Трыумф танца

Апублiкавана: 30 красавiка 2023 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Вызначаны пераможцы II Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс Кангрэс”. 

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Спаборніцтва ладзілася з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця яе творчых здольнасцей і павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства. 

Гран-пры: Узорны ансамбль танца “Натхненне” (кіраўнік Галіна Крапіўніцкая, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). 

Сёлета конкурсныя праграмы прадставілі 27 калектываў, 5 дуэтаў і 26 салістаў з усіх абласцей Беларусі. Агулам на суд журы было вынесена 116 нумароў у намінацыях “Сучасны танец” (катэгорыі “Сола”, “Дуэт”, “Калектыў”) і “Беларускі танец: традыцыя і навацыя” (катэгорыя “Калектыў”). Таксама падчас свята адбыліся гала-канцэрт з найлепшымі выступленнямі студэнтаў і выкладчыкаў кафедры харэаграфіі за пяць гадоў і майстар-класы. 

Спецыяльны прыз: “Перспектыва” Аліса Абрамовіч (Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж мастацтваў). 

Ацэньвала творчыя работы кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Пархамовіч, галоўны дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі Наталля Марынава, кіраўнік шоу-балета “Сенсацыя” Раман Рыкаў, заслужаныя дзеячы мастацтваў Расійскай Федэрацыі Мікалай Андросаў і Гедымінас Таранда. Старшынёй журы стала рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская, намеснікам старшыні — народны артыст Беларусі Юрый Траян.

Найлепшая балетмайстарская работа: Ігар Шувалаў, кіраўнік народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся” (Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў).