Харэаграфічны фестываль-конкурс “ArtDANCE Fest 2023”

Апублiкавана: 19 красавiка 2023 Нам пішуць Харэаграфія Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

15 красавіка Палац культуры горада Ліды гасцінна расчыніў дзверы для ўдзельнікаў і гасцей адкрытага харэаграфічнага фестывалю-конкурсу “ArtDANCE Fest 2023”. Ініцыятарамі правядзення фестывалю з’яўляюцца кіраўнік студыі сучаснага танца “ArtDANCE STUDIO” – Кацярына Асядач-Брылеўская і дзяржаўная ўстанова “Палац культуры горада Ліды”.

Папулярнасць, прэстыж і значнасць гэтага праекта пастаянна растуць. Важна, што “ArtDANCE Fest” – гэта праект, удзел у якім дае ўнікальную магчымасць выступіць на вялікай сцэне і заявіць пра сябе, не з’яўляючыся прафесіяналам, бо адной з галоўных мэт фестывалю – падтрымка і папулярызацыя харэаграфічнай аматарскай творчасці.

Сёлета адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс “ArtDANCE Fest” пашырыў геаграфію – ўдзельнікамі сталі не толькі калектывы з розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, але і Мінская вобласць прадставіла конкурсныя нумары. Каля 600 рабят сталі ўдзельнікамі фестывалю.

На вялікай сцэне Палаца культуры былі прадстаўлены амаль 60 нумароў у розных узроставых катэгорыях па чатырох намінацыях: “Сучасны эстрадны танец”, “Народны танец і стылізацыя”, “Dance show”, “Street show”. Ацэньвала ўдзельнікаў кампетэнтнае журы, якое ўзначаліла Сабіна Мазгавая – магістр мастацтвазнаўства, выкладчык кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат першай ступені XXVIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), стыпендыят фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў харэаграфічнага мастацтва.

Фестываль уразіў цёплай атмасферай, крэатывам, разнастайнасцю жанраў і форм харэаграфічнага мастацтва. Можна без перабольшання сказаць, што адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс “ArtDANCE Fest 2023” атрымаўся маляўнічым, яркім і феерычным, падарыў усім удзельнікам шмат станоўчых эмоцый і яркіх успамінаў!