Згадаем гісторыю свята. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе адзначыў, што Палессе – гэта ўнікальнае, Богам дадзенае беларусам месца. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы па яго адраджэнні.

29 сакавіка 2010 года была прынята Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. І можна смела сказаць, што з гэтага моманту і пачалося новае жыццё тады яшчэ звычайнай палескай вёскі Ляскавічы – сёння ўжо ўсім вядомага аграгарадка, які раз на два гады з аншлагам праводзіць каларытны этнакультурны фестываль, які дазваляе дакрануцца да аўтэнтычных абрадаў, побыту, самабытнасці ўжо сёмы раз.

Ля ўваходу на фестывальную пляцоўку гасцей сустракала выстава драўляных скульптур -- вынік працы ўдзельнікаў абласнога пленэру “Ажылая даўніна”.

“Музей пад адкрытым небам”, адбудаваная пляцоўка для сцэны і для прагулак былі настолькі маштабнымі, што ўмясцілі не толькі падворкі з 14 раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, а яшчэ і артыстаў з  Беларусі і Расіі, гасцей. Дарэчы, маленькія Ляскавічы змясцілі каля 40 тысяч гасцей і ўдзельнікаў "Клічу Палесся".

– Рады, што з кожным годам колькасць рэгіёнаў-удзельнікаў  павялічваецца. Усе разам мы выбралі тэматыку “Сэрца Палесся”. Людзі з вялікім натхненнем дэманструюць свае здольнасці. Важна, што майстры-рамеснікі маюць вучняў. Гэта значыць, што мы будзем жыць, развівацца, а традыцыі перадаваць з пакалення ў пакаленне, – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Традыцыйна ў час урачыстага адкрыцця назвалі сёлетніх уладальнікаў звання “Ганаровы паляшук”. Нагадаем, што званне прысвойваюць людзям, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё рэгіёна і ўсёй краіны. Зараз такі тытул маюць больш за 10 чалавек. Сёлета званне прысвоілі гендырэктару “Мазырсолі” Уладзіміру Дворніку, заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Дзям’яну Лемяшэўскаму, старшыні Пінскага гарвыканкама Валерыю Рабкаўцу.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота аўтара