Бязмежнасць велікоднай музыкі

Апублiкавана: 16 красавiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

VI Міжнародны Велікодны фестываль “У імя міру і стварэння. Натхненне. Бязмежнасць. Музыка” пройдзе 17—21 красавіка. 

Ініцыятарам і арганізатарам святочнага форуму выступае Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі сумесна з Рэспубліканскай гімназіяйкаледжам пры БДАМ. Праект ладзіцца па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна пры садзейнічанні Міністэрства культуры і спецыяльнага фонду Прэзідэнта нашай краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. 

У фае Вялікай залы акадэміі, якая стане галоўнай фестывальнай пляцоўкай, адкрыта прымеркаваная да свята выстава. Экспазіцыя падрыхтавана Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А. Глебава. У праграме самога форуму — шэсць канцэртаў, адзін з якіх пройдзе ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Назва кожнай вечарыны дыхае музыкай і паэтыкай. 

Адкрые фестываль “Натхненне операй”, дзе пакажуць студэнцкія пастаноўкі “Моцарт і Сальеры” і сцэны з “Царскай нявесты” М. Рымскага-Корсакава. Студэнцкі камерны аркестр пад кіраўніцтвам Мікалая Церана прадэманструе “Бязмежнасць вобразаў”. У “Бязмежнасці веры” і фінальнай “Бязмежнасці духу і творчасці” з’яднаюцца выступленні Архірэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора, мужчынскага хору “Усіхсвяцкі” прыхода ў гонар Усіх Святых г. Мінска і студэнцкага калектыву на чале з Інэсай Бадзяка. 

Па традыцыі на форуме правядуць канцэрт і ўзнагароджванне лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі — “Музыка маладосці”. А міжнародны маштаб фестываль займее дзякуючы імпрэзе “Натхненне музыкай вечнасцi”, дзе са студэнцкім сімфанічным аркестрам, за пульт якога стане знаны маэстра Аляксандр Анісімаў, будуць саліраваць заслужаныя артысты Расіі, прафесары Аляксандр Трасцянскі (скрыпка), Аляксей Васільеў (віяланчэль) і Саёра Гафурава (фартэпіяна). 

Надзея БУНЦЭВІЧ