Перспектывы супрацоўніцтва

Апублiкавана: 04 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У рамках рабочага візіту дэлегацыі Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі 3 сакавіка прайшла сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з намеснікам міністра культуры Расійскай Федэрацыі Алай Манілавай. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і вызначаны задачы на найбліжэйшую перспектыву. На перамовах прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Грызлоў. 

Былі ўдакладнены планы ўзаемадзеяння ведамстваў дзвюх краін па праграме 2023 года. Ала Манілава нагадала, што ў 2019-м кіраўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся аб стварэнні трохгадовай міжведамаснай праграмы супрацоўніцтва з пералікам канкрэтных мерапрыемстваў і тэрмінаў рэалізацыі. Праграма штогод удакладняецца і дапаўняецца новымі пазіцыямі. 

Вялікае значэнне маюць мерапрыемствы, якія ладзяцца не толькі непасрэдна міністэрствамі, але і падведамаснымі ім установамі — тэатрамі, музеямі, бібліятэкамі, творчымі калектывамі. Таксама каардынуецца культурнае супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі і стымулююцца гарызантальныя сувязі. 

На сустрэчы разглядаліся і планы правядзення ў Мінску першага расійска-беларускага музейнага форуму, які мусіць адбыцца ўжо сёлета ўвесну і аб’яднаць прадстаўнікоў не толькі агульнанацыянальных, але і рэгіянальных музеяў абедзвюх краін. Акрамя таго, уздымаліся пытанні збліжэння заканадаўчых баз у галіне музейнай справы і аховы гісторыка- культурнай спадчыны. 

Бакі дамовіліся, што арганізуюць у 2023-м сумесную калегію міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі ўвосень у Брэсце, а таксама Дні духоўнай культуры Расіі, Дні расійскага кіно і іншыя мерапрыемствы. 

Акрамя таго, Анатолій Маркевіч і Ала Манілава гаварылі пра пашырэнне гастрольнай і канцэртнай дзейнасці творчых калектываў дзвюх краін, удзел беларускіх артыстаў у буйных расійскіх праектах, развіццё супрацоўніцтва ў бібліятэчнай і музейнай сферах, фінансаванне Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і рэспубліканскага свята “Александрыя збірае сяброў”.


Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ