Усе — у сад!

Апублiкавана: 06 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

“Песняры”, “Харошкі”, “Свята”... У “Губернатарскім садзе” — спрэс айчынныя майстры мастацтваў. Што яшчэ змяшчае праграма канцэртаў, якія неўзабаве стартуюць у Мінску? 

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аднаўляе традыцыю правядзення летніх канцэртаў. З 3 чэрвеня па 9 верасня кожную суботу ў Аляксандраўскім скверы каля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы будуць праходзіць выступленні найлепшых творчых калектываў і выканаўцаў краіны. 

Цыкл канцэртаў “Губернатарскі сад” распачне Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча: 3 чэрвеня з 16.00 да 17.30 жыхары і госці сталіцы пачуюць цудоўныя галасы легендарнага калектыву. Прычым зрабіць гэта можна будзе абсалютна бясплатна — уваход вольны. 

На 10 чэрвеня запланавана выступленне ансамбля народнай музыкі “Свята”, што прадставіць праграму “Народны спеў сэрца сагрэў”. Праз тыдзень на пляцоўцы “Губернатарскага саду” — “Спадчына” фальклорнага гурта “Купалінка”. 

Затым, 24-га, адбудзецца “Сустрэча з класікай”, якую рыхтуе ансамбль салістаў “Класік-Авангард”. Усе пералічаныя калектывы — з Белдзяржфілармоніі. 

Ліпень адкрые Узорнапаказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. За ім у спісе ўдзельнікаў летняга праекта — вакальны гурт “Камерата” і студыя танца Flamenco Dance. 

Паслухаць “Залатую калекцыю” Заслужанага калектыву Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” можна будзе 22 ліпеня — імпрэза пачнецца а 18-й гадзіне. А 29-га парадуе гледачоў стракатасцю “Вясёлка талентаў”. Мерапрыемства з удзелам дзіцячых калектываў сталіцы разгорнецца з 16.00 да 17.30. 

На 5 жніўня запланаваны канцэрт папулярнай музыкі, які рыхтуе аркестр і вакальная група пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Маладзёжны тэатр эстрады прадставіць “Песні ад душы” 12-га. Перліны ў праграме апошняга месяца лета — выступленні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” і Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Я. Фінберга. 

Восень распачне “Музычны вечар з Вялікім тэатрам”. Апошняя падзея цыкла “Губернатарскі сад” адбудзецца 9 верасня: у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучыць “Музыка кіно”.