Красуй, красавік!

Апублiкавана: 29 сакавiка 2023 Стужка Анонс не указан

Аўтар: Аўтары

Красавіцкі каляндар адкрывае Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі ў Полацку. У праграме — сем канцэртаў, дзе выступяць вядомыя выканаўцы Беларусі і Расіі. Урачыстае адкрыццё адбылося 26 сакавіка, а музычная праграма, якая разгорнецца на базе Сафійскага сабора, працягнецца па 20 красавіка.

Першага красавіка да сябе запрашае Гродна — на фестываль-кірмаш вырабаў народных промыслаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Штогод напярэдадні Вербнай нядзелі больш за 100 майстроў Гродзеншчыны прадстаўляюць свае творчыя работы: вербачкі, яйкі-пісанкі, святочныя сувеніры, паштоўкі ручной работы, кошыкі, сурвэткі з велікоднай сімволікай і традыцыйную выпечку.

Унікальнае Свята Пісанкі заплаванае на 23 красавіка ў гарадскім пасёлку Сапоцкін, што на Гродзеншчыне. Мясцовая тэхналогія ўпрыгожання велікодных яек — пісанак — унесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Арганізатары запрашаюць усіх наведаць Велікодны сад і павесіць на дрэва сваю пісанку. Тут жа пройдуць майстар-клас па роспісе велікодных яек і традыцыйныя баі варанымі яйкамі “Біткі”. На працягу свята будуць арганізаваныя тэматычныя фотазоны, конкурсы для дзяцей і квэст-гульні.

А паглыбіцца ў традыцыі Брэстчыны запрашае аграгарадок Бездзеж, што ў Драгічынскім раёне. Там 16 красавіка пройдзе вясновы абрадавы карагод “Стрылка”: у першы дзень праваслаўнага Вялікадня пасля вячэрняй службы з выкананнем спеваў удзельнікі абраду абыходзяць хросным ходам Свята-Троіцкую царкву, а затым водзяць карагод як сімвал сонца, цёплай пары года, адраджэння жыцця і пачатку палявых работ. Таксама ў рамках свята праходзяць выступленні фальклорных калектываў.

Яшчэ адзін абрад — “Ваджэнне Сулы” — правядуць 17 красавіка ў вёсках Гадзічава і Маркавічы на Гомельшчыне. Цырымонія патрэбная для добрага ўраджаю, моцнага здароўя ўсіх жыхароў і каб засцерагчыся ад прыроднай стыхіі — маланкі. Дарэчы, абрад “Ваджэнне Сулы” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе.

Наступнае брэндавае мерапрыемства адбудзецца 15 красавіка. У Гомелі пройдзе Сусветны дзень цырка — маляўнічае свята, якое нікога не зможа пакінуць абыякавым. Штогод Гомельскі дзяржаўны цырк рыхтуе для наведвальнікаў розныя тэматычныя пляцоўкі, майстар-класы і захапляльную цыркавую праграму для дзяцей і дарослых.

На гэтым жа тыдні 21 красавіка пройдзе сацыяльна-культурная акцыя “Бібліяноч” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Мерапрыемства ладзіцца ў падтрымку чытання і сацыяльнай значнасці літаратуры як найважнейшай часткі нацыянальнай культуры. У праграме — мноства тэматычных пляцовак для дарослых і дзяцей: квэсты, шахматна-шашачныя турніры, выступленні музыкантаў, літаратурныя віктарыны, ілюзійныя шоу, музычна-літаратурныя гасцёўні, дэманстрацыя кінастужак і многае іншае.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў з 20 па 22 красавіка адбудзецца Рэспубліканскі конкурс “Дэнс-кангрэс”. У спаборніцтве возьмуць удзел найлепшыя моладзевыя харэаграфічныя калектывы і сольныя выканаўцы. Яркім і незабыўным відовішчам стануць цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт закрыцця конкурсу, на якім выступяць пераможцы і прызёры.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з 17 па 22 красавіка адбудзецца VI Міжнародны Велікодны фестываль. Для наведвальнікаў падрыхтаваныя творчыя мерапрыемствы з удзелам вядучых музыкантаў Рэспублікі Беларусь і замежжа, а таксама канцэрты таленавітых маладых музыкаў.