Моладзь — будучыня Беларусі

Апублiкавана: 04 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Дзяржава шмат робіць для падтрымкі маладога пакалення. Гэта падкрэсліў міністр культуры Анатолій Маркевіч падчас выязной калегіі ведамства ў Магілёве. 

Выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, прысвечанае рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў сферы культуры, адбылося 31 мая ў Магілёўскім каледжы мастацтваў. Адкрываючы мерапрыемства, кіраўнік ведамства вылучыў важнасць тэмы як для ўсяго грамадства, так і для кожнага чалавека: 

— Моладзь — будучыня краіны. Дзяржава шмат робіць для падтрымкі маладога пакалення. Наша задача на калегіі — не толькі пагаварыць пра дасягненні, але і абмеркаваць тыя праблемы, якія маюцца ў сістэме моладзевай палітыкі, вызначыць шляхі далейшай працы для атрымання станоўчага выніку. 

Падкрэсліваючы актуальнасць узнятага пытання, кіраўнік ведамства сказаў: 

— Сённяшняя моладзь — гэта заўтрашнія кіраўнікі, тыя людзі, якія стануць вырашаць масу пытанняў і праблем, што дыктуе само жыццё. Наша будучыня залежыць ад таго, наколькі мы зможам выхаваць новае пакаленне і закласці ў яго аснову праз традыцыі, вялікую гісторыю, разуменне сённяшняга дня. Важна прывучыць шанаваць тое, што маем,— цудоўную зямлю, сваю малую радзіму, а таксама ўзгадаваць пачуцці любові, дабрыні і павагі да старэйшых. Тут не можа быць другарадных тэм. 

Па словах міністра, ужо зроблена шмат, аднак засталіся і праблемныя ўчасткі, на якія трэба звярнуць пільную ўвагу, на якіх належыць выбраць выразныя і зразумелыя алгарытмы ўзаемадзеяння. 

З дакладам аб ходзе рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў галіне выступіла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. Абмяркоўваючы яе паведамленне, удзельнікі калегіі звярнулі ўвагу на шэраг значных пытанняў, сярод якіх — паляпшэнне работы па мэтавай падрыхтоўцы кадраў для рэгіянальных устаноў культуры. Таксама наспела неабходнасць актыўнага ўдасканалення заканадаўства аб адукацыі ў дачыненні да сферы культуры. Прагучала і тое, што з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі запатрабаваны новыя моладзевыя патрыятычныя праекты, а дзейнасць у інфармацыйнай прасторы павінна весціся на зразумелай для моладзі мове. 

Выязная калегія ладзілася на Магілёўшчыне невыпадкова. Рэгіён багаты на цікавыя падыходы да работы з новым пакаленнем: ёсць добры вопыт, які не толькі выкарыстоўваецца ў вобласці, але і вядомы ў маштабах краіны. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з мясцовай адукацыйнай, выставачнай і культурнай прасторай. Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў разгарнуў сапраўдную “Тэрыторыю творчасці”: тэматычныя пляцоўкі прадставілі яскравы сімбіёз калектываў установы, дзіцячых школ мастацтваў, маладых выкладчыкаў, прадэманстраваўшы інтэграцыю розных прыступак адукацыі. 

Падрабязней пра здабыткі выязной калегіі— у наступным нумары газеты “Культура”.