Супольны праект

Апублiкавана: 10 сакавiка 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

Выстава “Талстой і Беларусь” адкрылася 1 сакавіка ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Гэтая часовая экспазіцыя — супольны з Дзяржаўным музеем Л. М. Талстога ў Маскве праект. 

Выстава, прымеркаваная да 195-годдзя класіка рускай літаратуры, прысвечана сувязі майстра з нашай краінай, а таксама ўплыву яго творчасці на беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. 

На старонках рамана “Вайна і мір”, над якім аўтар працаваў сем напружаных гадоў, шмат распавядаецца пра гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. У экспазіцыі прадстаўлены ілюстрацыі да славутага твора, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі. На іх — апісаныя ў рамане баі, што адбываліся ў беларускіх мясцінах: пераход праз Нёман, бітвы пад Салтанаўкай, на Бярэзіне. 

На выставе таксама можна пазнаёміцца з чарнавымі рукапісамі рамана, матэрыяламі, якія расказваюць пра вайсковы досвед класіка. 

Яшчэ адзін раздзел экспазіцыі змяшчае пераклады кніг Льва Талстога на нашу мову з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта апавяданні для дзяцей, “Севастопальскія апавяданні”, раман “Васкрасенне”, аповесці “Хаджы-Мурат”, “Каўказскі палоннік” ды іншыя. 

Акрамя таго, праект уключае цікавыя неапублікаваныя архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем Л. М. Талстога, матэрыялы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. 

Выстава, якая працягнецца да 26 мая, зацікавіць навукоўцаў, даследчыкаў, музейных супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, а таксама ўсіх, хто любіць гісторыю і літаратуру.