“Мы акрыялі, не здаліся…”

Апублiкавана: 14 сакавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: Аўтары

Пра здабыткі, праблемы і перспектывы галоўнай драматычнай сцэны краіны — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — пагаворым з яго мастацкім кіраўніком, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Вольгай Няфёдавай.

— Нам па-ранейшаму не стае акцёраў, аднак магу сказаць: Купалаўскі тэатр ніколі не працаваў так шчыльна, так насычана, так ярка. Мы выпускаем па 4—5 спектакляў на год, што было рэдкасцю нават пры цалкам сфарміраванай трупе. Усё гэта дзеля шаноўных гледачоў. Мы жывыя: акрыялі, не здаліся, не паддаліся на ўсялякія правакацыі. І нас нішто не зломіць, нішто не перашкодзіць нам казаць з вялікай сцэны пра сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, спектаклямі выхоўваць у моладзі правільнае стаўленне да старэйшага пакалення, да радзімы, да жыцця. 

Місія любога тэатра, а нацыянальнага тым больш, — несці нацыяна- льную культуру, выхоўваць асобу згодна з духам часу і курсам дзяржавы. Сваёй творчасцю мы гаворым пра сапраўдныя каштоўнасці — душу, радзіму, патрыятызм, дабрыню — і пра тое, як быць чалавекам, нягледзячы на складаныя перыпетыі ва ўсім свеце. 

Мы ідзём поруч з Міністэрствам культуры, якое дапамагае ва ўсіх пытаннях. Па 30-гадовым вопыце працы ў Купалаўскім тэатры магу сказаць, што цяпер, напэўна, упершыню міністр і ўсё ведамства з такой увагай адносяцца да ўстановы: нас чуюць і бачаць, прыходзяць да нас. І мы вырашаем значную колькасць складаных пытанняў, якія ўзнікаюць цягам рэпетыцый і падчас працы ўвогуле. 

У нас яркая, бурная гастрольная дзейнасць. Мы ездзім па гарадах Беларусі, і паўсюль нас прымаюць на “ўра”, не адпускаюць. Прыходзяць заяўкі — і мы вяртаемся ў тыя месцы, дзе ўжо бывалі. Гэта паказвае, што людзі засумавалі па сапраўдных каштоўнасцях. Народ ашалеў ад патоку негатыўнай інфармацыі, а душа ж прагне шчырага і светлага! Што да фарміравання трупы, адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. 

Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу — каб у тэатры былі найлепшыя як па таленце, так і па душэўных якасцях. Гэта абавязкова, як паказаў 2020-ы. Самае важнае патрабаванне да кандыдатаў — талент, бо Купалаўскі тэатр заўсёды (і 100 гадоў таму, і цяпер) вылучаецца прафесійным акцёрскім складам. Яшчэ адзін важны крытэрый пры адборы ў трупу — душэўныя якасці, што адпавядаюць гордаму імені Чалавек. Подлых і злосных людзей сцэна не прымае, адштурхоўвае. Таксама мы карыстаемся дапамогай акцёраў з іншых труп, якія з’яўляюцца патрыётамі і сапраўды любяць тэатр. 

Наконт маладога пакалення магу сказаць, што яму не хапае нармальных ведаў. Гэта біч нашага грамадства. І прывяла да такой сітуацыі вялікая бяда — інтэрнэт. Павярхоўнае чытанне, выхопліванне звестак з рэсурсаў сусветнага павуціння зрабілі сваю згубную справу. Цэлыя пакаленні, на сорам і жах, адышлі ад чытання. А ты не будзеш акцёрам, калі не чытаеш, калі не развіваеш фантазію і чалавечыя якасці. Маладым не стае агульнай эрудыцыі і ўсведамлення маральных каштоўнасцей. Адсюль неразуменне, што такое радзіма, як варта ставіцца да старэйшага пакалення, якімі мусяць быць адносіны да тых, хто цябе выхоўвае. 

Мы працуем з рознымі пастаноўшчыкамі. Няма такога рэжысёра, які выдатна можа зрабіць і камедыю, і трагедыю, і трагікамедыю, і меладраму. Гэта сведчыць, што тэатр мусіць складацца з розных рэжысёраў. Такім чынам ён развіваецца, а не стаіць на месцы і буксуе. Да прыкладу, у Валянці- ны Ераньковай зусім іншая эстэтыка, хутчэй эстэтыка Рускага тэатра. Але менавіта таму мы папрасілі творцу зрабіць пастаноўку паводле Астроўскага. Я не скажу, што гэта сапраўды купалаўскі спектакль, але ён мае права на жыццё. Астроўскі ў сённяшнім све- це можа быць такім. Гэта цікавы эксперымент. Цяпер вядзём перамовы з трыма моцнымі рэжысёрамі. І, дай бог, у нас усё атрымаецца, з’явяцца новыя спектаклі. Тэатр будзе жыць абавязкова! 

Шура ДАНІЛОВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ