Выстава графічных твораў Леаніда Шчамялёва

Апублiкавана: 09 мая 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: Аўтары

30 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава графічных твораў Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва “Нараджэнне творчасці” са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і калекцыі сям’і мастака.

У экспазіцыі прадстаўлены партрэты, нацюрморты, інтэр’ерныя і сюжэтныя кампазіцыі, аўтапартрэт і пейзажы, выкананыя ў тэхніцы малюнка алоўкам, вуглём, пастэллю і фламастарам.

Леанід Шчамялёў у графічных творах мяняў сваю манеру ў залежнасці ад творчай задачы. Ён маляваў то тонкімі, дакладнымі рыскамі ў хуткай і крыху эскізнай манеры, часта выбіраючы аловак, то дэталёва прапрацоўваў форму, мадэлюючы яе бясконтурным малюнкам; па-майстэрску валодаў выразнай аднаконтурнай алоўкавай лініяй, выдатна карыстаўся маляўнічай святлоценявой манерай.

Леанід Шчамялёў (1923–2021) – мастак-эпоха, значная асоба для беларускага і савецкага мастацтва. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977), народны мастак Беларусі (1983), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2009). Узнагароджаны ордэнамі "Айчыннай вайны" I і II ступені, медалямі, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2003). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2001), Мінчанін года (2003).

Леанід Шчамялёў пакінуў вялікую спадчыну замалёвак, накідаў, эскізаў да сваіх твораў, гэта партрэты, нацюрморты, інтэр’ерныя і сюжэтныя кампазіцыі, аўтапартрэты і пейзажы, з якіх і складаецца экспазіцыя выставы.

Асновай для творчасці Леаніда Шчамялёва заўсёды была натура, ён быў майстрам, які адлюстроўваў рэальнае жыццё, увесь час шукаў патрэбны ракурс, кампазіцыю, напаўняў сюжэт сэнсам. Асабліва яскрава гэта выявілася ў малюнках: нават невялікі эскіз заўсёды станавіўся не толькі скончаным творам, але падставай для ўвасаблення ідэі ў жывапісе.

Выстава будзе працаваць да 10 ліпеня 2023 года