Дарожная карта падпісана

Апублiкавана: 16 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада і міністр культуры Татарстана Ірада Аюпава падпісалі дарожную карту па супрацоўніцтве ў сферы культуры. Цырымонія адбылася 12 красавіка ў Мінску ў межах пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Татарстана. 

Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, які старшынстваваў на пасяджэнні, падкрэсліў, што ў такім фармаце рабочая група сабралася ўпершыню з 2019-га. Гандлёвы абарот паміж нашай краінай і Татарстанам за 2022-і павялічыўся на 5 % і склаў больш за 1 млрд долараў. Пры гэтым беларускі экспарт у расійскі рэгіён склаў 153 % да паказчыка 2021 года. Пётр Пархомчык паведаміў, што ў парадак дня рабочай групы вынесены пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння. 

— Парадак дня нашага пасяджэння шырокі. Ён уключае не толькі пытанні прамысловай кааперацыі, але і супрацоўніцтва ў нафтахімічнай і авіяцыйнай галінах, галінах сельскай гаспадаркі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Мы не пакідаем без увагі і пытанні навукі, адукацыі, спорту, культуры, — сказаў намеснік Прэм’ер-міністра. 

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада паведаміў, што супрацоўніцтва паміж бакамі ў сферы культуры дынамічна развіваецца. Яго асаблівасцю з’яўляецца ўзаемадзеянне канкрэтных устаноў. Сфарміраваны план мерапрыемстваў на перспектыву. У бягучым годзе іх апафеозам стануць Дні культуры Татарстана ў Беларусі, якія мяркуецца зладзіць у верасні. 

Міністр культуры Татарстана Ірада Аюпава нагадала, як плённа летась прайшлі Дні культуры нашай краіны ў Казані, і адзначыла важнасць сустрэчы з афіцыйнай дэлегацыяй мінкульта Беларусі пад кіраўніцтвам Анатолія Маркевіча. Ірада Хафізянаўна, у прыватнасці, заявіла, што за месяц гастроляў у Казані беларускага цырка яго выступленні наведала 25 тысяч чалавек. Таксама вынікова развіваецца супрацоўніцтва ў музейнай, фестывальнай і канцэртнай дзейнасці. 

Як падкрэсліла міністр культуры, адным з галоўных пунктаў падпісанай дарожнай карты стане правядзенне Дзён культуры Татарстана ў нашай краіне. Праграма мерапрыемстваў вельмі шырокая і насычаная. Акрамя таго, прадугледжваецца пастаяннае метадычнае ўзаемадзеянне на ўзроўні ўстаноў культуры двух бакоў. Асаблівая ўвага нададзена лінейнаму супрацоўніцтву канкрэтных творчых калектываў і арганізацый. Менавіта яно з’яўляецца падмуркам поспеху кантактаў у галіне культуры, лічыць Ірада Аюпава. 

Віктар ГАЎРЫШ