Ма­гі­лёў. Кан­такт. Мас­кі

Апублiкавана: 20 сакавiка 2023 Стужка Тэатры Магілёў і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сёння, 20 сакавіка, Магілёў сустрэне гасцей і ўдзельнікаў ХVІ Міжнароднага тэатральнага маладзёжнага форуму “М.@rt.Кантакт”.

Звычайна фестываль пачынаўся 21 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра лялек, і завяршаўся 27-га — у Сусветны дзень тэатра. Сёлета было вырашана пашырыць форум яшчэ на адзін дзень, пачаўшы яго крыху раней — у гонар 135-годдзя Магілёўскага абласнога драмтэатра. Асноўная праграма ўтрымлівае 19 спектакляў з чатырох краін: Балгарыі, Казахстана, Расіі і, вядома, Беларусі. На многія спектаклі квіткі былі раскуплены літаральна адразу— у тым ліку на “Карэніну” паводле рамана Л.Талстога ў версіі мінскага праекта “ТрыТфармаТ”, дзе ў галоўнай ролі выступае Вера Палякова, на “Фігаро” Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага ТЮГа, які гэтая артыстка ўзначальвае як дырэктар. 

Айчыннае прадстаўніцтва на форуме багатае: акрамя згаданых калектываў, гэта Гродзенскі абласны тэатр лялек з “Локісам”, Тэатр-студыя кінаакцёра з “Мікітавым лапцем”, РТБД з “Пачупкамі”. Асаблівую ўвагу выклікае марафон Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра — “451о па Фарэнгейце” ў двух спектаклях, што будуць паказаны паслядоўна за адзін дзень: “Шлях Кларысы” і “Шлях Мілдрэд”. Гаспадары-магіляўчане падрыхтавалі тры фестывальныя пастаноўкі: “Магіла ільва” тамтэйшага тэатра лялек, аўтарскі монаспектакль “Я — лепшы!” і, у драмтэатры, “Шалёныя грошы” паводле А. Астроўскага, прыпасеныя на фінал. Разнастайна будзе прадстаўлена тэатральная Расія: прыедуць чатыры калектывы, у тым ліку з Арла і Пярмі. Па два спектаклі прывязуць Пецярбургскі камерны тэатр “ТОК” (“Марыя Сцюарт”, “Фауст”) і Дзяржаўны тэатр драмы і камедыі са сталіцы Казахстана — Астаны (“Чарлі Чаплін”, “Дэтэктыў Крыстофер”). 

Тры найлепшыя спектаклі, па версіі трох складаў журы (экспертаў, маладзёжнага журы і самага прадстаўнічага — глядацкага), атрымаюць “Залатыя маскі”. Астатнія ўдзельнікі будуць узнагароджаны “Срэбранымі маскамі” і дыпломамі. 

Як заўжды, запланавана творчая майстэрня. Гэтым разам з магілёўскімі артыстамі будуць працаваць расійскія рэжысёры Андрэй Багданаў і Мікалай Балабан. Яны пакажуць эскізы ў выглядзе site specific, дзе абранае месца дзеяння (і гэта не стацыянарная сцэнічная пляцоўка) дыктуе пастаноўчыя дэталі. Дый пасля завяршэння форуму, скіраванага найперш на моладзь, адчуванне фестывальнага свята захаваецца: у апошні сакавіцкі вечар Магілёўскі драмтэатр прэзентуе сваю прэм’еру — “Лес” А. Астроўскага ў версіі запрошанага рэжысёра Яўгена Ланцова (Расія). 

Надзея БУНЦЭВІЧ