Генрых Семірадскі, або Час перапісаць гісторыю

23 жніўня споўнілася 120 год, як адыйшоў у вечнасць сусветнавядомы мастак Генрых Семірадскі. Імя яго даўно заняло пачэснае месца ў пантэоне буйнейшых мастакоў ХІХ стагоддзя, такіх вядомых прадстаўнікоў поздняга акадэмізма як Фёдар Бруні, Карл Брулоў, Шарль Глейр, Аляксандр Іваноў, Ян Матэйка і інш. Сваім яго лічаць у Расіі, Польшчы і в Украіне, дзе ён нарадзіўся. Пэўна, маглі б яго лічыць сваім і ў Італіі, дзе Семірадскі пражыў другую палову жыцця і стварыў большую частку сваіх самых вядомых прац. Прызнаем, кожная з пералічаных краін мае на яго сваё права. А вось ці можам мы назваць яго сваім, давайце, шаноўныя чытачы, вырашым разам.

З біяграфіі мастака

Як вынікае са знойдзенай намі метрыкі хросту Генрыха-Гектара, прыйшоў ён на свет 12 (24) кастрычніка 1843 года ў сяле Нова-Белгарад (сучасная назва Печанегі) Харкаўскай губерніі. З нейкай прычыны, хрост першынца, сына ротмістра ўланскага палка Іпаліта Семірадскага і Міхаліны Прушынскай адбыўся толькі 5 (17) красавіка 1844 года (!). Хросным Генрыха сталі генерал-маёр таго самага палка Гектар Прушынскі (дзядзька Міхаліны і слуцкі абшарнік) і Тарэза Лапцева, жонка ротмістра. Менавіта тым, што полк Семірадскага быў расквартараваны ў Нова-Белгарадзе, а не каля Пінска ці Мінска, тлумачыцца, чаму Генрых, сын наваградчаніна і мінчанкі нарадзіўся на Харкаўшчыне. Дарэчы, не быў Семірадскі лекарам ( або, ветэрынарам) у тым палку, а быў прафесійным вайскоўцам. У службу ўступіў у 1824 годзе карнэтам гусарскага палка, потым камандаваў драгунскім палком, а ў  адстаўку выйшаў у чыне генерал-маёра. 

У 1846 годзе ў Іпаліта і Міхаліны нарадзіўся другі сын Станіслаў-Гектар. Яго хросным стаў сябра сям’і Семірадскіх, былы філамат, прафесар права Харкаўскага ўніверсітэта Аляксандр Міцкевіч, малодшы брат Адама Міцкевіча. А жонка Аляксандра Міцкевіча, карэнная наваградчанка Тарэза Тэраевіч, стала ў 1854 годзе хроснай маці трэцяга сына Семірадскіх Міхала-Габрыэля. Да Наваградчыны, якая нібы не адпускала Семірадскіх мы яшчэ вернемся, а пакуль распавядзем, як склаўся лёс мастака.

З Харкава ў Пецярбург. З Пецярбургу ў Рым

Пасля непрацяглай хатняй адукацыя, якая паказала, што Генрых мае прыродную схільнасць да малявання, бацькі адпраўляюць яго вучыцца ў харкаўскую гімназію. Выкладчыкам малюнку ў гімназіі быў Дзмітрый Бязперчы, вучань славутага Карла Брулова, які адразу ўбачыў задаткі Семірадскага і ўзяў над ім шэфства. Бязперчы працягваў займацца з былым вучнем і пад час вучобы таго ў Харкаўскім універсітэце (1860-1864). Фактычна свайму першаму настаўніку Семірадскі быў абавязаны абраным  накірункам ў мастацтве. Скончыўшы ўніверсітэт са ступенню кандыдата  фізіка-матэматычных навук (Семірадскі абараніў дысертацыю “Аб інстынктах у насякомых”), новаспечаны натураліст , насуперак волі бацькі, адпраўляецца вучыцца ў Пецярбургскую імператарскую акадэмію мастацтваў. Па дарозе ён на месяц спыніўся ў Маскве, дзе дзяліў час паміж тэатрам і музеямі. А ў кастрычніку 1864-га быў прыняты ў акадэмію вольным слухачом, бо меў ужо 20 год і таму не мог быць залічаны звычайным вучнем. Але ў 1866 годзе пад ціскам яго поспехаў кіраўніцтва акадэміі залічыла Герныха звычайным вучнем, што давала права на розные важныя прывілегіі ад акадэміі. Далей былі гады адданай вучобы, некалькі срэбных, а потым і залатых медалёў, грашовыя прэміі. У час вучобы Семірадскі паспеў трошкі пасябраваць і радыкальна разыйсціся ў поглядах са студэнтам Ільёй Рэпіным, які пазней стаў адным з выдатных рускіх мастакоў. У 1870 годзе за карціну “Давер Аляксандра Македонскага лекару Філіпу” (сёння знаходзіцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь), Семірадскі атрымлівае вялікі залаты медаль, званне – “классный художник  І степени” і права шэсць гадоў вандраваць па замежжы за казённы кошт. На гэты ж залаты медаль прэтэндаваў і Рэпін, але праіграўшы Семірадскаму, спаліў сваю карціну. 

Трэба згадаць, што пад час вучобы ён пазнаёміўся  з ураджэнцам Вільні вядомым у будучыні скульптарам Маркам Антакольскім (першым настаўнікам якога быў наваградчанін Рафал Сізень). З абмеркавання творчасці Антакольскага паміж Семірадскім (крытыкаваў) і вядомым крытыкам Уладзімірам Стасавым (бараніў) і пачалася “непрыязнь” паміж аўтарытэтным крытыкам (і падтрымаўшым яго Рэпіным) і Семірадскім. Але, карціну “Давер Аляксандра Македонскага доктару Філіпу” Стасаў на выставе заўважыў, дэталёва разабраў, і, сярод іншага, заявіў, што “господин Семирадский не принадлежит толпе”. 

Ці быў Семірадскі асабіста знаёмы з іншым вядомым мастаком Апалінарам Гараўскім, мы не ведаем, але пра адну з яго карцін Семірадскі пісаў сваім бацькам с захапленнем, прычым называў таго “нашым земляком” (дарэчы, Гараўскі паходзіў з Міншчыны, з Ігуменскага павета, маёнтак Убаркі). У 1871 годзе Семірадскі трапляе у Мюнхен, а ў наступным годзе выстаўляе ў акадэміі карціну “Рымская оргія бліскучых часоў цэзарызма”. “Оргія” была набыта акадэміяй за 2000 рублёў і перапрададзена  вялікаму князю Аляксандру Аляксандравічу, будучаму імператару Аляксандру ІІ. Наступны, 1872 год, стаў лёсавызначальным у жыцці Семірадскага. Ён трапляе у Рым і вырашае застацца ў ім назаўжды. Тут ім была створана карціна “Хрыстос і грэшніца”, якая так уразіла пецярбургскіх куратараў мастака, што ён атрымаў званне акадэміка. Далей з пад пэндзля мастака, адна за адной выйшлі такія вядомыя працы, як “Ганіцелі хрысціянаў каля ўвахода ў катакомбы”,  фрэскі ў маскоўскім храме Хрыста Збавіцеля,  “Элегія”, “Цяжкі выбар”, “Продаж амулетаў” і “Рымскі жабрак”. Завершыў Семірадскі свой тэрмін замежнай камандыроўкі бліскуча. Карціна “Светачы хрысціянства, або Жывыя паходні Нерона” спярша выклікала захапленне ў Пецярбургу, а ў 1878 годзе — на сусветнай парыжскай выставе. За яе мастак атрымаў званне прафесара,а французскі ўрад узнагародзіў яго ордэнам Ганаровага легіёна. Атрымаў Семірадскі дыпломы ад Берлінскай, Стакгольмскай, Рымскай акадэмій, якія прызналі яго сваім сябрам. Фларэнтыйская ж акадэмія накіравала мастака просьбу даслаць аўтапартрэт для гістарычнай галерэі патрэтаў знакамітых мастакоў. Карціна “Паходні Нерона” была падаравана мастаком Кракаву, з яе і пачаўся Нацыянальны музей у Сукеніцах. Дарэчы, Дзяржаўны Рускі музей таксама абавязаны сваім заснаваннем нашаму земляку Семірадскаму. Аб чым будзе далей. У перыяд 1880-1898-ых гадоў Генрых Семірадскі стварыў вялікую колькасць прац на ўлюбёную ім тэму антычнай і рэлігійнай гісторыі і атрымаў нямала ганаровых тытулаў.  Памёр ён у маёнтку пад Варшавай, куды яго цяжка хворага на рак языка, у 1901 годзе перавезлі сваякі. 23 жніўня 1902 года Генрых Семірадскі адышоў у лепшы свет. Пахавалі яго побач з бацькамі, на варшаўскіх Павонзках. Але праз год труну перанеслі у Кракаў, дзе ў крыпце касцёла св. Станіслава, сярод такіх выдатных творцаў і сваіх сяброў як мастак чэх Ян Матэйка, пісьменнік, беларус з Пружаншчыны Юзаф Крашэўскі ён спачывае  і па сёння. 

Пэўна, варта яшчэ дадаць, што Семірадскі падтрымліваў адносіны з вядомымі ў Беларусі асобамі -- мастаком-графікам Міхалам Андрыёлі, навукоўцам-геолагам Ігнатам Дамейкам і мастаком Генрыхам Вейсенгофам, які дзякуючы Семірадскаму паступіў у 1880 годзе ў Імператарскую акадэмію мастацтваў.

Семірадскія герба “Траска”

У літаратуры, прысвечанай Семірадскаму, даўно бытуе сцвярджэнне, што род Семірадскіх “паходзіць з польскай вёскі Семірадзь, што ў Сандамірскай зямлі” (паміж Кракавам і Люблінам). Быццам бы лагічна – Семірадзь-Семірадскі. Нібыта нейкі продак Генрыха перабраўся напрыканцы XVII стагоддзя з Польшчы ў  Літву, на Наваградчыну. Але ці так гэта? 

Пэўна, трэба пачаць з таго, што, даводзячы сваё шляхецтва ў ХІХ стагоддзі, нашы Семірадскія з Мінскай губерніі сцвярджалі: іх продак перабраўся ў ВКЛ з Падолля (Украіна). І прозвішча яго тады гучала не Семірадскі, а Сяміградскі. Падолле, дарэчы, мяжуе з Трансільваніяй (часткай паўночнай Румыніі), адкуль паходзілі граф Дракула і кароль Стафан Баторы. У ранейшыя часы, нашы продкі называлі Трансільванію Сяміграддзем. Звестак пра нейкага мігранта Сяміградскага, паплечніка караля, пакуль не адшукалася. Але Сяміградскія ў 1602 годзе ўжо былі ў ВКЛ не апошнімі людзьмі. Захаваліся звесткі ад 1602 года пра лідскага стольніка Матэвуша Сяміградскага. У 1611 годзе згадваецца лідскі стольнік Мацей Сяміградскі (пэўна, адна і тая асоба). Значна больш звестак пра Самуэля Сяміградскага-Рамашкевіча, які быў харужым у харугве троцкага ваяводы Марціна Агінскага. Гэты ваяр, земянін мінскага ваяводства у 1674 годзе набыў за 650 коп літоўскіх грошаў маёнтак Люцін (блізу Люцінкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча). Меў ён двух сыноў, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Наш Генрых з’яўляецца нашчадкам Гераніма (жонка з роду Данейкаў). Ян, сын Гераніма ажаніўся на прадстаўніцы старога берасцейскага роду Курчаў, яго сын Міхал на Керсноўскай. Наваградскіх Керсноўскіх згадвае ў сваіх успамінах Францішак, брат Адама Міцкевіча. Бо з імі ўскосна звязана гісторыя знакамітай бойкі ў маі 1811 года навагрудскіх шкаляроў з жаўнерамі расійскага драгунскага палка, у выніку якой Францішка адлічылі са школы. А галоўнага віноўцу канфлікта, нейкага “паручніка маларасіяніна Сяміградскага”, звольнілі са службы (відаць за тое, што быў пабіты школьнікам).  

Сын Міхала Элеўтэрый (дзед мастака) ажаніўся на Розе Есьман, якая, хвілінка ўвагі, з’яўлялася пляменніцай славутага наваградца Тадэвуша Рэйтана! Дарэчы, яе бацькі парнаўскі войскі Юзаф Есьман і Канстанцыя Рэйтан, бралі шлюб у Грушаўцы. У 1812 годзе Роза Семірадская ледзь не давяла сваю сям’ю да галечы. Бо пад час побыту ў Ярошыцах высокіх афіцэраў французкага войска яна наладзіла ім такі шыкоўны прыём (усё на стол), што яе муж, у 1826 годзе адпісваючы нашчадкам ў сваім тастаменце сціплую нерухомасць, згадаў жонку, якая вельмі моцна падарвала дабрабыт сям’і.  Згадаем, што ведаў Элеўтэрый мастака Яна Рустэма, бо быў асістэнтам на хросце дачкі Рустэмаў. Пахавалі Элеўтэрыя на могілках у вёсцы Валеўка. Побач з ёй быў славуты маёнтак Чомбраў, які некаторы час у XVIII стагоддзі належыў Семірадскім, а потым стаў уласнасцю Узлоўскіх. Пры Узлоўскіх аканомам маёнтка быў дзед Адама Міцкевіча -- Мацей Маеўскі, а яго дачка Барбара сябравала з гаспадыняй маёнтка Анэляй Узлоўскай. Яна ў 1799 годзе стала хроснай малога Адася (Адама Міцкевіча). Уласна з Семірадскім, толькі Францішкам, звязана крымінальная гісторыя наезда 1821 года, якую Міцкевіч ўвёў у паэму “Пан Тадэвуш”. Застаецца толькі дадаць, што ў судовых дакументах Наваградскага ваяводства ВКЛ, першапачатковы варыянт напісання прозвішча “Сяміградскія”саступіў месца “Семірадскім” недзе ў 1740-х гадах.  

Прашынскія-Прушынскія  гербу “Любіч”

Адна з першых згадак гэтага роду Вялікага Княства Літоўскага  паходзіць з “Попіса войска ВКЛ” і датуецца 1528 годам. Датычыцца яна нейкага земяніна Мікуты Прашэнскага, які жыў у сяле “Старая Прошанка” і разам з суседзямі Казубовічамі, Кічановічамі, Пятровічамі, Кашэвічамі і іншымі, прадстаўляў у вялікалітоўскім войску “Бельскую зямлю Подляскага ваяводства”. Дарэчы, у Падляшшы, за ўваход якога ў склад ВКЛ доўгі час змагаліся князі Гедымін і Вітаўт і якое каланізавалася збольшага выхадцамі з ВКЛ (бо было спрэчнай зямлёй), карані продкаў Станіслава Манюшкі (каля Беластока), а таксама маці Адама Міцкевіча Арэшкаў (каля Брэста) і маці Ігната Дамейкі Анцутаў (таксама каля Брэста). Па Люблінскай уніі (1569) Падляшша і Украіна былі фактычна анексаваны ў ВКЛ Польшчай. Пазней, некаторыя Манюшкі, Арэшкі і Анцуты перабраліся на беларускія землі  і з цягам часу дасягнулі значна большых поспехаў, чым іх сваякі, якія засталіся пад Польшчай. Тое самае датычыцца і Прашынскіх. 

У 1652 годзе, Андрэй Прашынскі набывае маёнткі на Міншчыне. Але першым дакладна вядомым продкам маці Генрыха Семірадскага Міхаліны Прашынскай (на той час прозвішча ўжо трансфармавалася ў Прушынскія), з’яўляецца Геранім, аршанскі гараднічы. Сын яго Юры, мінскі крайчы і падкаморы, у 1730 гадах валодаў Лошыцай і Трасцянцом (на тэрыторыі яго ў часы ІІ Сусветнай вайны быў створаны буйнейшы на акупаваных немцамі землях СССР канцлагер). Ажаніўся Юры Прашынскі на Тэклі Ратамскай. Была яна роднай цёткай і апякункай таксама Тэклі Ратамскай (маці Тадэвуша Касцюшкі). Сын Юрыя Юзаф (жонка Брыгіда Янішэўская), акрамя згаданых маёнткаў, быў уласнікам Новага Двара, Каралішчавічаў, а таксама іншых маёнткаў у Ваўкавыскім, Ашмянскім і Наваградскім паветах.  Меў нямала дзяцей, але нас цікавіць толькі Станіслаў, жонкай якога стала Ганна Камароўская. Бо, менавіта іх сын Міхал, у шлюбе з Тэкляй, дачкой Аляксандра Валанскага (шлюб бралі ў 1802 годзе ў Вільні), нарадзіў у Каралішчавічах Міхаліну, маці мастака. 

Ганна, другая дачка Станіслава Прушынскага, пайшла замуж за маршалка шляхты Барысаўскага павета Юзафа Цюндзявіцкага (род з Віленшчыны, але ў ХІХ стагоддзі атабарыўся на Барысаўшчыне, у Кішчынай Слабадзе і Вільянава). Шлюб яны бралі ў заслаўскім касцёле, бо Міхал з сям’ёй  перабраўся ў Заслаў’е, якое набыў у Праздзецкіх. Ганна Цюндзявіцкая з’яўляецца аўтарам падручніка па хатняй гаспадарцы “Гаспадыні літоўскай”, які ў ХІХ стагоддзі стаў бестселерам. 

Сястра Ганны – Алена стала жонкай Ігната Манюшкі (дзядзька нашага славутага кампазітара Станіслава Манюшкі, 150-я ўгодкі якога мы адзначылі 4 чэрвеня). Брат Ганны Мечыслаў і яго жонка Вінгельміна Слатвінская – гэта бацькі жонкі Генрыха Семірадскага, Марыі. У 1873 годзе Генрых прыехаў Каралішчавічы і закахаўся у сваю дваюрадную сястру. У тым самым годзе, з дазволу Папа рымскага адбыўся іх шлюб. 

 Міхал Прушынскі памёр у 1835 годзе і быў пахаваны ў Заслаў’і на каталіцкіх могілках, а яго жонка, цешча мастака, памерла ў 1826 годзе ў Новым Двары.  

Сярод сваякоў Генрыха Семірадскага (праз Прушынскіх) знаходзіцца і славуты архівіст, вялікі знаўца і папулярызатар гісторыі мастацтва ВКЛ  Яўзебі Лапацінскі, чый палацык у Лявонпалі шмат год чакае ды  ніяк не дачакаецца інвестара (гл. “К”,  №№ 4-7,9, 2021).

Сёння ў Каралішчавічах (некалькі кіламетраў на поўдзень ад Мінска), памятак пра Прушынскіх амаль ніякіх не засталося. Хіба што касцёл на пагорку, які патрапіў на малюнак Семірадскага ў 1873 годзе, руіны стайні і падмуркі сядзібы, якую мы беззваротна страцілі адносна нядаўна. Драўляная сядзіба Прушынскіх, пераўтвораная ў камуналку, згарэла ў 1989 годзе.

Cляды мастацкай спадчыны Семірадскага на беларускіх землях

Вольна (Баранавіцкі раён). Тут ў сядзібе Рафала Слізеня, скульптара і архітэктара, першага настаўніка славутага скульптара Марка Антакольскага, апекуна Яна Чачота і Тамаша Зана, захоўвалася праца  Генрыха Семірадскага “Паходні Нярона” (1876). Магчыма, у дадзеным выпадку, вядзецца гаворка пра копію карціны, бо лёс арыгінала вядомы. Арыгінал быў буйных памераў (385х704 сантыметраў), і для яго годнага экспанавання патрэбна была адпаведная прастора. 

Гнезна (Ваўкавыскі раён). Згодна з інфармацыяй, пададзенай Раманам Афтаназіем, гаспадары сядзібы Тарасовічы валодалі адным невялічкім неідэнтыфікаваным творам Семірадскага. На ім былі намаляваны руіны Рыма, на тле якіх, спінай да гледача, стаяла жаночая фігура. 

Красны Бераг (Жлобінскі раён). Той жа даследчык згадваў, што у гэтай сядзібе Гатоўскіх і Козел-Паклеўскіх былі нейкія карціны Генрыха Семірадскага і Івана Айвазоўскага. 

Вялікія Навасёлкі (Дзяржынскі раён). У захаваўшымся сёння палацы, які ў другой палове ХІХ стагоддзя перайшоў ад Кастравіцкіх да Здзяхоўскіх, былі працы Генрыха Семірадскага, Францішка Смуглевіча і інш. вядомых мастакоў. Дарэчы, зусім побач з палацам, на вясковых могілках спачывае славуты беларускі дзеяч, паэт, мастак, скульптар Карусь Каганец (сапр. Казімір Кастравіцкі, пам.1918).

Масаляны (Бераставіцкі раён). У гэтай сядзібе, якая належала Біспінгам, як паведамляў Афтаназій, захоўвалася карціна Генрыха Семірадскага, якая мела тытул “Смерць Лігіі”. Гэта быў першы варыянт карціны, намаляваны Семірадскім на замову гаспадара маёнтка. Пазней другі варыянт карціны атрымаў іншы назоў — “Хрысціянская Дырцэя ў цырку Нерона” (1897), пад якім яна і ўвайшла ў гісторыю. Прычым адразу і з трыўмфам, і са скандалам. На міжнароднай мастацкай выставе ў Вене натоўп віраваў толькі каля дзвюх карцін – гэтай і “Двубой” (іншы назоў “Прабачце!”) Іллі Рэпіна. Скандал жа справакавалі сцвярджэнні пісьменніка Генрыха Сянкевіча, сябры Семірадскага, што той “узяў” тэму для свайго твора з рамана “Quo Vadis” (друкаваўся ў 1895-1896). Але Семірадскі голасна сцвярджаў, што меў іншую крыніцу натхнення. І да таго ж, нібыта тэму пачаў распрацоўваць значна раней за Сянкевіча (прыкладам, тая ж карціна “Паходні Нярона”). Дарэчы, калі Семірадскі дзесяцігоддзямі эксплуатаваў тэму старажытнай гісторыі, то Сянкевічу заўсёды была бліжэй да сэрца гісторыя Рэчы Паспалітай. Таму невядома яшчэ, хто ў каго мог падхапіць ідэю.

Гародня (Аршанскі раён). Гэты маёнтак належаў сваякам Семірадскага -- Васілеўскім і Цюндзявіцкім. Як пісаў Афтаназій, Семірадскі бываў тут шмат разоў пасля 1863 года. Таму і размаляваў  фрэскамі ледзь не ўсе пакойчыкі сядзібы. Былі яны ў салоне для гульняў, які пэдзлем мастака пераўтварыўся ў альтанку. Сталовую Семірадскі ўпрыгожыў намаляванымі галінкамі клёну, дуба і ясеня, на якіх сядзелі птушкі розных відаў. Бібліятэку ён размаляваў палявымі кветкамі, галінкамі язміну і пчоламі, якія былі заняты зборам ураджаю, або ляцелі кудысьці, па сваіх пчаліных справах. У кабінеце на столі быў намаляваны вялізарны арол, а ў перадпакойчыку, таксама на столі, мастак-пачаткоўца адлюстраваў сокала. На вялікі жаль, драўляная сядзіба Васілеўскіх не ацалела (разам з ёй пайшлі ў нябыт першыя фрэскі мастака). А магла б быць у наш час -- улічваючы сённяшнюю папулярнасць Семірадскага па-за межамі нашай краіны -- адным з турыстычных “хітоў” Аршаншчыны.

Згадваецца  адна праца і ў Ракішках (Летува), якія належалі Тызенгаўзам, Ваньковічам і Праздзецкім (ад якіх Заслаў’е перайшло Міхалу Прушынскаму, дзеду Семірадскага з боку маці). 

Каралішчавічы (Мінскі раён). Гэты маёнтак, належаў роду Прушынскіх (з якіх паходзіла маці і жонка Семірадскага) цягам некалькіх стагоддзяў. У 1873 годзе з-пад яго пэндзля выйшла алейная праца “Пейзаж над Свіслаччу” (на якім, як лічаць беларускія краязнаўцы, адлюстраваны Каралішчавічы). Тады ж у альбоме з’явіўся накід алоўкам вёскі Каралішчавічы. Пазней, у 1887 годзе, мастак намаляваў у Каралішчавічах два партрэты, якія памылкова лічацца партрэтамі яго бацькоў. Бо бацька мастака памёр у 1879 годзе. Па ўсёй верагоднасці, на партрэтах мы бачым бацькоў жонкі мастака  Мечыслава Прушынскага і Вінгельміну Слатвінскую.

Раванічы (Ігуменскі раён). На тое, што Генрых Семірадскі бываў у маёнтку Слатвінскіх, ад якога да колішніх маёнткаў Манюшкаў (сваякі Прушынскіх) – Убель, Шыпяны, Алесіна і Радкоўшчына (месца апошняга спачыну бацькоў нашага славутага кампазітара Станіслава Манюшкі) рукой падаць. Сярод накідаў Семірадскага ёсць выява мастка ў Раванічах, намаляваная ім у 1873 годзе.

 Крайне сумніўна, што гэта ўсё, што было створана мастаком на беларускіх землях. Але дзе шукаць іншыя “памяткі”? У Італіі? У Польшчы? У Расіі? Вельмі спадзяемся, што наша публікацыя падахвоціць беларускіх мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў і экскурсаводаў больш пільна глянуць на асобу і спадчыну мастака. І хто ведае, якія яшчэ адкрыцці нас чакаюць наперадзе.

Нагадаем, што сёння ў Беларусі ёсць толькі дзве карціны Семірадскага. “Давер Аляксандра Македонскага лекару Філіпу” (1870) выстаўляецца ў сталічным Дзяржаўным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Другая ж, невялічкая па памерах,  сёння вядомая пад назовам  “Біблейскі сюжэт”, знаходзіцца  ў Пінскім музеі Беларускага Палесся. Яна выстаўлена ў зале рускага жывапісу канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Як паведамілі нам супрацоўнікі ўстановы, у 1962 годзе карціна была перададзена з Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.  

Зміцер Юркевіч