Сус­трэ­чы сла­вян­скіх тэ­атраў

16—21 мая Гомель зноў стане месцам “Славянскіх тэатральных сустрэч”: пад такой сімвалічнай назвай тут пройдзе юбілейны, ХV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва. 

Яго праграму складаюць 10 спектакляў з Беларусі і Расіі. Арганізатарамі традыцыйна выступаюць Міністэрства культуры нашай краіны, Гомельскі аблвыканкам і ўласна Гомельскі абласны драмтэатр, на сцэне якога пройдзе большасць паказаў. Дарэчы, Гомельшчына прадстаўлена ўсімі чатырма дзяржаўнымі тэатрамі: акрамя згаданага драматычнага, гэта гарадскі маладзёжны тэатр, славуты сваімі эксперыментальнымі пастаноўкамі, абласны тэатр лялек са спектаклем “Сакрамант лесу” па казках Якуба Коласа і Мазырскі драмтэатр імя Івана Мележа, што прывязе “Дзіўных людзей”, дзе з’яднаныя тры чэхаўскія п’есы. 

Не забыта і беларуская драматургія: п’есу “6 раніцы, амерыкана” Улады Альхоўскай пакажа Разанскі абласны тэатр драмы. Мінчукі маглі бачыць аднайменную пастаноўку Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра— цікава будзе параўнаць, бо творы нашай сучаснай пісьменніцы і драматурга запатрабаваныя ў некалькіх славянскіх краінах. 

З нецярплівасцю чакаецца прыезд даўніх сябраў фестывалю — Смаленскага і Бранскага тэатраў. Екацярынбургскі калектыў “ТУТ” (яго поўная назва— “Тэкст. Урал. Тэатр”) завітае з монаспектаклем “Гарбатая” Яраславы Пуліновіч, які два гады таму стаў сапраўдным адкрыццём фестывалю “Паўночныя сустрэчы” ў Ніжнявартаўску. 

Вынікі падвядзе журы на чале з народным артыстам Беларусі, рэжысёрам, нязменным мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандрам Яфрэмавым. Сярод чальцоў журы— заслужаная артыстка Расіі, артыстка і рэжысёр Вераніка Казаравіцкая, прафесар ГІТІСа Вячаслаў Кручкоў, народная артыстка Беларусі, знаная гомельская актрыса Людміла Корхава. Пераможцы будуць выяўлены ў васьмі намінацыях— ад найлепшага спектакля да асобных акцёрскіх работ, прадугледжаны і спецыяльныя прызы журы. 

Адкрыецца свята вулічным тэатралізаваным дывертысментам— і пачнуцца конкурсна-фестывальныя прагляды. 

Надзея БУНЦЭВІЧ