Паветраныя гімнасты Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка пра цырк, Гран-пры і мары

Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка – надзейныя партнёры на манежы, але і па-за ім артысты падтрымліваюць шчырыя стасункі. Мабыць, дзякуючы гэтаму гімнасты сталі уладальнікамі Гран-Пры XIII Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва «Рэха Азіі»? Пра свой поспех, лёсавызначальныя рашэнні і страхі артысты расказалі “К”.

Па шляху бацькі ці па воле лёсу?

Наталля Нарышкіна – дынастыйная артыстка цырка: яе бацька ўсё жыццё правёў на арэне, дзяўчынка доўгія гадзіны рэпетыцый бавіла разам з ім:

– Мой тата стаіць на зямлі больш трывала, чым я,  ён акрабат, – заўважае Наталля. – Хоць лёсам усё было наканавана, але я паспрабавала сябе ў розных відах спорту, можа толькі фехтаваннем і шахматамі не займалася. Але якія мае гады, усё яшчэ наперадзе  (смяецца). Вядома, гэта прынесла бясспрэчную карысць. Дзесяць гадоў, праведзеных у спартыўнай гімнастыцы, стварылі выдатную базу для росту цыркавога майстэрства.

Глеб таксама пачынаў са спорта:

– Займаўся паркурам, варкаўтам… У цырк патрапіў па волі лёсу, – распавядае гімнаст, – патрэбен быў спартсмен на турнікі, нейкі час выступаў на батутах, а потым прапанавалі паспрабаваць парнае «паветра». Вырашыў, чаму б не?

Наталля і Глеб адзначаюць, што ім вельмі пашанцавала з партнёрам. Хоць Наталля выступала “сола”, а Глеб наогул не ведаў, што такое парная гімнастыка, але даверыліся адзін аднаму.

– Усё залежыць ад чалавечага фактару: без узаемаразумення і даверу ні адна пара не зможа працаваць разам, – тлумачаць спартсмены. – Тут вы выступаеце не па асобнасці, а як адзінае цэлае. Ад абодвух залежыць не толькі вынік і ўражанні ад нумара, але і бяспека. Усе страхі пакідаеш за сцэнай – ты проста выконваеш сваю працу. Сварак за некалькі гадоў сумеснай дзейнасці бадай не было, калі і з'яўляюцца нейкія пытанні, то садзімся за стол і ўсё абмяркоўваем. Крыніца моцнага сяброўства – сумленная і адкрытая размова.

Вось і Ала Нікалаева-Аліева, галоўны рэжысёр Белдзяржцырка падкрэслівае:

– Рэдка сустрэнеш такое ўзаемаразуменне і сяброўства ў пары. Часцяком партнёры на сцэне паказваюць каханне, а за кулісамі не могуць і словам абмяняцца.

Перад выступам Наталля больш стрыманая, Глеб жа захоўвае пэўную лёгкасць. Але ў жыцці адбываецца ўсё наадварот. Мусіць, дзякуючы гэтаму і падтрымліваецца баланс паміж рабятамі?

Дваццаць два метры над узроўнем манежа

Як адзначаюць гімнасты, страх ёсць ва ўсіх, але нашы героі імкнуцца пра яго не думаць. З кожным новым нумарам Наталля і Глеб бяруць новую вышыню – у прамым і пераносным сэнсе. З трэніровачных двух метраў на арэне могуць узняцца да 22-х. З ростам прафесіяналізму мацнее жаданне паказаць свае ўменні і дасягненні на большай адлегласці ад манежа.

– Шчыра кажучы, прашу адключаць сафіты, каб не бачыць дыван, інакш, калі вісіш уніз галавой, разумееш, на якой вышыні знаходзішся, – дзеліцца сакрэтам Наталля.

– А мне часам сніцца вышыня, прачынаюсь з потнымі далонямі ў прадчуванні працоўнага дня, – прызнаецца Глеб.

Хвалюецца за артыстаў і галоўны рэжысёр.

 – Я ім кажу, што галоўнае – здароўе, але часцяком яны не слухаюць і не ацэньваюць пэўных рызык.

– Мы працуем выключна без страхоўкі, – распавядаюць адважныя гімнасты, – па-першае, абсалютна давяраеш партнёру і робіш сваю працу, ды і некаторыя элементы ў цэлым невыканальныя са страхоўкай. А траўму можна атрымаць і “на зямлі”, пры выкананні, здавалася б, самага лёгкага практыкавання або проста ў побыце.

– Вядома, здараюцца небяспечныя сітуацыі, – працягвае Глеб, – але прыкладаем усе намаганні, каб пазбегнуць недарэчнасці і ўратаваць адзін аднаго.

Наталля адзначае, што падчас выступу бывае ўсялякае: рэзкі гук, да якога ты не гатовы, плач, крык прымушаюць уздрыгваць.

– Таму што не ведаеш, што адбываецца на долю секунды, азіраешся і разумееш, што гэта быў, напрыклад, трэснуты шарык. Тузаешся, вядома, але супакойваешся і працягваеш працаваць, – тлумачыць артыстка.

– Мы ў першую чаргу працуем для гледача, а не для журы, – падкрэсліваюць Наталля і Глеб. – Думку пра спаборніцтвы адпускаеш і мусіш толькі прынесці радасць публіцы.

Часам ідэі для нумароў прыходзяць у транспарце, тады, паводле слоў Наталлі, важна своечасова іх запісваць.

– Дзякуем нашаму рэжысёру, якая слухае, дапамагае, часам падштурхоўвае, – расказвае гімнастка. – Акрамя асноўнай праграмы заўсёды распрацоўваем элементы з разлікам іх далейшага выкарыстання. Ды і велізарны досвед бацькі, і тая база, якую я атрымала на яго трэніроўках, даюць падставу для стварэння новых праграм.

Акрамя асноўнага рэпетыцыйнага працэсу, адпрацоўкі нумара на арэне, артысты займаюцца ў трэнажорнай зале.

– Там часам даводзіцца сябе прымушаць, – усміхаюцца Наталля і Глеб, – з выступленчай часткай усё інакш, варта толькі дакрануцца да абруча, і ўся стомленасць як рукой здымаецца. Ды і як ні круці, у цырку працуюць творчыя людзі, нас прымушаць нельга.

– Шчыра скажу, мой працоўны дзень не можа пачацца без кавы і фінікаў, – смяецца Наталля. – Пэўная перавага цыркавой гімнастыкі – адсутнасць строгіх дыет.

Першы фестываль - і адразу перамога

Рашэнне паехаць на XIII Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва «Рэха Азіі» прыйшло да артыстаў спантанна: ад прапановы да выезду ў аэрапорт прайшоў літаральна дзень.

– Казахстан сустрэў нас вельмі цёпла, – расказваюць Наталля і Глеб, – праўда не паспелі разгледзець прыгажосці краіны. Конкурсны тыдзень праляцеў у момант. Здавалася, толькі трэніраваліся, рыхтаваліся да выступу – і вось ужо трымаем узнагароду ў руках.

Галоўны рэжысёр распавядае пра падрыхтоўку больш грунтоўна:

– Ад ідэі да выніковага нумара прайшло каля паўгода. Зоркі сышліся: і музыку выбралі адразу ж, што адбываецца вельмі рэдка, і харэаграфію, і вобраз... Вядома, у нумар уносілі праўкі, змянялі, ускладнялі, але вынік таго каштаваў. Лірычная мелодыя дапамагла паглыбіць гледачоў у рамантычную атмасферу. Лёгкасць у музыцы, рухах, харэаграфіі – усё гэта стварыла гармонію нумара. Але пры гэтым нельга адмаўляць ягоную тэхнічную складанасць.

Наталля і Глеб дзеляцца ўражаннямі ад фестываля:

– Сярод удзельнікаў панавала сяброўская атмасфера, не было канкурэнцыі ці зайздрасці. У адрозненні ад спартыўных конкурсаў тут, у Нур-Султане, адчувалася ўзаемная падтрымка і дапамога. Нават моўны бар'ер не стаў перашкодай для зносін, усё ж жэсты – універсальны спосаб камунікацыі. На фестывалі перамога не была першамэтай. Усе хацелі паказаць сябе, свае ўменні, прафесіяналізм, годна прадставіць родную краіну і нацыянальны цырк…

Ала Нікалаева-Аліева дадае:

– Шчыра скажу, калі ў мяне пыталіся, ці хвалююся я за рабят, смела адказвала «не». Яны былі поўнасцю гатовы і прадстаўлялі не проста конкурсны нумар “Паветраныя гімнасты ў кольцы”, а дастойнае шоу для гледачоў.

Для нашых герояў фестываль "Рэха Азіі" стаў першым цыркавым конкурсам – і адразу пераможным. "Вядома, Гран-Пры такога маштабу – вышэйшая ўзнагарода нашых намаганняў, – адзначае Наталля, – але зараз нельга паніжаць планку, людзі ўжо чакаюць пэўнага ўзроўню".

– Планаў вельмі шмат, якія з іх здзейсняцца? – Глеб не загадвае. – Вядома, хацелася б паказаць сваю творчасць усяму свету, паездзіць з гастролямі, але як усё будзе – жыццё пакажа. У планах – італьянскі фестываль, яго арганізатары запрасілі нас яшчэ ў Казахстане.

У адзін голас гімнасты кажуць, што самае прыемнае ў іх працы – гэта гледачы.

– Дарагога варта – чуць апладысменты, асабістую падзяку пасля выступу, – адзначае Наталля. – Калі бачыш, як публіка ўстае і апладзіруе табе і ўсім артыстам на манежы – гэта лепшая пахвала. Але часам крыўдна, што фігурыстам ці спартсменам пасля выступаў дораць кветкі, а цыркавых артыстаў абыходзяць бокам. Трэба аднаўляць гэтую традыцыю.

– Можа прадаваць букеты каля цырка? – жартуе Глеб.

Па словах галоўнага рэжысёра, у новым сезоне нумар "Паветраныя гімнасты ў кольцы" ўжо не будзе паўтарацца. Але ніхто не сцвярджае, што яго не вярнуць праз нейкі час, калі глядач крыху засумуе.

Уладзімір Шабан, дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка, член журы Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва "Рэха Азіі":

– У гэтым годзе арганізатары рабілі ўпор на паветраныя нумары. Пры выбары ўдзельнікаў ад нашага цырка ні хвіліны не сумняваліся, што Наталля і Глеб змогуць годна прадставіць нашу краіну. Узровень падрыхтоўкі, тэхнічная частка – усё было на годным узроўні. На гала-канцэрце рабят чакаў трыўмф. Падчас выступу была трунная цішыня, быццам глядач баяўся перашкодзіць, умяшацца ў нумар, але з апошнім акордам мелодыі – зала ўзарвалася і стоячы апладзіравала.

Ацэньваліся два крытэрыі: мастацка-пастановачная частка і тэхнічная. Як член журы, магу сказаць, што Наталля і Глеб перамаглі з адрывам у 5 балаў ад наступнага ўдзельніка і пакінулі вельмі яркія ўражанні.

Ульяна КАСЦЮНIНА