Паміж Беніцай і Смалянамі, або чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

Выбар быў невыпадковы. На 21 снежня 2021 года прыпадала 224-гадавіна нараджэння Тамаша Зана і нам хацелася ўшанаваць яго памяць, запаліўшы знічку на яго магіле. Як вядома, менавіта ў Смалянах, на старых каталіцкіх могілках Тамаш Зан знайшоў апошні спачын. Памёр “вечны вандроўнік” на руках сям’і і сяброў пасля няўдалага лекавання. Здарылася тое 7 ліпеня 1855 года ў маёнтку Зана Кахачыне. Першым з беларускіх даследчыкаў, хто яшчэ ў пачатку 1990-х заняўся пошукамі котлішча Занаў, быў пісьменнік Кастусь Цвірка, аўтар некалькіх біяграфічных нарысаў пра Тамаша Зана. Менавіта ён выказаў думку, што “зніклы без следу Кахачын” (так пісаў у сваіх лістах сам Зан), гэта сённяшняя вёска Какоўчын, на поўначы ад Смалянаў. Праз некалькі гадоў пацвердзіў здагадкі спадара Цвіркі аршанскі краязнаўца Віктар Лютынскі. У праграме нашай вандроўкі менавіта гэты маёнтак значыўся пад нумарам “1”.

ДОЎГАЯ ДАРОГА ДА… КАХАЧЫНА

Праехаўшы на цягніку (маршрут Орша — Лепель) каля гадзіны, разам з паляўнічымі і іх сумным і сонным сабакам, мы выгрузіліся з цёплага вагона на прыпынку “Смаляны”. Хоць ён і мае такую назву, але да мястэчка з такой самай назвай ад станцыі каля пяці кіламетраў. Мы ж пайшлі ў іншы бок. Каб адчуць энергетыку мясцовасці, напатоліць позірк краявідамі, каб “перанесціся” ў ХІХ стагоддзе, калі нашы продкі перасоўваліся пешшу ці конем, большую частку часу мы ішлі бязлюднымі палявымі і ляснымі дарогамі. Але, нават заходзячы ў вёскі, мы не бачылі людзей. Хаты, якія хаваліся ў тумане, сустракалі нас праваленымі стрэхамі і насцярожанай цішынёй. Як жа хацелася хоць на гадзінку перанесціся ў Занавы часы, калі вясной на гэтых палетках (цяпер заснежаных) гучна спявалі сотні галасоў. Думалася і аб тым, што, магчыма, дзеля таго, каб зняць мастацкі фільм пра “вёску ў вёсцы”, хутка прыйдзецца будаваць нейкія “пацёмкінскія” дэкарацыі. Усё, што стагоддзямі было неад’емнай часткай пейзажу, знікае. Вельмі імкліва знікае.

Як знікла з твару зямлі тая сядзібка Занаў у Кахачыне. Яшчэ сто гадоў таму, да кастрычніцкіх падзей 1917 года, ў маёнтку жылі Заны і іх сваякі. Але ў наш час там толькі купіна палявых дрэў. Тое самае і на месцы фальварачка Шыркаўшчына, які належаў да маёнтка Кахачын. Месціўся ён за некалькі сот метраў ад сядзібы на поўдзень. Непадалёк ад вясковых могілак.

Гісторыя, якім чынам “пілігрым” Тамаш Зан стаў землеўласнікам, даволі простая. Пасля вяртання ў Беларусь і шлюбу з Брыгідай Святарэцкай, Заны некалькі гадоў пражылі ў маёнтку Аборак, блізу Маладзечна. Але тэрмін трохгадовай арэнды выйшаў і тут, на даляглядзе з’явіўся добры чарадзей. Быў ім ураджэнец Украіны Адольф Дабравольскі, былы сакратар княза Адама Чартарыскага, паходня інтэлектуальнага жыцця ў Нясвіжы. Ён і дапамог Тамашу Зану, саступіўшы яму “за адзін злоты” маёнтачак Кахачын, з умовай, што Зан напіша сваю біяграфію. Былі і іншыя ўмовы, пра якія са скрухай пісаў у сваіх лістах Зан. Дарэчы, зусім побач ад Кахачына ў тыя часы была ваколіца Дабравольшчына, якая даўно ўжо не існуе. З дакументаў, якімі падзяліўся са мной генеолаг Вітальд Ханецкі, вынікае, што сам маёнтачак не быў вялікі. Да 1914 года адбыўся падзел, таму належаў Стафану і Юліі, дзецям Клямента Зана, і Сульжынскім. Альгер жа, брат Стафана, валодаў фальваркам Бараўцы.

Павярхоўны агляд заснежаных краявідаў паказаў: ніякіх памятных камянёў ці турыстычных паказальнікаў, якія сведчаць, што тут жыў наш вялікі суайчыннік, у гэтай мясцовасці няма. Падаецца, што ніколі і не было. Можа, з увагі на тое, што ў наступным годзе мы адзначаем 225-ю гадавіну нараджэння Тамаша Зана, такія знакі з’явяцца? Думаю, аб гэтым варта было б загадзя парупіцца і краязнаўцам, і ўладам Аршанскага раёна і Віцебскай вобласці. З гэтымі аптымістычнымі думкамі мы развіталіся з Кахачынам-Какоўчына.

ПРЫПЫНАК У АДРОЎЦЫ

Прамуючы на Смаляны проста праз палі, спатыкаючыся аб заледзянелыя пачаткі кукурузы, мы абмяркоўвалі, якім чынам у наступным годзе можна было б адзначыць не толькі гадавіну Тамаша Зана, але і 225-ю гадавіну нараджэння Яна Чачота, другога героя філамацкага гуртка. Акурат у гэты момант мы выйшлі да чыгуначнай станцыі Адроўка (накірунак Орша — Лепель), якая можа быць добрым арыенцірам для турыстаў. Бо з яе можна пачынаць вандроўку і ў Какоўчына, і ў Смаляны. А каб неяк ажывіць “халодны” бетонны прыпынак, на ім можна было б замацаваць інфармацыйны шчыт са звесткамі пра Тамаша Зана і яго прысутнасць на Аршанчыне. Хочацца верыць, што кіраўніцтва Беларускай чыгункі з ахвотай падтрымала б такую ідэю.

“ЛЯТУЧЫ ГАЛАНДЗЕЦ” СА СМАЛЯНАЎ

Пераваліўшы праз чыгунку, мы ізноў выйшлі на поле. Недзе наперадзе нас чакалі Смаляны. Вандроўнікам пашанцавала, і рэшту шляху мы праехалі на папутцы. Трэба было спяшацца, бо ў Смаляны мы выбраліся ці не ў самы кароткі дзень года. Кіроўца высадзіў нас на скрыжаванні, на ўскрайку мястэчка, і паехаў па сваіх пільных справах.

Вось тут на нас з густога туману, нібы карабель-прызрак і выплыў “Белы ковель”, замак Сангушкаў. Аслупянеўшыя постаці “чужакоў” выклікалі цікавасць мясцовых жыхароў, якія гатовы былі не толькі патлумачыць, як прайсці да таго ці іншага гістарычнага аб’екта, але і суправадзіць і нават дадаць тое-сёе з багатага запасу ведаў. У другі раз мы так бы і зрабілі, але першы візіт трэба пачынаць “сам на сам” з месцам. Падзякаваўшы за зычлівасць, мы рушылі “шукаць броду” праз замкавы роў.

З ранейшых публікацый і турыстычных нататак мы ўжо ведалі, што ён амаль неадольны. Пра гэту хранічную хваробу замкавай часткі маршруту згадваюць ледзь не ўсе турысты. А тое, што яна папраўдзе даўняя, яшчэ ў 2013 годзе пісаў журналіст “К” Ілля Свірын (№ 18, 2013 год). Месцічы ж нас супакоілі, сказаўшы, што замест спарахнелай кладкі нядаўна там зрабілі мост, па якім “акі посуху” мы лёгка пяройдзем на той бераг. І тут яшчэ раз хочацца сказаць словы падзякі жыхарам Смалянаў. Бо без іх кансультацыі, дзе шукаць тую пераправу, мы б маглі гадзінамі блукаць вакол замка. Праўда, убачыўшы напалову затопленыя бягучай вадой, не вельмі ахайна зробленыя “масткі”, на “фарсаж” мы, не маючы высокіх гумовых ботаў, шчыра кажучы, не наважыліся.

Чаму б, нарэшце, мясцовым уладам не разарваць такую нязручную традыцыю ды не зрабіць годны масток? А можа і два? Адзін ад мястэчка, на месцы згаданага, а другі ад шашы, насупраць вежы? За прыклад можна ўзяць масткі праз водныя перашкоды ў Пружанскім парку ці ў Станькава.

ЦАРКВА З ДВАЙНЫМ ДНОМ

Смаляны надзвычай багаты на помнікі старасвеччыны. Адным з іх з’яўляецца драўляная царква ў гонар Праабражэння Гасподняга, за савецкім часам папрацаваўшая ў якасці вінзавода. У даведніку “Праваслаўныя храмы Беларусі” (2007) сцвярджаецца, што гэты помнік народнага дойлідства ў стылі барока быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя. Але аб унікальнасці храма даведнік сціпла прамаўчаў. Слова Ілле Свірыну: “Унікальны ён з некалькіх прычын. Па-першае, з нейкай і дасюль таямнічай матывацыяй, замест аднаго храма нашы продкі збудавалі “два ў адным”: другая царква размешчана пад першай, на падземным ярусе. А па-другое — выявы ўсіх дванаццаці апосталаў на купале згаданы ў Дзяржспісе асобным радком. Падобных помнікаў народнага сакральнага жывапісу на Беларусі больш няма!”

Шлях ад замка да царквы прамы, як страла. На жаль, на падворку нікога не было, на браме вісеў надзейны замок, таму глянуць на згаданыя вышэй унікальныя асаблівасці храма не ўдалося. Прыемна здзівіў інфармацыйны стэнд з планам мястэчка і гістарычнай даведкай, які быў усталяваны са знешняга боку агароджы. Таму цікаўным няма неабходнасці шукаць не самых лёгкіх шляхоў да ведаў. Дарэчы, інфармацыйны стэнд усталяваны і на замку, праўда, прачытаць пра замак, як мы ўжо ведаем, зможа толькі аматар экстрымальнага турызму.

Другі праваслаўны храм размешчаны ў некалькіх сотнях метраў ад гэтага. Царква ў імя святога Алексія Маскоўскага была пабудавана адразу пасля задушэння вызвольнага паўстання 1863 года. Падобныя цэрквы ў псеўдарускім стылі ў вялікай колькасці з’явіліся ў гэты перыяд па ўсёй тэрыторыі Беларусі і атрымалі нефармальную назву “мураўёўкі”, ад прозвішча віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Сваёй жорсткасцю ў расправах з паўстанцамі ён цалкам заслужыў народную мянушку “Вешальнік”.

Матэрыял, з якога будавалася царква, быў узяты з замка Сангушкаў. З гэтай мэтай Сямёнавы, уласнікі Смалянаў, наладзілі мэтанакіраванае руйнаванне замка. Пірамідальная каплічка-пахавальня Сямёнавых, якая прытулілася побач з царквой, як і храм паціху прыходзіць у поўны заняпад. Падаецца, тут таксама не зашкодзілі хаця б інфармацыйныя стэнды.

 

Зміцер ЮРКЕВІЧ