Мінск — Хашымін: дамовіліся

Апублiкавана: 11 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна не указан

Аўтар: Аўтары

Беларусь надае прыярытэтнае значэнне адносінам з В’етнамам. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада падчас візіту ў Хашымін. 

Дыялог нашых краін развіваецца ў розных напрамках і сферах. Але менавіта культура і мастацтва выконваюць асаблівую ролю — духоўна збліжаюць людзей. Сутнасна гэтаму садзейнічае і правядзенне абменных Дзён культуры ў Беларусі і В’етнаме. Чарговыя мерапрыемствы праходзілі з 24 па 26 мая: у Хашымін дэлегацыя нашай рэспублікі адправілася на чале з першым намеснікам міністра культуры Валерыем Грамадой. 

Праграма Дзён культуры Беларусі ў В’етнаме была вельмі насычанай. Сярод галоўных падзей — сустрэча з намеснікам старшыні Народнага камітэта Хашыміна Зыонг Ань Дыкам, на якой былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў галіне культуры, намечаны перспектывы яго далейшага развіцця. 

— Летась у Хашыміне адкрыта Генеральнае консульства Беларусі. Гэта яркае сведчанне таго, што наша краіна надае прыярытэтнае значэнне адносінам з В’етнамам. Беларусь заўсёды з павагай і цеплынёй ставілася да в’етнамскага народа, вядомага ідэйнай устойлівасцю і працавітасцю, старажытнай гісторыяй і багатымі культурнымі традыцыямі, — падкрэсліў Валерый Грамада. Ён адзначыў вялікі патэнцыял міжрэгіянальных абменаў Мінска і Хашыміна (у 2008 годзе гарады атрымалі статус пабрацімаў) у культурна-гуманітарнай сферы і выказаў упэўненасць, што культурныя абмены паміж дзвюма краінамі будуць спрыяць развіццю супрацоўніцтва, далейшаму ўмацаванню міжасобасных сувязей, добразычлівых адносін дзяржаў. 

Важнай падзеяй сталі перагаворы першага намесніка міністра культуры Беларусі Валерыя Грамады і намесніка міністра культуры, спорту і турызму В’етнама Та Куанг Донга — па выніках была падпісана Праграма супрацоўніцтва ў галіне культуры на 2023 — 2025 гады. 

Бакі дамовіліся развіваць і ўмацоўваць узаемадзеянне, спрыяць усталяванню прамога супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі, музеямі, тэатрамі, творчымі саюзамі, аб’яднаннямі і арганізацыямі, а таксама ўстановамі, якія займаюцца пытаннямі рэстаўрацыі, захавання і развіцця культурнай спадчыны абедзвюх краін. 

Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням падрыхтоўкі і правядзення Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам і Дзён культуры Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь. 

Сярод асноўных напрамкаў супрацоўніцтва — абмен выкладчыкамі, аспірантамі, студэнтамі, стажорамі, экспертамі, якія вывучаюць музычнае, тэатральнае, цыркавое, выяўленчае і народнае мастацтва, бібліятэчную і музейную справу, ахову і рэстаўрацыю помнікаў, для ўдзелу ў канферэнцыях, сімпозіумах і сустрэчах, што ладзяцца ў абедзвюх дзяржавах. 

Таксама бакі дамовіліся спрыяць усталяванню прамых сувязей паміж арганізацыямі кінематаграфіі, заахвочваць паказы фільмаў іншага боку на сваёй тэрыторыі і ўдзел у міжнародных кінафестывалях, якія праводзяцца ў Беларусі і В’етнаме.