Праграма "Планета на літару "М"

Апублiкавана: 18 мая 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

У зорную ноч 20 мая ў 20.00 у рамках міжнароднай акцыі "Ноч музеяў - 2023" выставачныя залы Музея гісторыі горада Мінска зноў расчыняць свае дзверы для аматараў мастацтва і шукальнікаў прыгод з праграмай "Планета на літару "М"".

Купіўшы білет у адной з трох лакацый, задзейнічаных у праграме, вы зможаце наведаць адразу 7 выстаў і пастаянных экспазіцый:

- выставу “Дыялог з космасам” у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,

- выставу «Амто (добры дзень), Каракія!» у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,

- выставу "Мінск: учора, сёння, заўтра" ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,

- пастаянную экспазіцыю Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,

- выставу "Маё імя - Мінск" у новых выставачных залах на вул. Ракаўскай,

- выставу "Гарадскі праменад: Мінск на старых паштоўках" у Мінскай гарадской ратушы,

- пастаянную экспазіцыю Мінскай гарадской ратушы.

Галоўнай падзеяй музейнай ночы стане касмічны квэст. На шляху да запаветнай мэты вас чакаюць загадкі, адказы на якія схаваны ў музейных залах. Прыйдзецца праявіць творчыя здольнасці, уступіць у кантакт з дроідам і гуманоідам, павандраваць у часе ў Мінск розных гістарычных перыядаў і нават перанесціся на Крайнюю Поўнач. Дапоўніць апусканне ў розныя эпохі і прасторы атмасферная музычная праграма.

Тыя, хто паспяхова выканаў заданні квэста, не застануцца з пустымі рукамі і змогуць паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў. Пераможцаў чакае рамантычная вячэра пад зоркамі з відам на Верхні горад і іншыя прыемныя падарункі.

У 22.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў прасторы выставы "Дыялог з космасам" адбудзецца захапляльная лекцыя на тэму "Космас у сусветным кінематографе". Вы даведаецеся, як у кіно паказваюць космас і чаму яго візуальны вобраз мяняўся з цягам часу.

На працягу вечара ўсе ахвочыя атрымаюць рэдкую магчымасць падняцца на балкон Мінскай гарадской ратушы, з якога адкрываецца ўнікальная панарама квітнеючага горада.

Адзіны білет на мерапрыемства:

10 руб. – для дарослых,

5 руб. - для школьнікаў.

Адрасы: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Мінская гарадская ратуша, пл. Свабоды, 2А

Выставачныя залы, вул. Ракаўская, 17