. Для майго дзіцяці, канешне, гэтыя стужкі будуць страшныя. Ды і жарты ў іх не для маленькіх. Я б паставіла абмежаванне 10+, хаця прапануюць 6+. 

ГАННА, барыста: 

— Цяпер шмат годных мультфільмаў. Маляўнічых, з класнымі песенькамі карцін, дзе якасна паказана дабро і зло. Галоўнае — выбіраць, адсяваць дрэнныя. 

“Монстров на каникулах” мы з сынам глядзелі ўжо некалькі разоў. Яму падабаецца падобная тэматыка, і нішто не палохае. Ніякіх праблем не ўзнікала пасля. 

Савецкая анімацыя сустракаецца розная па якасці. “Бременские музыканты” былі любімай стужкай дзіцяці да двух гадоў. Уключае з задавальненнем, ведае ўсе мелодыі адтуль, падпявае героям. Але ёсць і такія казкі, якім сама здзіўляюся і пра якія думаю: “Што ж гэта значыць?” Напрыклад, “Ёжик в тумане”. Ды “Ну, погоди!” нічога добрага не дае. 

Але ж, калі сын быў зусім маленькі, уключала яму толькі савецкія мультфільмы, бо на YouTube вельмі шмат непрыдатнага. А пазней пачала забіраць тэлефон. Трапляюцца такія відэа, што замбіруюць. Ад іх дзеці ў захапленні, а ў дарослых пачынае дваіцца ў вачах… 

Не магу сказаць, якія мультфільмы найлепшыя для выхавання. Тым не менш для сямейнага прагляду часцей выбіраем сучасныя. 

ЮЛІЯ, цырульнік: 

— На жаль, на дадзены момант шмат мультфільмаў з адмоўнымі персанажамі. Такія карціны нічому добраму не навучаць і, натуральна, могуць негатыўна паўплываць на паводзіны дзіцяці, на яго ўспрыманне свету. Героі стужак — гэта прыклад для маленькага чалавека, як можна ставіцца да асяроддзя, аднагодак. Я ўсё фільтрую і не ўключаю, напрыклад, “Хагі Вагі”. 

Сын (каля двух гадоў) глядзіць “Три кота”, “Котэ”, “Машинки”, “Синий трактор”, “Маша и Медведь”. Мы аддаём перавагу прыгожаму малюнку, каб хлопчык вывучаў колеры і чуў гучныя запамінальныя песні, пад якія добра танчыць і спяваць. 

У хвалёнай савецкай анімацыі сучасныя дзеці шмат чаго не разумеюць. І карцінка не такая насычаная і дынамічная. Спрабавала ўключаць сыну “Ну, погоди!”, але яму было зусім нецікава, хоць я ў дзяцінстве вельмі любіла гэты мультфільм. 

Юлія (злева) і Аліса (справа)

Напэўна, усяму свой час. І надыдзе пара, калі пакажу малому класіку. Але ў ёй шмат незразумелых для цяперашняга пакалення дзеянняў і прадметаў, няма мабільных тэлефонаў, планшэтаў, камп’ютараў і іншай тэхнікі. Таксама прысутнічаюць старыя словы, якія давядзецца тлумачыць… Таму больш схіляюся да сучаснай мультыплікацыі. Нават мне цяпер цікавей глядзець яе. Вельмі люблю сусвет дыснееўскіх прынцэс: “Рапунцель”, “Холодное сердце”, “Храбрая сердцем”. 

Праўда, ролікі на дзіцячым YouTube неабходна выбіраць акуратна. І ў любым выпадку заўсёды сачыць, што глядзіць тваё дзіцё. 

АЛІСА, прадавец: 

— Да сучасных мультфільмаў стаўлюся з насцярожанасцю. Канешне, ёсць і годныя, напрыклад “Мадагаскар”, “Барбоскины”, “Фиксики”. А вось такія персанажы, як Кісі Місі і Хагі Вагі, — палохаюць. Думаю, яны негатыўна ўплываюць на псіхіку. І відэа з падобнымі героямі размешчаныя ў адкрытым доступе. На жаль, дзіця ў любы момант можа знайсці непрыдатныя стужкі самастойна. 

Ганна САКАЛОВА

5 парад ад псіхолага, як зрабіць прагляд мультфільма максімальна прыемным і карысным: 

1. Карціна павінна адпавядаць узросту дзіцяці. 

2. Яна мусіць трансляваць правільныя і зразумелыя каштоўнасці. 

3. Праводзіць за мультфільмамі юным гледачам можна не больш за паўтары гадзіны на дзень. 

4.Не варта ўключаць малому анімацыйную стужку, калі праз гадзіну яму трэба спаць. 

5. Лепш не пакідаць дзіця з тэлевізарам сам-насам, глядзець мультфільмы належыць разам з дарослымі.