Урокі абмену

Апублiкавана: 27 сакавiка 2023 Стужка Тэатры Брэст і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Напярэдадні Міжнароднага дня лялечнікаў, які адзначаецца 21 сакавіка, Брэсцкі і Беларускі дзяржаўны тэатры лялек абмяняліся гастролямі. Абодва калектывы прадставілі ў гасцях па два спектаклі з паўторнымі паказамі. 

— Гэта была наша ініцыятыва, — расказала дырэктар Брэсцкага абласнога тэатра лялек Тамара Паўлюковіч. — І мы вельмі ўдзячныя, што мінскі тэатр падтрымаў прапанову. Вызначаючы праграму, мы нават праводзілі ў сябе сацыяльнае апытанне, своеасаблівы экспрэс-тэст, каб даведацца, што хоча паглядзець брэсцкая публіка. Так, мы вельмі прасілі прывезці “Пансіён Belvedere”, бо гэты спектакль не можа не ўразіць. Хацелі нейкую казку для школьнікаў — і атрымалі выдатны спектакль “У краіне нявывучаных урокаў”. Яго сюжэт знаёмы многім па колішняму савецкаму мульціку, але ані не састарэў: вучні, здараецца, усё гэтак жа лянуюцца і не вельмі любяць рабіць дамашнія заданні. 

З не меншай стараннасцю абіралі тое, што павязём самі. На жаль, мы можам паказаць у сталічным тэатры лялек далёка не ўсе свае творчыя працы. Перашкаджае тэхнічны момант: наша сцэна большая, чым у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Таму даводзіцца шукаць кампраміс. У выніку спыніліся найперш на “Манерніцах” Мальера, якіх шэсць гадоў таму ставіў у нас Аляксей Ляляўскі. Але ж за гэты час у нас змяніліся акцёры, у спектакль дадаліся дзве маладзенькія дзяўчынкі — Марта Жмінько і Таццяна Сіхварт. І мы вельмі ўдзячныя Аляксею Анатольевічу, што ён добра папрацаваў з імі. Безумоўна, гэта было вельмі важна! Бо абменныя гастролі — гэта яшчэ і абмен вопытам. Ну а ў якасці дзіцячага спектакля прывезлі адну з нядаўніх прэм’ер — “Шчаўкунка” ў пастаноўцы Дзяніса Казачука, не так даўно прызначанага галоўным рэжысёрам нашага тэатра. Усе азначаныя паказы — і ў Мінску, і ў Брэсце — былі аншлагавымі. Гэта не можа не радаваць. Падобныя абменныя гастролі мы практыкуем даўно. Летась гэтак жа мяняліся спектаклямі з Гродзенскім абласным тэатрам лялек, увосень плануем паехаць у Магілёў, каб магілёўскія лялечнікі прыехалі да нас. Такая зваротная сувязь між тэатрамі неабходная! І для саміх калектываў, вядома, і непасрэдна для гледачоў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ