У гарадскім садзе грае...

Апублiкавана: 10 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

“Спяваючая краіна” — у Мінску, “Вытокі” — у Баранавічах, “Планета пад назвай Маладосць” — у Глыбокім. Канцэртна-танцавальнымі, культурна-спартыўнымі, тэатралізавана-забаўляльнымі праграмамі сустрэлі чэрвень у розных кутках Беларусі: Міністэрства культуры аднавіла традыцыю правядзення летніх імпрэз у гарадскіх парках. 

Старт творчай ініцыятыве даў Мінск: 3 чэрвеня ў Аляксандраўскім скверы выступіў Нацыянальны акадэмічны народ- ны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Гэта першы канцэрт у межах цыкла “Губернатарскі сад”. Мерапрыемствы будуць праходзіць па суботах каля Купалаўскага тэатра. Да прыкладу, сёння жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць праграму “Народны спеў сэрца сагрэў” у выкананні ансамбля народнай музыкі “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 

Тым часам у Брэсце гарадскі духавы аркестр зайграе для мінакоў на вуліцы Савецкай. На набярэжнай ракі Мухавец клуб сацыяльных танцаў Цэнтра культуры зладзіць сваю праграму.

Творчыя калектывы Віцебска прадэманструюць таленты ў парку імя Фрунзэ, а ў комплексе культурнамасавага адпачынку імя Савецкай Арміі правядуць тэматычны дзень “Адпачываем усёй сям’ёй!”.

Не будуць пуставаць і эстрадныя пляцоўкі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, у парку каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, у скверах імя А. Грамыкі, П. Галавачова: дзіцячыя школы мастацтваў і ўстановы культуры горада над Сожам прэзентуюць размаітыя праграмы. 

У Гродне эстафету летніх канцэр- таў распачаў духавы аркестр дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Ю. У. Семянякі. Сёння ў парку Жылібера — імпрэза народнага аркестра рускіх народных інструментаў, аркестра баянаў Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. 

Шмат цікавага чакае і жыхароў іншых рэгіёнаў. У графіку канцэртных выступленняў выхаднога дня калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці ў парках, скверах, іншых зялёных зонах абласных і буйных раённых гарадоў — амаль паўтары тысячы мерапрыемстваў!