“З любоўю да музыкі і гледача — ваша Вікторыя Алешка”

Апублiкавана: 06 сакавiка 2023 Стужка Музыка Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Напярэдадні самага жаночага дня года мы пагутарылі з яркай прадстаўніцай беларускай эстрады, якая па праве можа лічыцца прыкладам для многіх маладых выканаўцаў. З Вікторыяй Алешка некаторыя нашы чытачы знаёмыя ледзь не з часоў, калі яна была салісткай легендарнага ансамбля “Верасы”. Зараз кожную пятніцу глядач сустракаецца са спявачкай на тэлеканале “Беларусь 1”, дзе Вікторыя ў складзе журы ўдзельнічае ў праекце “Фактар.by 60+”. Пра творчы шлях, натхненне і жыццёвыя прынцыпы расказвае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь. 

— Вікторыя Робертаўна, мо гэта і нечаканае пытанне, але якія парады вы сённяшняя далі б сабе ў мінулым? 

— Цяжка дакладна адказаць… Усё ў маім лёсе адназначна складвалася так, як патрэбна. І нават падзеі, якіх не хацелася, неслі таемны сэнс, што адкрываўся праз некаторы час. А парады, на маю думку, — справа няўдзячная. 

— Вы — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальніца мноства ўзнагарод, у тым ліку медаля Францыска Скарыны. Якую адказнасць ускладае такі статус? 

— Безумоўна, адчуваецца велізарная адказнасць, бо ты служыш узорам для артыстаў, якія толькі пачынаюць шлях. Таксама абавязаны падтрымліваць свой статус перад гледачом і пастаянна ўдасканальвацца ў прафесіі. Ва ўсякім разе, калі ты цалкам аддаешся любімай справе — гэта прыносіць толькі радасць. 

— У 2022 годзе вы выступілі на сцэне каля 150 разоў, выпусцілі дзевяць новых песень і пяць відэакліпаў. Як атрымліваецца пазбягаць творчага выгарання і захоўваць высокую працаздольнасць? 

— Вядома, я, як і кожны чалавек, стамляюся і ў пэўныя моманты не хачу нічым займацца. У такіх выпадках заўсёды ратуе магчымасць на нейкі час застацца ў адзіноце, ну а потым і пагутарыць з блізкімі людзьмі. Вельмі важную ролю іграе мая каманда, заўсёды гатовая падтрымаць. І, без сумневу, прыхільнікі: без іх мо і не было б матывацыі творча расці. Так што формула аднаўлення простая: некалькі дзён падобнай тэрапіі — і я ў згодзе з сабой. 

— Вы працуеце на сцэне больш за 25 гадоў. Разам з вамі мяняўся і слухач. Які ён, ваш цяперашні прыхільнік? 

— Найперш — гэта людзі, якія цэняць душэўную песню і ахвотна суперажываюць лірычнаму герою кожнай гісторыі, расказанай мной з дапамогай музыкі і тэкстаў таленавітых аўтараў. 

— А ці закрадвалася калі-небудзь думка змяніць род дзейнасці? 

— Калі пачалася пандэмія, мы, артысты, засталіся на доўгі час без працы. За гэтыя балючыя месяцы якія толькі думкі мяне не напаткалі. Тады я і зразумела: мо тое і кепска, але я нічым іншым не здолела б займацца. Таму кожны дзень дзякую Богу, што маё жыццё аддадзена любімай справе. 

— Што вас натхняла на пачатку шляху і што дапамагае ствараць цяпер? 

— І спачатку, і цяпер мной рухала толькі адно — любоў да музыкі і да слухача. 

— Якія мелодыі ёсць у вашым плэй-лісце? Хто з выканаўцаў імпануе? 

— Для мяне ў прынцыпе не вельмі важны жанр. Пры выбары музычнага матэрыялу кіруюся наступнымі крытэрыямі: павінна быць таленавіта, меладычна і якасна. А маім кумірам заўсёды застаецца Уітні Х’юстан. 

— Нядаўна на экраны выйшаў тэлепраект “Фактар. by 60+”, дзе вы — адна з настаўніц. Якой бачыце сваю ролю ў шоу? У чым спецыфіка працы з артыстамі падобнага ўзросту? 

— Гэты праект адрозніваецца тым, што мы не з’яўляемся настаўнікамі. Мы — члены журы, і наша задача — метадам адбору найлепшых выканаўцаў з эфіру ў эфір вызначыць аднаго пераможцу. Я не імкнулася кагосьці з удзельнікаў чамусьці навучыць ці засяродзіцца на іх памылках. Для мяне было важна звярнуць увагу на выбітныя якасці канкурсантаў, падказаць, чым выканаўцы вылучаюцца і падарыць веру ва ўласныя сілы. Бо гэтае шоу больш пра тое, што творчасці ніякі ўзрост не перашкода, а мары здзяйсняюцца: галоўнае — верыць і рабіць усё для іх ажыццяўлення. 

— У вашых песнях часта сустракаецца вобраз жанчыны, што можа быць рознай: эмацыйнай, моцнай, загадкавай і незалежнай. Як бы вы апісалі жанчыну ХХІ стагоддзя? 

— У пытанні і прагучаў адказ. Праўда ў тым, што сучасная прадстаўніца жаночага полу — увасабленне ўсіх стыхій, і ёй пад сілу здзейсніць усё задуманае. І, на мой погляд, гэта выдатна. 

— Нельга не адзначыць ваш прывабны знешні выгляд. Міжволі ўзнікае пытанне: як вы падтрымліваеце такую выдатную форму? 

— Вельмі прыемна гэта чуць, але тут няма ніякіх асаблівых сакрэтаў прыгажосці. Вядома, у сукупнасці працуюць генетыка і самаўдасканаленне. Я імкнуся спаць не менш за восем-дзевяць гадзін, але тое індывідуальна, некаму і шасці досыць, галоўнае — адчуваць, што ты адпачыў. Фітнес, паходы да касметолага, правільнае харчаванне — гэтыя звычкі прынясуць толькі карысць і абавязкова будуць адзначаны тымі, каму я цікавая.

Бліц-апытанка да 8 Сакавіка

— Самы прыемны камплімент, які вам рабілі?

— Я люблю кампліменты, і таму яны ўсе самыя прыемныя.

— Найлепшы падарунак на 8 Сакавіка?

— Думаю, кожная з нас ацэніць увагу.

— З чаго, на вашу думку, складаецца жаночае шчасце?

— Для кожнай жанчыны яно сваё.

— Што б вы маглі пажадаць беларускам у гэтае свята?

— Дарагія нашы прыгажуні, будзьце каханымі, жаданымі і шчаслівымі заўсёды, а не толькі ў Міжнародны жаночы дзень!

Настасся ЮРКЕВІЧ