Энергія. Бадзёрасць. Прыгажосць

Апублiкавана: 11 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Рэспубліканская спартакіяда работнікаў культуры па летніх відах спорту прайшла з 2 па 4 чэрвеня ў комплексе “Раўбічы”. 

На спаборніцтвы з’ехаліся 29 камандаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод удзельнікаў і прадстаўнікі галіновага міністэрства. Праграма ўключала турніры па васьмі відах спорту: пляжным валейболе, міні-футболе, летнім біятлоне, дартсе, фігурным ваджэнні веласіпеда, настольным тэнісе, гіравым спорце, а таксама па перацягванні каната. У кожным першынстве былі вызначаны пераможцы ў індывідуальным заліку як сярод мужчын, так і сярод жанчын. 

— Наша прафесія дыктуе свае ўмовы: праца 24 на 7. Разам з тым мы заўсёды знаходзім магчымасць пабыць на спартыўных пляцоўках, прасякнуцца спартыўным духам і атрымаць незабыўныя эмоцыі, — адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч падчас урачыстага адкрыцця XVI Рэспубліканскай спартакіяды работнікаў культуры па летніх відах спорту. — Мы сваім узорам даказваем, што энергія, бадзёрасць, прыгажосць у любым узросце — гэта рэальна і гэта класна. 

У агульнакамандным першынстве перамагла зборная Гомельскай вобласці, другое месца — у Белдзяржфілармоніі, трэцяе — у Мінскай вобласці. Заслужаныя медалі атрымала і каманда Мініс- тэрства культуры — за першае месца ў фігурным ваджэнні веласіпеда і другое ў летнім біятлоне. 

Эмоцыямі падзяліліся ўдзельнікі спартакіяды. 

Мікалай Разумейка, капітан каманды Гомельскай вобласці, кіраўнік фізічнага выхавання Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага: 

— Мы ўпершыню ў Раўбічах. Спартыўны комплекс цудоўны! Уся каманда пад уражаннем! Спаборніцтвы прайшлі на высокім узроўні, але нам яшчэ ёсць над чым працаваць. Напрыклад, мы не былі гатовыя да гульні на пясчанай валейбольнай пляцоўцы. Аднак гэта не зламіла баявы дух, прыстасаваліся — і занялі першае месца! Падобныя мерапрыемствы карысныя для прапаганды здаровага ладу жыцця, для таго, каб гэтымі прынцыпамі кіравалася кожная сям’я і кожны чалавек. Супрацоўнікі нашай сферы павінны не забываць, што поруч з музыкай, тэатрам ды іншымі відамі мастацтва ў адным шэрагу стаіць фізічная культура, бо ад яе залежыць здароўе ўсёй нацыі. 

Алена Мазан, чалец каманды Нацыянальнага гісторыка-культурнага музеязапаведніка “Нясвіж”: 

— Вяртаемся дадому толькі са станоўчымі эмоцыямі. Добрае ўражанне пакінула арганізацыя мерапрыемства, таксама яркімі эмоцыямі зарадзілі ўсе каманды. У спартакіядзе я ўдзельнічаю другі раз, у 2022 годзе заняла першае месца па фігурным ваджэнні веласіпеда. Хоць сёлета па агульных балах удалося ўзняцца толькі на другую прыступку п’едэстала, гэта не азмрочыла агульны настрой свята. Мы з камандай узялі ганаровае трэцяе месца ў перацягванні каната. Спартакіяда аб’ядноўвае не толькі калектыў установы, але і ўсю рэспубліку. Галоўнае не ўзнагароды, а згуртаванне работнікаў культуры, бо менавіта разам мы — сіла.