Дыялог культур

Апублiкавана: 15 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Дні культуры Узбекістана праходзяць у Беларусі. 

Старт падзеям даў вялікі гала-канцэрт у Мінску — урачыстае адкрыццё Дзён культуры адбылося 13 красавіка ў Белдзяржфілармоніі. Сваю творчасць паказалі майстры мастацтваў Узбекістана. У праграму выступлення ўвайшлі музычныя і харэаграфічныя нумары ад народных артыстаў, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі і пераможцаў міжнародных конкурсаў. 

Ва ўрачыстым адкрыцці паўдзельнічалі афіцыйныя прадстаўнікі Міністэрства культуры і турызму Узбекістана і Міністэрства культуры Беларусі, дыпламатычны корпус, іншыя ганаровыя госці. 

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся першы намеснік міністра культуры Беларусі 

Валерый Грамада і саветнік міністра культуры і турызму Узбекістана Шаўкаджон Орцікаў. Валерый Грамада адзначыў, што Дні культуры Узбекістана ў Беларусі — знамянальны эпізод у жыцці абедзвюх краін, які гаворыць аб шчырым узаемным інтарэсе. 

— Народы Беларусі і Узбекістана валодаюць унікальным гістарычным вопытам і багатымі традыцыямі. Правядзенне Дзён нацыянальнай культуры з’яўляецца агульным укладам у пашырэнне і ўмацаванне дружбы паміж народамі Беларусі і Узбекістана, — сказаў першы намеснік міністра культуры Беларусі. — Упэўнены, што выступленне ўзбекскіх артыстаў сёння на гэтай сцэне стане яркай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны, а традыцыя ладзіць такія маштабныя мерапрыемствы ўмацуецца і дазволіць нашым народам даведацца адзін пра аднаго яшчэ больш. 

Шаўкаджон Орцікаў, у сваю чаргу, заявіў, што стасункі Узбекістана і Беларусі ў апошнія гады паспяхова развіваюцца, а сяброўства і партнёрства ўмацоўваюцца. 

— Важнай асновай для гэтага служаць устаноўленыя добрыя, прыязныя адносіны паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў, іх рэгулярныя сустрэчы, — падкрэсліў саветнік міністра культуры і турызму Узбекістана. — У студзені споўнілася 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж нашымі дзяржавамі. Кантакты на найвышэйшым узроўні адкрылі новую старонку ў супрацоўніцтве паміж краінамі. Актывізацыя дыялогу таксама непасрэдна праяўляецца ў сферы культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва. 

Мерапрыемствы Дзён культуры Узбекістана працягнуліся ў Слуцку, культурнай сталіцы Беларусі 2023 года.