Наш трывалы падмурак

Апублiкавана: 17 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: Аўтары

Урачыстасці, канцэрты, патрыятычныя акцыі — 15 сакавіка беларусы адзначылі адно з галоўных сваіх свят. 

Дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — бярэ пачатак 15 сакавіка 1994 года, калі быў прыняты гэты дакумент. Ён заклаў трывалы прававы падмурак незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх грамадзян краіны з Днём Канстытуцыі. Звяртаючыся да суайчыннікаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: “У Год міру і стварэння гэтае свята набывае асаблівую значнасць. Асноўны Закон краіны адлюстроўвае шматвяковае імкненне беларусаў самім вызначаць свой шлях развіцця, жыць у незалежнай дзяржаве, сваёй працай забяспечваць дабрабыт грамадства”. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што абноўленая ў пераломны для дзяржавы час Канстытуцыя захавала асноўныя прынцыпы міралюбнасці, сацыяльнай справядлівасці, павагі да дасягненняў мінулага, пераемнасць традыцыйных каштоўнасцей нашага народа, стала надзейнай асновай для ўмацавання грамадскага адзінства, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, зладжанай і эфектыўнай работы ўсіх галін улады. 

“У сучасных геапалітычных умовах няўхільнае прытрымліванне палажэнняў Асноўнага Закона служыць надзейнай гарантыяй абароны нацыянальных інтарэсаў, умацавання прававога фундаменту беларускай дзяржаўнасці, робіць нас яшчэ больш моцнымі і паспяховымі”, — перакананы Прэзідэнт. 

Сваё віншаванне Кіраўнік дзяржавы скончыў словамі: “Няхай наша родная краіна заўсёды будзе мірнай, шчаслівай і квітнеючай!” І гэтыя словы рэфрэнам пранесліся па Беларусі — ва ўсіх яе кутках прайшлі ўрачыстасці і патрыятычныя акцыі. 

Так, 13 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў 14-гадовым юнакам і дзяўчатам. Свой першы галоўны дакумент атрымалі выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд, актывісты БРСМ і БРПА. У мэтах патрыятычнага выхавання, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі і адказнасці ў падрастаючага пакалення Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” праводзіцца ў самых знакавых месцах краіны, у найлепшых установах культуры. 

Паўсюль ладзіліся і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. Да прыкладу, Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала выставу “Асноўны закон дзяржавы”. У экспазіцыі — выданні першай савецкай Канстытуцыі ССРБ 1919 года, чатырохмоўнай Канстытуцыі БССР 1927-га, іншыя канстытуцыі савецкага перыяду. На цэнтральным месцы — выданне 1994 года — Канстытуцыі, якая з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку беларускай канстытуцыяй. Часовая экспазіцыя “Канстытуцыя — галоўны дакумент краіны” працуе і ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. 

Палац Рэспублікі сумесна з беларускай Музычнай медыякарпарацыяй 15 сакавіка прадставіў праграму “Зямля пад белымі крыламі” ў Маскве. Канцэрт, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшоў на сцэне дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі.