Як заўсёды, як пры ім… Частка І

Апублiкавана: 11 сакавiка 2023 Стужка Музыка Мінск Соцыум

Аўтар: Аўтары

Ужо чацвёрты дзясятак гадоў “АБ” — наш гонар, славуты “Аркестр Беларусі” — удасканальвае майстэрства, заваёўвае новыя пляцоўкі, новых слухачоў, знаёміць нас з новымі творамі і выканаўцамі. Але вось адышоў у невараць мой таварыш ажно з 1960-х гадоў, стваральнік і нязменны кіраўнік “АБ” Міхаіл Якаўлевіч Фінберг. І адразу непакой: хто ўзначаліць калектыў? Як спрацуюцца новыя дырэктар і мастацкі кіраўнік? 

ФІНБЕРГ = “АБ” 

15—17 студзеня 2023 года ізноў я ў знаёмай зале клуба імя Дзяржынскага — у 34-ы раз на джазавым фестывалі. Дарэчы, не прапусціў аніводнага! Сёння форум ідзе пад назвай “XXXIV Музычны праект «Мінскі джаз»”. 

Чакаю, каб убачыць на сцэне, як у паўцемры пабліскваюць інструменты бэнда. 

Але чырвоная заслона… апушчана! Што за ёй? 

Пакуль не пагашана ў зале святло, згадваю… 

* * * 

Каго толькі не слухалі мы ў межах джазавых фестываляў, зладжаных Фінбергам! 

Трыа Аркадзя Шыльклопера, гурты Анатоля Крола, Данііла Крамера, Вадзіма Эйленкрыга; бэнды: прыбалтаў, дзіцячы з Масквы, Георгія Гараняна; аркестр джазавай музыкі імя Алега Лундстрэма пад кіраўніцтвам Уладзіслава Кадэрскага; вакальны квартэт “Масква-Транзіт” — усіх ужо не ўспомніць. У суправаджэнні “АБ” спявалі найлепшыя джазавыя вакалісты свету. 

Але галоўным, канешне ж, было прадэманстраваць майстэрства “АБ”. А яно, сведчу, расло ад фестывалю да фестывалю. 

Што ж чакае аматараў джаза ў наступныя тры дні? 

ФІНБЕРГ — РАСОХА = ЦІХАНОВІЧ 

Фінберг не рыхтаваў замену на пасаду дырэктара. 

Дзмітрый Ціхановіч, шараговы музыкант-духавік, 24 гады “дудзіць” у “АБ”. 

Фінберг пакепліваў, калі Дзмітрый спрабаваў паўтараць на трубе фіярытурныя “фокусы” бэнд-лідара Валерыя Шчарыцы: “Што, студэнт, нахватаўся? Такім жа спрабуеш стаць? Ну, давай, давай!” 

І малады трубач імкнуўся “даваць”: стаў пасля Шчарыцы першай трубой аркестра. 

Сёння ў кабінеце новага дырэктара Дзмітрыя Ціхановіча ў куточку акуратна ў стойцы блішчаць флюгельгорн, труба і карнет. 

З шасці гадоў Дзмітрый вучыўся ў школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка. Там — дысцыпліна, самаарганізаванасць. Там пачалі выяўляцца здольнасці лідара: музыкант удзельнічаў у КВЗ, быў вядучым канцэртаў, якія сам і ладзіў. 

Затым дыплом, а пасля праслухоўвання маэстра залічвае Ціхановіча ў штат аркестра. 

Дзмітрый сядзіць побач са славутымі, амаль што легендарнымі трубачамі “АБ”: Валерыем Шчарыцам, Уладзімірам Семенюком. 

Але Фінберг яшчэ цаніў Дзмітрыя як сваю правую руку, як арганізатара: “Дзіма, абавязкова трэба… Дзіма, прасачы… Дзіма, зрабі… Дзіма, дамоўся… Дзіма, тэрмінова трэба…” 

Словам, у выніку калектыў аднагалосна абраў дырэктарам Ціхановіча — свой чалавек. 

* * * 

Нічога новага для Дзмітрыя Пятровіча не было: гаспадарку “АБ” ён ведаў. Бачыў, як Фінберг пасля кожнага канцэрта стаяў на апусцелай сцэне, пакуль не разманціруюць апошні станок, не зматаюць апошні кабель ад мікрафонаў да ўзмацняльнікаў, не загрузяць апошні пульт; як маэстра пасля джазавага фестывалю сачыў позняй ноччу за фурай з загружаным абсталяваннем “АБ”, якая ледзь праціскаецца з двара клуба Дзяржынскага цераз цесны выезд на вуліцу: каб не абадраць сцены, каб не памяць фуру. 

Ва ўсё ўнікаць самому, усё самому правяраць, кантраляваць! 

Ведаў Дзмітрый яшчэ шмат захадаў Фінберга. 

Але цяпер да ведаў дадавалася адказнасць. 

Адказнасць адміністрацыйная — усяго не пералічыць! 

Але галоўная адказнасць — за людзей. 

Штат аркестра — каля 90 асоб — міні-філармонія! А гэта: 90 характараў, 90 лёсаў, 90 сем’яў, урэшце — 90 амбіцый. 

* * * 

Вялікая апора маладому дырэктару — “спадчына”: галоўны бухгалтар Ніна Нарэйка. Яна адна з трох асоб, “прыхопленых” з адміністрацыі цыр¬ ка. Ёй Фінберг, толькі яшчэ арганізоўваючы “АБ”, даверыў весці складаны фінансавы напрамак. Ніна Эдуардаўна папярэджвае, што можна зрабіць без парушэнняў і рызыкі, што катэгарычна забаронена. 

Ужо ў гэтым годзе, ледзь ён пачаўся, — напярэдадні Куцці і Раства — у Нясвіжскім замку “АБ” даў два канцэрты. У праграме — Глен Мілер і нашы Яўген Грышман, Яўген Глебаў, Юрый Бяльзацкі. 

Так што — працягваецца традыцыйнае свята джаза! Ды як раней, як некалі: тры вечары запар “даём джаза”! 

ФІНБЕРГ — ЦІХАНОВІЧ = РАСОХА 

Фінберг не рыхтаваў замену на пасаду мастацкага кіраўніка. 

Ледзь я дазнаўся пра скон Мішы, першы клопат быў пра лёс “АБ”: хто ўзначаліць? Зразумела, што сумяшчэння пасад дырэктара і мастацкага кіраўніка больш не будзе. Ну, кандыдата ў адміністратары шукаць не трэба. Але хто пасля адліку тэмпу ўскіне кіёчак, даючы ўступ аркестру, хто “здыме” гучанне фінальнага акорда… 

Ды ўвогуле — возьме кіраўніцтва? Мас-тац-кае! 

Новы лідар павінен быць вельмі спрактыкаваны, з глыбокім веданнем класічнай і джазавай музыкі, мець вопыт кіравання калектывамі розных напрамкаў і аб’ёмаў, карыстацца аўтарытэтам у музычных колах, урэшце, быць артыстычным, абаяльным для гледачоў. 

Няблага разбіраючыся ў музычных колах Мінска, такога кандыдата ў лідары я прыгадаў толькі аднаго — Максіма Расоху. 

* * * 

У 2014-м годзе ён уразіў мяне, запрасіўшы ў вялікую студыю радыё, дзе распавёў слухачам пра кампазітарскую спадчыну Юрыя Давыдавіча Бяльзацкага. Чаму паклікаў мяне? Аказваецца, Максім прачытаў маю кніжку “Магія белага экрана” з часткай пра Бяльзацкага “Той, хто застаўся ў цені”, адтуль дазнаўся, што я асабіста ведаў Юрыя Давыдавіча, і зацікавіўся спадчынай асобы “ў цені”… 

Пачаў Максім корпацца ў бібліятэках і архівах, шукаючы творы гэтага піяніста-аранжыроўшчыка джазаркестра БССР пад кіраўніцтвам Эдзі Рознера. І высветлілася, што Бяльзацкі стаўся яшчэ і вельмі пладавітым кампазітарам! 

На той імпрэзе ў студыі радыё ўперамежку з расповедам Расохі гучалі творы Юрыя Давыдавіча, якія Максім пераклаў для квінтэта драўляных духавых інструментаў. Сам іграў на габоі. 

Далей я бываў запрошаны на ўсе выступленні на розных мінскіх пляцоўках калектываў пад кіраўніцтвам Максіма Расохі: студэнцкага духавога аркестра Акадэміі музыкі, гомельскага джаз-аркестра, калектыву салістаў “Мінск-Класік”, гурта клезмераў, канцэртнага аркестра “Няміга”. Нейкі час, недзе з год, быў Максім і дырыжорам у штаце Прэзідэнцкага аркестра. Музыкант — выкладчык у дзіцячай музычнай школе № 10. 

І яшчэ “козыр”: Расоха — абаяльны вядучы! З ненадакучлівым гумарам падае інфармацыю пра твор, які будзе выконвацца, кампазітара, а то і распачынае гульню ці дыялог са слухачамі. 

Аднойчы духавік запрасіў мяне ў філармонію на Пятую сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча і ціха ў час выканання ўказваў на сэнс і прыгажосць фрагментаў твора. 

Праз некаторы час Максім Мікалаевіч паведаміў мне: яго запрасілі ў міністэрства і прапанавалі ўзяцца за мастацкае кіраўніцтва аркестрам, дадаўшы, што іншых прэтэндэнтаў на гэтую пасаду не было. 

* * *

Але вось, урэшце, пачатак канцэрта. За заслонай грымнулі барабаны, загучала знаёмая музыка: Луіс Прыма — “Спявай, спявай, спявай!”. Нейкі час заслона апушчана. Ага, значыць, пачынаюць не традыцыйна, а як некалі ў Эдзі Рознера! 

Заслона разышлася па баках. Музыканты — амаль усе мне знаёмыя, ёсць, канешне, “амаладжэнне”... 

Толькі не з’явіцца пад авацыі і не павітае залу Міхаіл Якаўлевіч. Не падніме пад апладысменты з першых радоў ветэрана аркестра, з якім працавалі яшчэ ў цырку, першага заслужанага артыста ў “АБ”, трубача-віртуоза Валерыя Шчарыцу… І абодва адышлі ў вечнасць у 2021-м, адзін за адным праз няпоўныя тры месяцы. 

А так… на сцэне ўсё без змен. 

Як пры ім, пры маэстра Фінбергу. У зале няма вольных крэслаў, як звычайна, — аншлаг. 

Праўда, размяшчэнне аркестра на сцэне іншае: не ў фронт, а крыху па дыяганалі, ды і рытм-секцыя перанесена ў процілеглы бок. 

І ўрэзваецца нечакана абвяшчэнне: “Аркестр… імя Міхаіла Фінберга”. 

Вечная памяць стваральніку і першаму кіраўніку! Напрыканцы лютага мы віншавалі б маэстра з днём нараджэння… 

Уладзімір АРЛОЎ 

Фота аўтара