Рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах “LIDA OPEN – 2023”

Апублiкавана: 13 мая 2023 Нам пішуць Харэаграфія Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Напачатку мая Ліда стала пляцоўкай для форуму аднадумцаў і сустрэч сяброў з розных куткоў нашай краіны. На пляцоўцы спартыўна-аздараўленчага комплексу “Алімпія” адбылося сапраўднае свята танца – Рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах "LIDA OPEN  – 2023"на Кубак мэра.

Арганізатарамі "LIDA OPEN – 2023" з’яўляюцца Лідскі раённы выканаўчы камітэт, аддзел культуры Лідскага раённага выканаўчага камітэта, дзяржаўная ўстанова “Палац культуры горада Ліды” і дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне “Танцавальна-спартыўны клуб “Феерыя-Дэнс”.

"LIDA OPEN – 2023" прыняў больш за семсот удзельнікаў з розных куткоў Беларусі, якія прадэманстравалі сваё харэаграфічнае майстэрства, талент і запал да танцаў. Турнір адбыўся па правілах Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту. Ацэньвалі ўдзельнікаў вопытныя суддзі міжнароднай катэгорыі. За прызавыя месцы танцоры спаборнічалі ў чатырох катэгорыях – дзеці, юніёры, моладзь і дарослыя.

На паркеце ў гэты дзень валадарылі абсалютная прыгажосць і грацыя – вывастраныя рухі ўдзельнікаў ад рытмічных да элегантных, цудоўная музыка і, вядома, касцюмы! Гэта ўсё прыводзіла гледачоў у захапленне. Кожны выхад танцораў на конкурсную пляцоўку суправаджаўся бурнымі авацыямі трыбун.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця турніру перанесла прысутных у гістарычную Ліду на некалькі стагоддзяў таму, дзе князёўна Лідзія ветліва запрасіла ўсіх на доўгачаканае свята танца, дзе спраўджваюцца мары! З прывітальным словам да ўдзельнікаў, членаў журы і шматлікіх гасцей горада звярнуўся старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, які павіншаваў ўсіх з такой значнай падзеяй, і пажадаў ўдзельнікам удачы і прыгожых перамог на "LIDA OPEN – 2023", а гасцям і гледачам – добрага настрою.

"LIDA OPEN – 2023" сумясціў яркую творчую атмасферу з актыўным адпачынкам, спартыўным азартам і прайшоў насычана, ярка і запамінальна.