Наступны прыпынак —Віцебск

Фотавыстава“Імгненні фестывалю”, прысвечаная“Славянскаму базару ў Віцебску”, адкрылася 23 мая ў Мінску. 

— Наш форум дорыць імгненні, імгненні пазітыву, а фатаграфіі, якія мы сюды прывезлі, — гэта маленькая частка тых эмоцый, якімі мы хочам падзяліцца не толькі з мінскімі, але і ўсімі беларускімі гледачамі, — адзначыў дырэктар “Славянскага базару...” Глеб Лапіцкі падчас адкрыцця экспазіцыі, якая разгарнулася ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. 

Фатаграфіі праекта размешчаны на ўнікальнай металічнай канструкцыі, якая імітуе арку галоўнай сцэны “Славянскага базару...” — Летняга амфітэатра. Дарэчы, сёлета легендарнай пляцоўцы спаўняецца 35 гадоў. 

— Такую экспазіцыю мы робім упершыню і ўжо 30 чэрвеня пакажам яе ў Маскве на ВДНГ, — падкрэсліў Глеб Лапіцкі. Яшчэ ён заўважыў, што сёлетняя праграма фестывалю будзе вельмі разнастайнай. — Нас чакаюць дзевяць вялікіх гала-канцэртаў у Летнім амфітэатры, два праекты, звязаныя з нацыянальнай культурай, канцэрт гурта “Аўра”, сольнае аддзяленне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай, тэатральная, філарманічная і лялечная праграмы, а таксама вулічныя праекты. Дастаткова проста прыехаць у Віцебск, і вас аба- вязкова ахопіць святочная атмасфера, — заінтрыгаваў дырэктар “Славянскага базару...”. 

Паводле слоў Лапіцкага, днямі скончыўся продаж білетаў на цырымонію адкрыцця фэсту, але кожны глядач усё роўна зможа знайсці ў багатай праграме нешта для сябе. 

— Да форуму мы адкрыем абноўленую канцэртную залу “Віцебск”. Цяпер мадэрнізуецца наш галоўны сімвал — арка Летняга амфітэатра. Свежае прачытанне захавае яе на доўгія гады. Таксама дзіцячы конкурс упершыню пройдзе ў суправаджэнні жывога эстрадна-сімфанічнага аркестра, а дарослы будзе апраўлены не толькі працай шоу-балета, але і цэлымі пастановачнымі нумарамі, — распавёў Глеб Лапіцкі.

Урачыстае адкрыццё фотаэкспазіцыі “Імгненні фестывалю” правялі ў выглядзе інтэрактыўнага канцэрта, на якім выступілі новыя і старыя сябры фестывалю: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, арт-група “Беларусы”, пераможца нацыянальнага адбору XVIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2020” Ангеліна Ламака, Рэтра Вумен Трыа “Ружовыя ружы” і Аляксандра Мелех. 

Выстава працягнецца да 23 чэрвеня.