Чароўныя пяцельк

Апублiкавана: 10 красавiка 2023 Нам пішуць Народная творчасць Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Рукам чалавека падуладна ўсё: яны могуць будаваць дамы, пісаць казкі і апавяданні, увішна граць на музычных інструментах, гатаваць смачныя стравы. Дзякуючы рукам, наш свет становіцца больш яркім, цікавым. А людзі, якія ўсё гэта робяць, адораныя Богам, бо валодаюць стваральнай сілай. Такая ёсць і ў працавітай Людмілы Лебедзевай. 

Усмешлівыя снегавічкі, круглатварыя лялькі, пухнатыя мядзведзікі і зайчыкі выглядаюць вельмі рэалістычна. Так і хочацца памацаць. 

У Альхоўскай сельскай бібліятэцы часта ладзяць выставы цацак Людмілы Васільеўны. Гэтыя экспанаты літаральна заварожваюць наведвальнікаў. Асабліва маленькіх чытачоў, якія падоўгу стаяць, разглядаючы стракатых герояў любімых казак. Старэйшыя ж дзівяцца, імкнуцца даведацца, як створаны ўсе гэтыя незвычайныя рэчы. Сама Людміла пра хобі распавядае сціпла і не лічыць сябе выключнай асобай. 

Каля 40 гадоў жыцця жанчына аддала Альхоўскай кардоннай фабрыцы. Спачатку вучылася ў дасведчаных калег, а пасля сама дзялілася вопытам з маладымі: 22 гады Людміла Лебедзева з задавальненнем выконвала абавязкі майстра. 

А калі яна авалодала сакрэтамі вязання? Хтосьці палічыць, што захапленне прыйшло ў дзяцінстве на школьных уроках працы. Але Людміла Васільеўна не надта паважала рукадзелле. Дзяўчына бегла ў майстэрню да хлопцаў, каб разам з імі вучыцца выпальваць. І гэта атрымлівалася ў яе не горш за юнакоў. 

А вось любоў да кнігі ў Людмілы была заўсёды. Больш 14 гадоў таму, чарговы раз наведаўшы бібліятэку, жанчына ўзяла некалькі часопісаў. У адным убачыла вязаны дзіцячы капялюшык і расказ пра яго. Галаўны ўбор вельмі спадабаўся. І Людміла Васільеўна паспрабавала звязаць. У яе ўсё атрымалася. 

Так пачаўся нялёгкі, цікавы шлях да рамяства. Сотні рознакаляровых клубкоў прайшлі праз рукі жанчыны. Асабліва майстрыху захапілі вязаныя цацкі. Утульныя, мяккія, яны станавіліся цудоўным падарункам для родных або ўпрыгожвалі кніжную паліцу. 

Аднойчы бібліятэкар, дазнаўшыся пра захапленне Людмілы Васільеўны, прапанавала аформіць дзіцячую выставу “Свет ведаў”. Так нарадзілася з дзясятак прыгожых і дзіўных светлячкоў рознага памеру і колеру. Экспазіцыя вельмі прываблівала маленькіх чытачоў, дапамагала ім паглыбіцца ў свет творчасці і літаратуры. Дэбют атрымаўся надзвычай удалым. 

Потым творца з бібліятэкарам Юліяй Заруба вырашылі падрыхтаваць вязаных герояў “Шляхціца Завальні...” Яна Баршчэўскага. І зноў удача — вырабы Людмілы Лебедзевай упрыгожылі і раённую бібліятэку. 

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі