Васільковая музычная палітра

Апублiкавана: 26 мая 2023 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Уявіць лета ў Віцебску без “Славянскага базару” ўжо немагчыма. Сёлета міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе з 12 па 17 ліпеня. Квіткі ўжо ў продажы. Падзеі на свой густ абірайце разам з “К”. 

СЛУХАЕМ БЕЛАРУСКАЕ! 

У дзень перад урачыстым адкрыццём форуму ў Летнім амфітэатры адбудзецца творчы вечар лідараў гурта “Аўра” Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка. У канцэрце, прысвечаным Году міру і стварэння, паўдзельнічаюць сябры музычнага тандэма, сапраўдныя зоркі айчыннай эстрады: Анатоль Ярмоленка, Руслан Аляхно, Алёна Ланская. Гурт абяцае парадаваць публіку хітамі з нацыянальным каларытам, што прасякнуты любоўю да роднай зямлі. 

Па цудоўнай фестывальнай завядзёнцы пасля выступленняў удзельнікаў міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” гледачоў чакае другое аддзяленне з удзелам вядомых артыстаў. Сёлета на сцэне амфітэатра ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра спяваць будзе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Яе сольны канцэрт прысвечаны 30-годдзю творчай дзейнасці. Сімвалічна, што Ірына справіць юбілей менавіта на фестывалі, бо ў 1999-м яна стала лаўрэатам І прэміі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”. 

ЗОРНЫЯ ГОСЦІ 

Выступленнем на пляцоўцы ля канцэртнай залы “Віцебск” прыхільнікаў парадуе адзін з самых запатрабаваных артыстаў расійскай эстрады Сяргей Лазараў. З вялікай сольнай праграмай на фестываль таксама завітае Дзмітрый Малікаў — музыкант з класічнай адукацыяй, што стаў поп-ідалам 1990-х. Ён любіць прымерваць розныя амплуа: эстрадныя песні, фартэпіянныя канцэрты, спектаклі, настаўніцтва ў хоры. Таму вечар да 35-годдзя творчай дзейнасці абяцае стаць сапраўды яркім. Даўно вядомыя кампазіцыі ў новых аранжыроўках на сольным канцэрце падчас “Славянскага базару” прэзентуе Уладзімір Праснякоў. А варты прадаўжальнік славутай музычнай дынастыі Стас П’еха плануе сагрэць сэрцы фестывальнай публікі не толькі якаснай музыкай, але і незвычайнымі сцэнічнымі рашэннямі ды нязмушанай сяброўскай атмасферай.

 

ДРАМА І КАМЕДЫЯ Ў МУЗЫЦЫ 

“Тэатральныя сустрэчы” арганізатары фэсту прызначылі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Паразмаўляць з гледачамі аб духоўных пошуках у даступнай форме плануе Маладзёжны тэатр эстрады. Калектыў прывязе на “Славянскі базар” нашумелы мюзікл-біяграфію “Гур’янаў” з Русланам Чарнецкім у галоўнай ролі. Музычную трагікамедыю “Вішнёвы SAD” паводле Антона Чэхава пакажа незалежны праект “ТрыТфармаТ” у суправаджэнні малога складу Прэзідэнцкага аркестра, а Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прыедзе на форум з рок-операй “Граф Монтэ-Крыста”. Свой варыянт горкаўскай драмы “На дне” прэзентуе маскоўскі тэатр “На паўднёвым захадзе”. Завершыць праграму музычны вадэвіль “Клапатун, або Справа майстра баіцца” Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва — ГІТІС.

ПАДАРОЖЖА ПА ЭПОХАХ І МАРАХ 

Традыцыйна падчас “Славянскага базару” ў горадзе над Дзвіной разгорнецца “Лялечны квартал”. Ён прапісаўся на сцэне Беларускага тэатра “Лялька”. Гаспадары пляцоўкі пакажуць спектакль-фантазію паводле твораў Уладзіміра Караткевіча “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”, які перанясе гледача ў эпоху Сярэднявечча, а таксама пастаноўку “Казкі пра казку”. Тэатр “Бадзяжны сабачка” з Санкт-Пецярбурга прывязе работу “Матылёк” аб моцы і прыгажосці чалавечай душы, здольнай падняцца над жахам і хаосам свету. Паўночную сталіцу Расіі таксама прадставіць тэатр “Ля Нарвскіх варот” з эксцэнтрычным спектаклем “Пякарня братоў Грым. Казка пра пернікавы дамок”. У падарожжа па лабірынтах сноў па матывах казкі “Аліса ў Краіне цудаў” Льюіса Кэрала запросіць пермская трупа “Карабаска”. Мурманскі абласны тэатр лялек прыедзе ў Віцебск з інтэрактыўным спектаклем “Чырвоны Каптурок”, а тэатр “Крэсіва” з Мыцішчаў прэзентуе “Хануму” — старадаўні вадэвіль з песнямі, танцамі і жартамі, які апявае любоў да зямлі, народа і ўсяго цудоўнага ў чалавеку.