Павялічваем дыстанцыю

Апублiкавана: 05 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Марафон дыялогавых пляцовак “Разам з мастацтвам”, які ўзрушыў творчую моладзь вясной, працягнецца і летам. 

Першапачаткова планавалася, што з красавіка да лістапада выбітныя беларускія артысты наведаюць 28 населеных пунктаў па ўсёй краіне. Пры гэтым сустрэчы з моладдзю падладжваліся пад навучальны працэс. Таму мусілі разам з выхаванцамі адукацыйных устаноў культуры “пайсці на вакацыі” да верасня. 

Але вялікая цікавасць аўдыторыі да інавацыйнай акцыі, якую Маладзёжны тэатр эстрады праводзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, схіліла арганізатараў скарэкціраваць графік. Па-за планам ужо зладзілі дадатковую сустрэчу ў Шчучыне. Сёння, 3 чэрвеня, майстры сцэны камунікуюць з будучымі калегамі ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Дыялогавая пляцоўка — натуральны складнік мясцовага фэсту ў гонар знакамітага беларускага гуманіста, пісьменніка і друкара Васіля Цяпінскага. Адметна, што цяпер у творчым дэсанце “Разам з мастацтвам” паўдзельнічае зямлячка асветніка — спявачка Вольга Булай. 

Яшчэ адна пазапланавая дыялогавая пляцоўка адбудзецца 24 чэрвеня ў Дуброўне. Такім чынам, дыстанцыя марафону “Разам з мастацтвам” падоўжылася ўжо на два раёны. 

Дзякуючы адкрытаму фармату сустрэч, навучэнцы школ мастацтваў, каледжаў і ВНУ змаглі паразмаўляць з зоркамі і пачаткоўцамі беларускай эстрады, задаць пытанні. Артысты падзяліліся досведам, адкрылі сакрэты поспеху і, вядома ж, парадавалі публіку выступленнямі. 

Галоўная мэта марафону — расказаць пра магчымасці, якія Беларусь прапануе тым, хто хоча звязаць жыццё з мастацтвам. Асноўнымі задачамі ініцыятывы з’яўляюцца дэманстрацыя высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства, абмен прафесійным вопытам, а таксама выхаванне любові да Радзімы і яе культуры. 

Віктар ГАЎРЫШ