На сты­ку ку­ль­тур

Апублiкавана: 06 сакавiка 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: Аўтары

У Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава ShivaShakti, прысвечаная Індыі. 

Творы графікі і жывапісу нашых суайчыннікаў Андрэя Ярашэвіча і Аляўціны Башкатавай уяўляюць сабой сінтэз ідэй беларускай і індыйскай культур. Карціны Башкатавай заснаваны на ўспамінах пра месцы, якія пакінулі найбольш моцныя ўражанні падчас падарожжа мастачкі па Індыі. Работы Ярашэвіча даследуюць канкрэтныя тэмы. Напрыклад, у серыі “Шахматы” пераасэнсоўваюцца класічныя вобразы настольнай гульні. Па словах самога Андрэя, ён імкнецца максімальна ясна перадаць задуму, першапачаткова закладзеную ў карціну. Для творчасці Аляўціны характэрныя вобразнасць, метафарычнасць і недагаворанасць. 

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця экспазіцыі 22 лютага паўдзельнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алак Ранджан Джа. 

— Усе гэтыя работы былі створаны двума таленавітымі мастакамі з Беларусі. Калі я ўпершыню ўбачыў карціны, мяне ўразіла тое, наколькі прыгожа і аўтэнтычна перададзены сутнасць індыйскай культуры і зачараванне ёй, — так Алак Ранджан Джа выказаўся пра выставу. 

З прывітальным словам да прысутных таксама звярнуліся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, дырэктар Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Марына Татарэвіч і самі творцы — Андрэй Ярашэвіч і Аляўціна Башкатава. 

Выстава Shiva-Shakti – адно з мерапрыемстваў, прымеркаваных да 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Індыяй і Беларуссю. У канцы сакавіка пройдзе гала-канцэрт, які завершыць юбілейны для стасункаў паміж краінамі год. 

Экспазіцыю можна наведаць да 14 сакавіка.

Дзям'ян КУЛІКОВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ