Кангрэс, на якім танцуюць?

Апублiкавана: 17 красавiка 2023 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: Аўтары

Вясна традыцыйна асацыіруецца з самымі яркімі падзеямі ў свеце харэаграфіі. Перад Днём танца, які адзначаецца 29 красавіка, у Мінску адбудзецца “Дэнс Кангрэс”. 

Прыхільнікі танца змогуць атрымаць асалоду ад выступленняў сапраўдных прафесіяналаў на ІІ Рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Дэнс Кангрэс”, які пройдзе 20—22 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. 

Спаборніцтва ладзіцца ў мэтах падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця яе творчых здольнасцей, павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства. 

Дэнс Кангрэс

Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях: “Сучасны танец” (у катэгорыях “Сола”, “Дуэт”, “Калектыў”) і “Беларускі танец: традыцыя і навацыя” (у катэгорыі “Калектыў”) — у два этапы. У катэгорыях “Сола” і “Дуэт” першую ўзроставую групу складаюць удзельнікі 11—15 гадоў, другую — 16—21 года. У катэгорыі “Калектыў” — 9—15 і 16—31 гадоў адпаведна. 

Каб удзельнікі былі ацэнены аб’ектыўна, у журы запрасілі дзеячаў харэаграфічнага мастацтва Беларусі і Расіі. 

Сярод іншага на “Дэнс Кангрэсе” зладзяць майстар- класы педагогаў БДУКМ. Запрасілі і прадстаўнікоў школ мастацтваў, якія маюць харэаграфічныя аддзяленні альбо непасрэдна рыхтуюць дзяцей па спецыяльнасці, для абмеркавання надзённых пытанняў і ўдзелу ў майстар- класах. 

Па выніках конкурсу вызначаюцца пераможцы ў дзвюх узроставых групах у кожнай намінацыі і катэгорыі, а таксама ўладальнікі спецпрэміі “Найлепшая балетмайстарская работа” і спецыяльнай прэміі, што прысуджаецца рашэннем журы. 

Настасся ЮРКЕВІЧ