Канцэртная праграма “Дэнс парад”

Апублiкавана: 02 чэрвеня 2023 Нам пішуць Харэаграфія Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

У першы дзень лета ў Палацы культуры горада Ліды адбылася яркая падзея – канцэртная праграма “Дэнс парад”, прысвечаная 15-годдзю ўзорнай студыі бальнага спартыўнага танца “Феерыя-Дэнс”.

Юбілейная канцэртная праграма “Феерыя-Дэнс” сабрала ўсіх сваіх сяброў, шматлікіх прыхільнікаў калектыву і проста знатакоў танцавальнага мастацтва, падаўшы магчымасць у поўнай меры ўбачыць усю разнастайнасць стыляў і кірункаў танцавальных нумароў, майстэрства выканаўцаў, прыгажосць касцюмаў, яркасць фарбаў кампазіцый і настрояў яго ўдзельнікаў.

Як у калейдаскопе, яркія нумары змянялі адзін аднаго, зачароўваючы гледачоў абсалютнай прыгажосцю і энергіяй – запальныя “Ча-ча-ча” і “Джайв”, “Пасадобль”, “Самба” і, вядома, “Танга”! Кожнае выступленне юных танцораў выклікала захапленне гледачоў і суправаджалася бурнымі апладысментамі.

У гэты святочны вечар шмат цёплых слоў віншаванняў і пажаданняў былі адрасаваны юбілярам ад дырэктара Палаца культуры горада Ліды Ірыны Тур, у якіх было адзначана: “Студыя бальнага спартыўнага танца “Феерыя-Дэнс” – гэта месца, дзе зараджаюцца сапраўдныя таленты, якія ў далейшым дасягаюць велізарных поспехаў не толькі на рэспубліканскіх, але і на міжнародных пляцоўках. Безумоўна, за кожнай перамогай стаіць штодзённая карпатлівая праца ўсёй каманды: удзельнікаў, кіраўніка калектыву і, вядома, бацькоў. Таму, мы смела можам запэўніць, што “Феерыя-Дэнс” – гэта вялікая і дружная сям’я, якую аб’ядноўвае яго вялікасць танец!” Пасля слоў віншаванняў кіраўніку ўзорнай студыі бальнага спартыўнага танца “Феерыя-Дэнс” Вікторыі Лежнёвай быў уручаны сертыфікат – да юбілею калектыву з раённага бюджэту выдзелены грашовыя сродкі на пашыў сцэнічных касцюмаў.

Свята не прайшло без кранальных момантаў – гэта і выступленні самых маленькіх удзельнікаў студыі, і сказаныя на дарогу словы кіраўніка калектыву выпускнікам студыі, і такая магутная падтрымка ад гледачоў.

Фінал канцэртнай праграмы сабраў на сцэне ўсіх яе ўдзельнікаў. Мора кветак, усмешак, успышак фотакамер, “феерверк” з шароў і залатога дажджу сталі яркай кропкай юбілейнага вечара ўзорнай студыі бальнага спартыўнага танца “Феерыя-Дэнс”.