Аповед пра смаргонскага Майстра і яго Музу

Апублiкавана: 07 красавiка 2023 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Спачатку была печ. Яе зрабіў гаспадар сям’і Валерый Гундра. А потым перадаў эстафету жонцы Наталлі — і яна асвоіла выпечку сапраўднага вясковага хлеба. “Хлеб палюбіла ўся сям’я: муж, сын, дачка, свякроў. І мне падабаецца, і маім сябрам, і знаёмым — усім, каго частую ад шчырага сэрца”, — усміхаецца Наталля Мікалаеўна, якая вось ужо на працягу чатырох гадоў раз на тыдзень становіцца пекарам. А ўвогуле яна медсястра неўралагічнага аддзялення бальніцы, родам са Случчыны, у Смаргонь прыехала ўслед за мужам. 

СПРАВА ДЛЯ ФІЛОСАФА 

Валерый Гундра — вядомы на Смаргоншчыне пячнік. Лічыцца, што добрая печ атрымліваецца ў таго, хто мае ў сабе задаткі канструктара, будаўніка, дызайнера, архітэктара і... філосафа. Чым больш паглыбляешся ў размову з Валерыем Вацлававічам, тым больш пераконваешся ў згаданым. “Пячная справа” — цэлая філасофія. 

Пячнік Валерый Гундра і ягоная печка

Пячнік Валерый Гундра і ягоная печка

Печ нярэдка была гераіняй народных казак і заўсёды займала галоўнае месца ў хаце. Менавіта печ — галоўная крыніца энергіі, самае цёплае месца ў доме. Зімой селянін мог сабе дазволіць даўжэй паляжаць ці паспаць на ёй. Прычым ляжаць на печы меў права толькі мужчына, галава сям’і або старац. А вось дзеці маглі залезці на печ ненадоўга — толькі з дазволу дарослых у якасці забавы. 

У печы быў “бабін кут”, куды ўваход мужчынам забараняўся. Там захоўваўся посуд, там жанчыны займаліся рукадзеллем. Часта кут ад асноўнай часткі хаты аддзяляла спецыяльная фіранка. За ёй хавалася нявеста перад вяселлем, тут жанчыны нараджалі і кармілі дзяцей 

МАЦІ РОДНАЯ 

“У печы гатаваць ежу нашмат прасцей, чым на газавай ці электрапліце. Пратапіў, паставіў ежу — і пайшоў на гадзіну-дзве-тры… Эфект мультываркі”, — зазначае смаргонскі пячнік. 

Пры будаўніцтве новай хаты першай справай праектавалі печ, а потым усё астатняе. Адсюль пайшла прымаўка “танцаваць ад печкі”. Беларусы часта называлі печ “маці роднай”. 

"Мяне цешыць думка, што, калі нас не будзе, застанецца печ, а яна прастаіць і сто гадоў — гарантую! І наш сын ці дачка будуць гаварыць сваім унукам: «Гэту печ зрабіў ваш прадзед, а прабабуля пякла ў ёй смачны хлеб»"

Такой важнай справай, як стварэнне печы, Валерый Вацлававіч пачаў зай- мацца яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Пазнаёміўся з легендарным мінскім печніком Пятром Чэркісам. “Менавіта ў яго спасцігаў сакрэты майстэрства. Спачатку мы нават не на гліну, а на пясок клалі цэглу — такім чынам асвойвалі мадэлі печкі. Калі асноўныя азы прафесіі засвоіў, настаўнік адпусціў мяне ў вольнае плаванне, — зазначае наш суразмоўца. — Не магу сказаць дакладна, колькі я зрабіў печаў. Перастаў лічыць. Больш за сто. Звычайныя, стандартныя ў мяне не выклікаюць нейкай экспрэсіі. Але ёсць асаблівыя, якія патрабуюць творчага падыходу. Яны прымушаюць думаць, прымаць важныя творчыя рашэнні”. 

КЕЛЬНЯ ДЫ ШНУР… 

Працоўны інвентар печніка за сто гадоў амаль не змяніўся: кельня, шнур, рыдлёўка для размешвання гліны ды адвес для праверкі правільнасці закладкі кутоў (цяпер на змену яму прыйшоў узровень). Замест малатка-кірачкі сучасныя майстры выкарыстоўваюць станок для рэзкі цэглы, а замест рыдлёўкі — міксер. Вось і ўвесь тэхнічны прагрэс. Далей пячнік усе робіць уручную. Нездарма кажуць: у кожнай печы застаецца часцінка душы яе стваральніка. 

Печнікі ва ўсе часы высока цаніліся. Гэта былі майстры, без перабольшання, з залатымі рукамі. Валерый успамінае, як аднойчы давялося рамантаваць у 85-гадовай бабулькі печ, што рабіў бацька яшчэ да яе нараджэння. Па няхітрых падліках печы было болей за сто гадоў, і яе ніхто ні разу не рамантаваў! 

Гаспадыня Наталля і яе хлеб

Гаспадыня Наталля і яе хлеб

Мы просім нашага суразмоўцу расказаць пра печ, якую ён не так даўно зрабіў сабе, бо доўгі час быў “шаўцом без ботаў”. Аказалася, склаў яе з цэглы XVIII — XIX стагоддзяў. “Па якасцях і нарматывах яна адпавядае пячной справе, — сцвярджае Валерый. — Хоць і старая, але добрай фактуры, ні адна цаглінка не паўтараецца. Ручная работа! На цаглінках можна знайсці адбіткі пальцаў, лап сабакі ці ката. На некаторых ёсць клеймы майстроў, на іншых захавалася сажа, але я такія “малюнкі”, а таксама няроўнасці не хаваю, пакідаю звонку”. 

ХЛЕБ У ДОМЕ ГАСПАДАР 

Печ Валерый Гундра зладзіў у летняй кухні, побач з хатай, у якой жыве. Тут асаблівая атмасфера, якую стварае не толькі цэнтральны “вобраз”, але і мэбля — стагадовыя камода, тканы дыван і менш дробныя рэчы, прывезеныя з Ашмяншчыны, з хаты, у якой жыў дзед Валерыя. Тут нярэдка кухарыць жонка печніка Наталля. І нам згадзілася даць майстар-клас па выпечцы вясковага хлеба на заквасцы, якую яна робіць сама. 

Закваска захоўваецца ў гаспадыні, але перад выпечкай хлеба яе трэба абнавіць: у ёмістасць дадаём мукі, вады, закваскі і замешваем цеста да гушчыні смятаны. Пакідаем на ноч, каб “пахадзіла”. Раніцай пачынаем замешваць цеста для хлеба. Гатовае накрываем зверху цэлафанам, каб не высахла і не пакрылася скарыначкай. Пастаяць яно павінна прыкладна гадзіну. Гэты працэс называюць папярэдняй растойкай. Пасля цеста раскладаем у спецыяльныя формы, пасыпаем кунжутам, семкамі ці кменам і зноў ставім на растойку. Чакаем хвілін 50 — і ў печ. Выпякаецца 40-50 хвілін пры тэмпературы 280320 градусаў. 

Якасць свежага хлеба можна праверыць некалькі спосабамі. Пастукаць па ім: калі гук звонкі — хлеб добры. Можна пакласці буханку на далонь, другой падбіць — хлеб лёгка падскоквае. Таксама радасць для гаспадыні. Адразу хлеб есці нельга, трэба пачакаць гадзін з восем, а пажадана — суткі. Хатні хлеб на заквасцы захоўваецца 7-10 дзён. Трымаць яго лепш у ручніку, тады ён падсохне і не крыецца цвіллю. 

Не хацелася развітвацца з Валерыем і Наталляй. Настолькі цёпла і добра было нам у гасцях. Нягледзячы на тое, што ў разважаннях гаспадара не-не ды і праскоквалі ноткі жалю ад таго, што справы, якімі займаецца ён і яго жонка, усё менш цікавяць маладое пакаленне… Тым не менш на развітанне Валерый Вацлававіч падвёў аптымістычную рысу ў нашай размове: “Мяне цешыць думка, што, калі нас не будзе, застанецца печ, а яна прастаіць і сто гадоў — гарантую! І наш сын ці дачка будуць гаварыць сваім унукам: “Гэту печ зрабіў ваш прадзед, а прабабуля пякла ў ёй смачны хлеб”. 

І перад маімі вачыма паўстала гэтая прыгожая карціна, якая яскрава расказала, для чаго чалавек жыве і што значыць сапраўднае шчасце людское.

Галіна АНТОНАВА 

Фота аўтара