БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. САКАВІК

Апублiкавана: 01 сакавiка 2023 Каляндар Традыцыі Мінск

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

1. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.

4. сб. Казімір. “Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець”. *Зборава субота. Абрад “споведзі дзежкі”.

5. н. Васіль Капальнік. Са стрэх капае. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года / лета пасля прыняцця юліянскага календара. “Святы Ізбор упярод ступіць”. Пачатак збору селяніна ў поле.

9. ч. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў берлагу на іншы бок.

12. ч. Рыгор. “На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора”.

14. а. Аўдоцця Вясноўка, Аўдокі. Гуканне вясны. “На Аўдокі голы бокі”. (01.03  — Новы год / лета ў мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). “Святы Еўдакей… пераступ года”, “Калі на Аўдакеі добрае надвор’е, то будзе добры лён”.

15. с. Хвядот. “На Хвядота занос — усё сена знясе”.

17. пт. Герасім Гракоўнік. “Герасім гракоў прыгнаў”.

19. н. Язэп. “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту”, “На Язэпа пагода — год ураджайны”.

20. п. Веснавое раўнадзенства. 28-ы месячны дзень, “збыта”. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі “храсты”. Засеўкі. Абрад “жаніцьбы коміна”.

22. с. Саракі. Было Новым годам / летам. Свята вясновага раўнадзенства. “Дзень з ноччу мераецца”, “Святыя Саракі наперад пайшлі”. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Пліска. “На святога Пліска праб’ець лёд і пліска”. *Серадапосце. Выпякалі “храстцы”.

25. сб. Дабравешчанне, Звеставанне. “І птушка гнязда не кладзе”. Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам / летам. “Перша свята — нова летца, Благавешчан зямлю сушыць”. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора”.

26. н. Міжблагавешчыны (да 07.04). Забарона на “запасванне” кароў.

27. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. “Дзікая качка яйцом пахваліцца”.

30. ч. Аляксей Цёплы.Дзень рыбалова. “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”.

31. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.